Адбельныя гліны 1/94; 10/91

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,

гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНТАНІ́Т, бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША),

адбельныя гліны (гл. Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2∙nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПАНІ́Т [ад лац. sapo (saponis) мыла],

мыльны камень, мінерал падкласа слаістых сілікатаў, групы мантмарыланіту. Хім. састаў NaMg3[AlSi3O10](OH)2∙4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Цв. С. (сухога) 2,5 шчыльн. 2,24—2,3 г/см³. У вільготным стане скопішчы мяккія і тлустыя, у сухім шчыльныя, крохкія. Утвараецца пры выветрыванні цёмнакаляровых (магніевых) мінералаў ультраасноўных парод (серпентынітаў). Валодае якасцямі бентанітаў. Трапляецца ў зямлістых глінападобных або шчыльных скрытакрышт. масах. Гл. таксама Адбельныя гліны.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)