АДКА́ЗЧЫК,

бок цывільнай справы ў судзе або спрэчкі ў гасп. судзе, якому прад’яўлена патрабаванне істца. Паводле бел. права адказчыкам можа быць грамадзянін, а таксама прадпрыемства, арг-цыя, установа, якія з’яўляюцца юрыд. асобамі; у гасп. судзе адказчыкам — толькі юрыд. асобы. Становішча адказчыка ў судзе, яго працэсуальныя правы і абавязкі прадугледжаны цывільным і гасп. працэсуальным заканадаўствамі. У крымін. працэсе магчымы ўдзел адказчыка, калі ён нясе матэрыяльную адказнасць за шкоду, прычыненую абвінавачаным.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ

(лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага),

і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)