Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́ЖЫО (італьян. adagio літар. спакойна, павольна). У музыцы: 1) павольны тэмп; 2) назва п’есы або часткі (звычайна 2-й) цыклічнага твора ў тэмпе адажыо. У балеце: 1) павольная сольная або дуэтная кампазіцыя; 2) асн. частка складаных танц. формаў (па-дэдэ, гран па і інш.); 3) комплекс рухаў каля станка і на сярэдзіне залы, які выпрацоўвае ўстойлівасць, уменне спалучаць рухі ног, рук, корпуса.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РБЕР ((Barber) Сэмюэл) (9.3.1910, Уэст-Чэстэр, штат Пенсільванія, ЗША — 23.1.1981),
амерыканскі кампазітар. Скончыў Муз. ін-т Кёртыс у Філадэльфіі (1928), выкладаў у ім (1939—41). Выступаў як спявак і дырыжор. Сталыя творы Барбера спалучаюць рысы рамантызму і неакласіцызму. Асн. тв.: оперы «Ванеса» (1958), «Антоній і Клеапатра» (1966), камерная «Партыя ў брыдж» (1959); балет «Змяінае сэрца» (1946, 2-я рэд. 1947; на яго аснове арк. сюіта «Медэя»); кантата «Малітва К’еркегора» (1954); 2 сімфоніі; Адажыо для стр. арк.; канцэрты з арк. для фп., скрыпкі, віяланчэлі; камерна-інстр. ансамблі; саната для фп.; хары; цыклы песень на сл. Дж.Джойса і Р.М.Рыльке.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЎШ (Bausch; сапр. Філіпіне; Philippine) Піна
(н. 27.7.1940, г. Золінген, Германія),
нямецкая артыстка балета, балетмайстар. Вучылася ў «Фолькванг-шуле» К.Іоса (г. Эсэн). Танцавала ў «Фолькванг-балеце», трупе «Новага амерыканскага балета», у «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1969 балетмайстар розных т-раў у ФРГ, з 1971 балетмайстар Танц. ансамбля ў Вуперталі. Ставіць балеты на аснове па-экспрэсіянісцку завостранага танца мадэрн у суправаджэнні сімф., вакальнай і канкрэтнай музыкі, тэксту. Пастаноўкі: «Вакханалія» ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера (1971), «Адажыо» на муз. «Пяці песень» Г.Малера (1974), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1976), «Ідзі, станцуй са мной» на зборную музыку (1977) і інш.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН ПА (франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),
складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.Мінкуса, «Раймондзе» А.Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),
музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), І.В.Псота («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева).
т. 11, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА Д’АКСЬЁН (франц. pas d’action ад pas крок + action дзеянне),
складаная муз.-танц. форма, арганічна звязаная з развіццём балетнага сюжэта; адна з асн. форм дзейснага танца. Раскрывае драм. змест. асобнай балетнай сцэны ці ўсяго балетнага спектакля. У П. д’а. ўдзельнічаюць салісты, карыфеі, кардэбалет. Як сінтэз пантамімы і чыстага танца стаў асновай балетных пастановак Ж.Ж.Навера. У эпоху рамантызму, згодна з працэсамі сімфанізацыі музыкі і ўдасканалення класічнага танца, набываў больш выразную структуру. Паступова склалася форма, якая ўключала выхад (антрэ) усіх удзельнікаў, адажыо салістаў у суправаджэнні карыфеяў і кардэбалета, шматлікіх варыяцый і агульнай коды. Канчатковую форму дзейсны танец набыў у балетах М.Петыпа, дзе ў кульмінац. моманты дзеяння выяўляў патаемныя пачуцці герояў. Сустракаецца і ў сучасных балетах.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ТНЕЎ (Алег Барысавіч) (н. 8.7.1947, г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). У 1979—83 заг. літ. часткі Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1984 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Творчасці ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, неакласіцыстычных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Сярод твораў: балет «Кругаверць» па матывах нар. балад (паст. 1996, лібр. Ю.Чурко); драм. араторыя «Лісткі календара» (сл. М.Танка, 1983), «Літургія св. Іаана Златавуста» (1994), «Нясвіжская меса» паводле твораў кампазітараў 18 ст. (1997); камерная сімфонія (1979), адажыо «Doloroso» (1980); канцэрты: для фп. (1974), для голасу (1988), для ўдарных інструментаў «Credo» (1992), для аргана і ўдарных (1993) з аркестрам; паэма-карціна «Купальская ноч» для нар. арк. (1982); «Тэатральны дывертысмент» для ансамбля духавых, ударных і фп. (1992); камерна-вак. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў, радыёпастановак.
Р.М.Аладава.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)