Атамы аддачы, гл. Гарачыя атамы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМА-РЭЗАНА́НСНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
мёсбаўэраўская спектраскапія, метад рэзананснага паглынання гама-квантаў без аддачы. Заснавана на Мёсбаўэра эфекце. Дазваляе праводзіць вымярэнні энергіі з дакладнасцю да натуральнай шырыні гама-лініі. Выкарыстоўваецца для вывучэння звыштонкага расшчаплення ядз. узроўняў, ацэньвання радыуса ўзбуджаных ядраў, дыфузіі атамаў, дынамічных з’яў пры фазавых пераходах, спінавай рэлаксацыі і інш.
т. 5, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні і ахове нетраў, рэгламентуюць правілы вядзення горных работ. У Рэспубліцы Беларусь горнае заканадаўства грунтуецца на выключнай дзярж. уласнасці на нетры. Асн. крыніцамі горнага заканадаўства з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, якія замацоўваюць правы дзяржавы як уласніка нетраў і вырашаюць парадак аддачы нетраў у карыстанне. Нормы горнага заканадаўства і выдадзеныя на іх падставе падзаконныя нарматыўныя акты размяркоўваюць кампетэнцыю ў галіне рэгулявання горных адносін паміж суб’ектамі карыстання, вырашэння спрэчак па пытаннях карыстання нетрамі. Значная ч. нормаў горнага заканадаўства прысвечана пытанням геал. вывучэння нетраў, здабычы карысных выкапняў, правам і абавязкам карыстальнікаў, умовам аддачы нетраў у карыстанне шляхам горнага адводу і іх адабрання, ажыццяўлення горнага нагляду і геал. кантроль, юрыд. адказнасці за парушэнне правіл нетракарыстання.
С.У.Скаруліс.
т. 5, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
А.Л.Халмецкі.
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎЦА,
службовая асоба ў ВКЛ, кіраўнік, часовы ўладальнік дзярж. маёнтка — дзяржавы. Да 16 ст. называўся намеснікам або цівуном. Прызначаўся вял. князем з шляхты, звычайна пажыццёва. Выконваў гасп., адм.-судовыя функцыі, збіраў падаткі, наглядаў за станам і рамонтам гасп. пабудоў, ваен. умацаванняў, адказваў за забеспячэнне гаспадаркі рабочай сілай. Судзіў велікакняжацкіх сялян, мяшчан, якія не падлягалі магдэбургскаму праву, шляхту (да 1564). З 16 ст. пашырылася практыка аддачы дзяржавы Дз. «ў заставу» за пэўную суму грошай.
т. 6, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФЕ́Т (ням. Lafette, ад франц. Jaffût),
частка артыл. гарматы, на якой мацуецца ствол. Прызначаны для надання ствалу верт. і гарыз. вуглоў (пры дапамозе механізмаў наводкі), паглынанні энергіі аддачы пры выстрале, а таксама для перамяшчэння гарматы. Л. бываюць рухомыя (на калёсным або гусенічным ходзе), паўстацыянарныя (на рухомай аснове ў танк., самаходных, карабельных, авіяц. і інш. гарматах) і стацыянарныя (на нерухомай аснове ў берагавых, казематных і інш. гарматах). На Л. устанаўліваюць труну пры пахаванні заслужаных военачальнікаў, як від ушанавання.
т. 9, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУ́ЗАР,
1) частка канала (трубы), у якой запавольваецца рух і павышаецца ціск газу або вадкасці. Есць у аэрадынамічных трубах, паветрана-рэактыўных рухавіках, некаторых відах кампрэсараў, помпаў і інш. 2) Прыстасаванне да фотаапарата або фотапавелічальніка, прызначанае для «змякчэння» (паніжэння рэзкасці) выявы. Звычайна гэта плоскапаралельная шкляная пласцінка з прамавугольнай сеткай ці канцэнтрычнымі кругамі або вузкія палоскі шкла.
3) Папяровая мембрана канічнай формы для павелічэння акустычнай аддачы гучнагаварыцеля.
4) Апарат для вышчалочвання ў вытв-сці гліназёму.
5) Апарат для экстракцыі растваральных рэчываў (гл. Дыфузійны апарат).
т. 6, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА,
экстрадыцыя, у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (4.11.1871, каля Варшавы — 13.9.1917),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча і Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—11 у Гал. штабе і Гал. упраўленні Генштаба. У 1-ю сусв. вайну пры штабе 2-й арміі, з сак. 1915 камандаваў Усурыйскай коннай брыгадай, з крас. 1917—3-м конным корпусам. Кантактаваў з партыяй акцябрыстаў. У час Карнілава мяцяжу 1917 на чале 3-га коннага корпуса накіраваны Стаўкай Вярх. камандавання рас. арміі (знаходзілася ў Магілёве) на Петраград. Пасля адмовы вайскоўцаў корпуса наступаць супраць рэв. сіл прыбыў для тлумачэнняў А.Ф.Керанскаму ў Петраград, дзе пасля аддачы загаду аб яго арышце застрэліўся.
т. 8, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙГЕРАЎСКІ ЛІЧЫ́ЛЬНІК, Гейгера—Мюлера лічыльнік,
газаразрадны дэтэктар радыеактыўных і інш. іанізавальных выпрамяненняў. Вынайдзены ў 1908 Г.Гейгерам разам з Э.Рэзерфардам; удасканалены Гейгерам і ням. фізікам В.Мюлерам. Гама-выпрамяненне рэгіструецца па другасных іанізавальных часціцах (напр., фотаэлектронах, комптанаўскіх электронах; гл. Комптана эфект), нейтроны — па ядрах атамаў аддачы і прадуктах ядз. рэакцый у газе лічыльніка. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, археалогіі, геалогіі, тэхніцы.
Рабочы аб’ём Гейгераўскага лічыльніка (газаразрадны прамежак з неаднародным эл. полем) запаўняюць інертным газам (у самагасільных лічыльніках з дамешкай пары спірту або галагенаў) пад ціскам 13—26 кПа. Найб. пашыраны лічыльнікі з кааксіяльнымі цыліндрычнымі электродамі: вонкавы цыліндр (катод) і тонкая нітка ўздоўж яго восі (анод). Эл. імпульсы, што выяўляюцца пры эл. разрадах у лічыльніку, узмацняюцца і рэгіструюцца спец. прыстасаваннем.
А.В.Берастаў.
т. 5, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)