бартавая сістэма для выратавання экіпажа касм. карабля ў выпадку аварыі ракеты-носьбіта. Пры аварыі на старце і на пачатковым участку палёту забяспечвае катапультаванне касманаўтаў з касм. карабля з наступным спускам іх на парашутах або аварыйнае аддзяленне спускальнага апарата і адвод яго ад ракеты-носьбіта на бяспечную адлегласць (з дапамогай спец. ракетнага цвердапаліўнага рухавіка) з далейшым прызямленнем апарата з экіпажам на парашуце. Пры аварыі ракеты-носьбіта на вял. вышынях выратаванне экіпажа ажыццяўляецца аддзяленнем спускальнага апарата (ці ўсяго касм. карабля) ад ракеты-носьбіта з наступным палётам яго па траекторыі спуску і тармажэннем у атмасферы і пасадкай. Для памяншэння перагрузак выкарыстоўваецца кіроўны спуск з аэрадынамічнай якасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІДу экалогіі,
ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш.тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аварыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
пілатуемы касмічны апарат. Адметная асаблівасць — наяўнасць герметычнай кабіны з сістэмай жыццезабеспячэння касманаўтаў. Адрозніваюць: караблі-спадарожнікі — для палётаў па геацэнтрычных арбітах; міжпланетныя К.к. — для палётаў да інш. нябесных цел; транспартныя — для дастаўкі касманаўтаў і грузаў на борт арбітальных станцый і вяртання іх на зямлю. Бываюць аднаразовага і шматразовага выкарыстання. К.к. мае некалькі адсекаў і забяспечаны рухальнай устаноўкай, сістэмамі навігацыі, кіравання, энергасілкавання, сувязі, аварыйнага выратавання, вяртання на Зямлю і інш. Першы ў свеце К.к., выведзены на арбіту ШСЗ, — «Усход» (12.4.1961; Ю.А.Гагарын). Здзейснены запускі інш. К.к.: y СССР — «Узыход», «Саюз», трансп. «Прагрэс»; у ЗША — «Меркурый», «Джэміні», «Апалон», «Спейс шатл». Іл.гл. да арт.Касманаўтыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЕ СХО́ВІШЧА,
ёмішча для захоўвання газу. Прызначана таксама для згладжвання сутачнай і сезоннай нераўнамернасці спажывання газу, выраўноўвання ціску ў газаправодзе, аварыйнага назапашвання газу. Бываюць наземныя і падземныя.
Наземныя газавыя сховішчы — газгольдэры, падземныя (больш умяшчальныя, бяспечныя і танныя) ствараюцца ў порыстых пародах або ў поласцях горных парод, у горных выпрацоўках, закінутых шахтах і інш. Газ захоўваецца ў газападобным (пад ціскам 12—15 МПа) або ў звадкаваным (0,8—2 МПа) стане. У ізатэрмічных газавых сховішчах звадкаваны газ захоўваецца пад ціскам, блізкім да атмасфернага (2,5 кПа), і пры т-ры да -200 °C; яны маюць форму наземных або заглыбленых танкасценных цеплаізаляваных рэзервуараў аб’ёмам да 50 тыс.м³. Нізкія т-ры ў такіх газавых сховішчах падтрымліваюцца халадзільнымі ўстаноўкамі. Да ізатэрмічных газавых сховішчаў адносяць і катлаваны з замарожанымі сценкамі аб’ёмам да 30 тыс.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.