ЛАЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад англ., франц. loyal надзейны, пэўны, правільны),
1) адданасць дзеючым законам, пастановам органаў улады (часам знешняя, фармальная).
2) Карэктныя, добразычлівыя адносіны да каго-, чаго-небудзь.
т. 9, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСА́ЦТВА,
мілітарысцкія традыцыі юнкерства Прусіі, а пасля 1871 і аб’яднанай вакол яе Германіі. П. называюць таксама і мілітарысцкі паліцэйска-бюракратычны рэжым у Прусіі і Герм. імперыі. Адметныя рысы П. — шавінізм, нянавісць да інш., асабліва слав. народаў, агрэсіўныя памкненні, культ грубай сілы, вернападданства, пагардлівыя адносіны да культуры і прагрэсу, адданасць палачнай дысцыпліне.
т. 13, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНАТЫ́ЗМ (ад лац. fanaticus раз’юшаны),
1) крайняя ступень адданасці сваім вераванням і перакананням, злучаная з нецярпімасцю да любых інш. поглядаў і імкненняў. Небяспечная з’ява ў грамадскім жыцці — вядзе да раз’яднання, супрацьпастаўлення людзей па рэліг., расавых, нац. і інш. прыкметах. Існуе паняцце «ваен. Ф.». У час 2-й сусв. вайны і ў наш час з фанатычна настроеных асоб камплектавалі групы добраахвотных самаахвярнікаў (напр., яп. камікадзе, араб. шахіды).
2) У пераносным значэнні — страсная адданасць чаму-н., пэўнай ідэі.
т. 16, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙДА,
герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.
Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МА (стараж.-інд. цёмны),
у рэлігіі і міфалогіі індуізму богападобны герой, сёмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну, у вішнуізме разам з Крышнай гал. аб’ект культу. Паводле стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», сын цара Дашаратхі Р. і яго зводны брат Лакшмана здзейснілі паход з паўн. Індыі на в-аў Ланка (Шры-Ланка), каб вызваліць жонку Р. Сіту, якую выкраў цар ракшасаў Равана. Браты вызвалілі Сіту і перамаглі Равану, чым пазбавілі людзей ад яго тыраніі. У вобразе Р. ўвасоблены мужчынская доблесць, вернасць доўгу, сыноўняя пакорлівасць, сямейная і братняя адданасць.
т. 13, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў Сяргей Сяргеевіч (22.8.1921, в. Мегра Валагодскай вобл. — 7.10.1977),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1954). У 1941—44 ваяваў на фронце. Першыя кнігі вершаў «Трэцяя хуткасць» (1946) і «Паход працягваецца» (1948) прысвяціў Айч. вайне. У зб-ках вершаў «Памяць сэрца» (1960), «Адданасць» (1973), «Кастры» (1978), паэмах «Песня Ленінграду» (1957), «Слова пра Цыялкоўскага» (1962), «На вастрыі стралы барвовай» (1980) і інш. філас. і лірычныя разважанні пра час, лёс пакалення, будучыню роднай зямлі. Своеасаблівасць яго вершаў у непасрэднасці, пранікнёнасці паэт. інтанацый.
Тв.:
Собр. Соч. Т. 1—3. М., 1979—80.
С.Н.Чубакоў.
т. 1, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ Уладзімір Міхайлавіч (н. 3.7.1931, г. Кацельнікава, Расія),
бел. спявак (драм. барытон). Брат А.М.Генералава. Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1963). З 1966 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Сярод лепшых партый у нац. операх: Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Варона («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Дзій («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра («Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), а таксама Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі).
Літ.:
Ракава А. Адданасць // Тэатр. Мінск. 1987. №1.
Р.І.Сергіенка.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,
жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст. — «Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.
Л.Л.Кароткая.
т. 4, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПРЫНЧА́Н Вадзім Браніслававіч (н. 14.1.1950, г. Гомель),
бел. паэт, перакладчык. Сын Б.П.Спрынчана. Скончыў БДУ (1972). У 1972—89 у выд-ве «Мастацкая літаратура» (з 1982 заг. рэдакцыі паэзіі). Друкуецца з 1976. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Зямля і зоры» (1981), «Святло непадзельнае» (1991) філас. роздум пра чалавека, прыроду, трывога за лёс свету, тэма кахання. Вершы 1990-х г. вызначаюцца ўзмацненнем хрысц. матываў. Складальнік кніг вершаў бел. паэтаў «Адданасць» (1978), «Дзень паэзіі, 1965—1984» (1986, з Я.Міклашэўскім), кніг твораў М.Лермантава «Зорка зорцы голас падае» (1989), А.Пушкіна (т. 1—2, 1990) і інш. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.Коласа, Р.Барадуліна, А.Канапелькі, М.Мятліцкага, Г.Пашкова, А.Пысіна, М.Стральцова, Я.Янішчыц і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНУІ́ЗМ,
адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізму «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізму ўзмацнілася на пач. н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.
А.В.Гурко.
т. 4, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)