Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВАДЗЕ́НЬ»,
часопіс гумару і сатыры. Выдаваўся ў Вільні ў 1924—25 на бел. мове раз у 2 тыдні. У 1929 зроблена спроба аднавіць выданне (выйшлі 2 нумары: апошні, 13-ы, у лют. 1933). Рэдактар-выдавец А.Васілеўскі. У «Авадні» пераважаў бытавы гумар. З ростам нац.-вызв. руху закранаў і надзённыя пытанні грамадскага жыцця Зах. Беларусі, адлюстроўваў барацьбу працоўных супраць праяў сац. і нац. прыгнёту. Друкаваў гумарэскі, фельетоны, гумарыстычных і сатыр. замалёўкі Васілеўскага, Г.Леўчыка, У.Паўлюкоўскага, І.Маразовіча (Я.Маланка), В.Гаротнага і інш. З «Авадня» выйшлі заснавальнікі сатыр.час.«Маланка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАФІЛЁЗЫ,
інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, пры якой пашкоджваецца стрававальны шлях. Выклікаецца лічынкамі аваднёў з роду Gastrophilus. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца ў коней. Развіваюцца авадні па тыпе поўнага ператварэння, на працягу года маюць адну генерацыю.
Жывёлы заражаюцца летам, пераважна на пашы. У яйцах, якія самкі аваднёў адкладваюць у поўсць жывёл, фарміруюцца лічынкі і пранікаюць у слізістую рота, дзе растуць і ліняюць, пасля чаго прымацоўваюцца ў страўнікава-кішачным тракце і паразітуюць 8—9 месяцаў. У хворых жывёл парушаецца страваванне, зніжаецца ўкормленасць і працаздольнасць; пры значнай інвазіі жывёла гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЭРМАТО́ЗЫ,
хранічная інвазійная хвароба пераважна буйн. раг. жывёлы. Выклікаецца лічынкамі падскурных аваднёў з роду Hypoderma. Праяўляецца запаленчымі зменамі ў органах і тканках, дзе лакалізуюцца паразіты. Узбуджальнікі — часцей авадні Н. bovis (звычайны падскурны) і Н. lineatum (падскурны паўднёвы, або страваводнік). Палаваспелыя насякомыя на працягу года маюць адну генерацыю. Самкі аваднёў за перыяд размнажэння адкладваюць да 800 яец на прыкаранёвую ч. валасоў жывёлы. Заражэнне адбываецца летам, у перыяд лёту аваднёў. Лічынкі пранікаюць праз скуру, мігрыруюць у арганізме і лакалізуюцца ў падскурнай клятчатцы, у вобласці спіны. Яны выдзяляюць прадукты метабалізму, чым выклікаюць агульную інтаксікацыю арганізма жывёлы, зніжэнне яе прадукцыйнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКРЫ́ЛЫЯ
(Diptera),
атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.
Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).
Літ.:
Систематика и эволюция двукрылых иасекомых. Л., 1977;