ДЭФЕКТАСКО́П (ад дэфект + ...скоп),

прылада або ўстаноўка для выяўлення дэфектаў (тыпу парушэнняў суцэльнасці ці аднароднасці, адхіленняў у хім. саставе) у матэрыялах, паўфабрыкатах і вырабах метадамі неразбуральнага кантролю. Стацыянарныя і лабараторныя Д. абсталёўваюць асцылаграфічнымі і лічбавымі індыкатарамі, самапіснымі прыстасаваннямі; пераносныя — стрэлачнымі прыладамі, гукавымі або асвятляльнымі сігналізатарамі. Існуюць Д., якія кантралююць рухомыя вырабы або самі рухаюцца адносна вырабаў (рэйкавыя Д., Д.-цялежкі і інш.).

Адрозніваюць Д.: ультрагукавыя (выкарыстоўваюць уласцівасць ультрагукавых хваль адбівацца ад дэфектаў, напр., трэшчын); рэнтгенаўскія і гама-Д. (прасвечваюць вырабы і матэрыялы адпаведнымі прамянямі, фіксуюць трэшчыны, ракавіны, пабочныя ўключэнні); магнітныя (з дапамогай магн. поля збіраюць магн. парашок або суспензію ў месцах дэфектаў); электраіндуктыўныя (узбуджаюць у вырабе або матэрыяле віхравыя токі, сіла і шчыльнасць якіх залежаць ад наяўнасці дэфектаў); люмінесцэнтныя (выяўляюць парушэнні пакрыццяў на дэталях электронных прылад); аптычныя (устаноўкі з прасветным экранам для візуальнага кантролю або сістэмай аўтам. аналізу відарысу; выяўляюць мікрашчыліны, мех. напружанні, адшчэпы, драпіны, скопішчы дыслакацый па змене інтэнсіўнасці адбітых прамянёў) і інш. Гл. таксама Дэфектаскапія.

П.​П.​Прахарэнка.

Схема аптычнага дэфектаскопа: 1 — аб’ект даследавання (паўправадніковая пласціна); 2 — пучок светлавых прамянёў; 3 — крыніца выпрамянення; 4 — экран.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́САБ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

гістарычна вызначаны спосаб здабывання матэрыяльных даброт; адзінства матэрыяльных прадукцыйных сіл і грамадскіх вытворчых адносін. Тэрмін «С.в.» ўведзены К.​Марксам для абазначэння эканам. асновы грамадства, якая, на яго думку, характарызуе сферу вытв. дзейнасці людзей і вызначае сац., паліт. і духоўныя працэсы іх жыццядзейнасці. Для кожнага С.в. характэрны пэўны ўзровень прадукц. сіл і іх выкарыстання ў прац. працэсе (напр., машынная вытворчасць, створаная ў выніку прамысловага перавароту). Аб’ектыўнае развіццё прадукц. сіл апярэджвае рост вытв. адносін, што з цягам часу пачынае негатыўна адбівацца на тэмпах эканам. развіцця і абумоўлівае неабходнасць змены аднаго С.в. на іншы, больш прагрэсіўны. Адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытв-сці набываюць сваё выяўленне ў пэўнай форме ўласнасці (прыватная, дзярж., кааператыўная і інш.), якая і вызначае канкрэтны С.в. У краінах са змешанай эканомікай, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, адбываецца пераход ад цэнтралізаванай планавай вытв-сці з дзярж. уласнасцю на яе сродкі да сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі з перавагай прыватнай уласнасці, але пры захаванні вядучай ролі дзяржавы ў планаванні эканам. і сац. развіцця краіны.

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЎСІО́ДЖВАННЕ РАДЫЁХВА́ЛЬ,

працэс перадачы эл.-магн. хваль радыёдыяпазону ў розных асяроддзях. У натуральных умовах адбываецца ў атмасферы і тоўшчы Зямлі, а таксама ў касм. прасторы. Радыёхвалі могуць распаўсюджвацца прамалінейна, агінаць выпуклую паверхню Зямлі, адбівацца ад іанасферы і інш.

У аднародным асяроддзі Р.р. прамалінейнае з пастаяннай для дадзенага асяроддзя скорасцю (свабоднае Р.р.). Блізкім да свабоднага з’яўляецца Р.р. у касм. прасторы. На Р.р. у атмасферы і тоўшчы Зямлі істотна ўплываюць іх электрадынамічныя ўласцівасці, крывізна зямной паверхні і няроўнасці яе рэльефу. Крывізна зямной паверхні і яе няроўнасці абумоўліваюць дыфракцыю радыёхваль, істотную для звышдоўгіх і доўгіх радыёхваль (гл. Радыёчастоты). Уплыў атмасферы абумоўлены наяўнасцю ў яе верхніх слаях плазмы і паглынальных рэчываў, напр., вадзяной пары і кіслароду. Кароткія радыёхвалі мнагакратна адбіваюцца ад іанасферы і могуць дасягаць любога пункта Зямлі. З такім адбіццём радыёхваль звязана таксама заміранне радыёсігналаў, абумоўленае нестацыянарнасцю шчыльнасці эл. зарадаў і іанасферы. Для метровых і дэцыметровых хваль іанасфера практычна празрыстая і яны выкарыстоўваюцца для радыёсувязі з лятальнымі апаратамі па-за межамі іанасферы. На гэтых хвалях выяўлена таксама радыёвыпрамяненне ад пазаземных крыніц (гл. Радыёастраномія).

Літ.:

Долуханов М.П. Распространение радиоволн. 4 изд. М., 1972;

Черный Ф.Б. Распространение радиоволн 2 изд. М., 1972;

Черенкова Е.Л., Чернышев О.В. Распространение радиоволн. М., 1984.

А.​А.​Кураеў.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВА́Я ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

выяўленне дэфектаў розных метал. і неметал. матэрыялаў з дапамогай ультрагуку, разнавіднасць акустычнай дэфектаскапіі. Засн. на здольнасці ультрагукавых ваганняў пашырацца ў цвёрдых асяроддзях на вял. глыбіню без прыкметнага аслаблення і адбівацца ад мяжы падзелу двух асяроддзяў. Выкарыстоўваецца пры неразбуральным кантролі розных дэталей і механізмаў. Дае магчымасць выяўляць трэшчыны, ракавіны, расслаенні, месцы карозіі і інш. дэфекты, кантраляваць якасць зварных швоў, вымяраць таўшчыню вырабаў, пакрыццяў і інш. Прапанавана ў 1928 (рас. вучоны С.​Я.​Сакалоў).

Найб. пашыраны ультрагукавы рэхаметад: рэгістрацыя амплітуды і часу паступлення адбітых ад дэфекту рэхасігналаў на экране манітора. Існуюць таксама ценявы метад (заснаваны на аслабленні дэфектамі інтэнсіўнасці пругкіх ваганняў), рэзанансны (на ўзбуджэнні ў вырабе пругкіх ваганняў і вызначэнні частаты, на якой узнікае рэзананс) і інш. Для У.т. выкарыстоўваюць ультрагукавыя дэфектаскопы, якія складаюцца з генератара эл. імпульсаў, п’езаэлектрычнага пераўтваральніка, узмацняльніка эл. ваганняў і індыкатара.

На Беларусі навук. даследаванні па У.д. (ультрагукавы метад з выкарыстаннем магн. вадкасці і інш.) вядуцца ў Ін-це прыкладной фізікі і Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі і інш.

Літ.:

Ермолов И.Н. Теория и практика ультразвукового контроля. М., 1981.

П.​П.​Прахарэнка.

Ультрагукавая дэфектаскапія. Блок-схема ультрагукавога імпульснага рэха-дэфектаскопа: 1 — п’езаэлектрычны пераўтваральнік; 2 — прыёмна-ўзмацняльны вузел; 3 — генератар электрычных імпульсаў; 4 — сінхранізатар; 5 — генератар разгорткі; 6 — электроннапрамянёвая трубка; П — пачатковы сігнал; Д — донны рэха-сігнал; ДФ — рэха-сігнал ад дэфекту.

т. 16, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)