СТРЫ́НГЕР (англ. stringer ад string прывязваць, змацоўваць),
падоўжны элемент канструкцыі корпуса (каркаса) судна, лятальнага апарата, вагона і інш. Уяўляе сабой ліставую ці таўровую бэльку, сценка якой перпендыкулярная да абшыўкі корпуса. Абшыўка мацуецца да С. і папярочных элементаў (бімсаў, шпангоўтаў) з набору корпуса судна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),
1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).
2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.
3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.
4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЁЛ,
устройства для атрымання пад ціскам пары (паравы кацёл) або гарачай вады ў выніку спальвання цвёрдага, вадкага, газападобнага паліва, выкарыстання эл. энергіі, цеплыні адыходных газаў ці тэхнал. працэсу. К., які не мае ўласнай топкі і абаграваецца адыходнымі газамі якой-н. прамысл. або энергет. устаноўкі, наз. К.-утылізатарам. Звычайна ў К. уваходзяць топка, параўтваральныя паверхні, параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветрападагравальнік, каркас, абмуроўка, цеплавая ізаляцыя, абшыўка. Разам з разнастайным дапаможным абсталяваннем складае кацельную ўстаноўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙДА́РКА, каяк,
вузкая лёгкая лодка без уключын, закрытая зверху палубай з люкамі для весляроў. Вяслуюць 2-лопасцевым вяслом, кіруюць рулём, які паварочваецца нагамі; вясляр размяшчаецца тварам у бок руху. Бываюць адзіночкі, двойкі, чацвёркі, васьмёркі (1, 2, 4, 8 весляроў). Адрозніваюць байдаркі спартыўныя і турысцкія з драўлянымі, метал. або пластмасавымі каркасамі, суцэльнымі ў першых і разборнымі ў другіх (абшыўка ў іх эластычная, з воданепранікальных матэрыялаў). Турысцкія байдаркі могуць аснашчацца парусамі і падвеснымі маторамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́лятальнага апарата,
нясучая нерухомая паверхня самалёта, вінтакрыла, планёра, крылатай ракеты і інш. лятальных апаратаў (ЛА), прызначаная пераважна для стварэння аэрадынамічнай сілы. З дапамогай К. забяспечваецца таксама ўстойлівасць і кіравальнасць ЛА.
Складаецца з падоўжных (ланжэроны, стрынгеры) і папярочных (нервюры) сілавых элементаў і жорсткай абшыўкі. Есць К. са зменнай у палёце стрэлападобнасцю. На К. размяшчаюцца перадкрылкі, закрылкі, шчыткі, інш. сродкі механізацыі К. і органы кіравання (элероны, элевоны, інтэрцэптары), а часам апоры шасі і рухавікі. Унутры К. размяшчаюць паліва, ч. абсталявання, камунікацый, зброю і інш. Тэорыю К. распрацоўвалі М.Я.Жукоўскі, С.А.Чаплыгін, С.А.Хрысціяновіч, Г.Глаўэрт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЁЎКА,
знадворная абшыўка дошкамі ці дранкамі сцяны, франтона і інш. элементаў драўлянага будынка. Выконвае дэкар. і засцерагальную функцыі. З’явілася ў бел.манум. дойлідстве 17 ст. (пераважна ў сядзібна-палацавым і культавым) пад уплывам мураванай архітэктуры стылю рэнесансу. Пашырылася ў 2-й пал. 18 ст. ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампіру. Стварала гарыз. (у сядзібным дойлідстве) ці верт. (у культавым дойлідстве) рытм. У нар. дойлідстве шырока выкарыстоўваецца з 1940—50-х г. Вядомы Ш. верт., верт. з нашчыльнікамі, гарыз., гарыз. з нашчыльнікамі, камбінаваная, у елачку, ромбападобная і інш.Найб. пашырана Ш. сцен з шэрагу гарыз. паясоў адметнага малюнка. Вуглы закрываюцца дошкамі, часта з накладнымі элементамі ці прапілоўкай. Дэкар. акцэнт узмацняюць фігурныя паяскі, ажурныя карнізы і інш. Арыгінальная Ш. франтонаў жылля цэнтр. Палесся з выкарыстаннем салярных матываў. Маст. выразнасць Ш. ўзмацняецца расфарбоўкай з выкарыстаннем кантрастных колераў ці розных адценняў аднаго колеру. Іл.гл. таксама да арт.Народнае дойлідства.
Я.М.Сахута.
Віды шалёўкі: 1 — вертыкальная; 2 — гарызантальная з нашчыльнікамі; 3 — гарызантальная; 4 — ромбападобная; 5 — у елачку; 6 — камбінаваная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНА,
плывучае збудаванне для перавозкі грузаў і пасажыраў, воднага промыслу, здабычы карысных выкапняў, навук. даследаванняў, спорту, ваен. мэт. Рухаюцца па вадзе (надводныя С., у т. л.глісеры), пад вадой (падводныя лодкі, батыскафы) і над вадой (судны на паветранай падушцы, судны на падводных крылах). Бываюць самаходныя (прыводзяцца ў рух суднавымі рухавікамі з дапамогай суднавых рухачоў) і несамаходныя (ліхтэры, баржы). Паводле тыпу гал.энергет. устаноўкі (ЭУ) падзяляюцца на параходы (з котлатурбіннай або котла-машыннай ЭУ), цеплаходы (з дызельнай ЭУ), пара- і газатурбаходы (з парасілавымі ўстаноўкамі, газатурбіннымі рухавікамі; гл.Турбаход), электраходы (з эл. рухавікамі, што сілкуюцца ад уласных крыніц электраэнергіі, у т. л. турба- і дызель-электраходы) і атамаходы (з ядзернай сілавой устаноўкай).
Транспартныя С. бываюць грузавыя (сухагрузныя судны, у т. л. кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, С. з гарыз. грузаапрацоўкай — ролкеры для перавозкі колавай тэхнікі, кантэйнераў і інш. штучных грузаў з пагрузкай і выгрузкай па апарэлях; наліўныя — танкеры і сухагрузна-наліўныя), пасажырскія і грузапасажырскія. Прамысл. С. абсталёўваюць для лоўлі рыбы, здабычы марскіх звяроў, крабаў, для перапрацоўкі здабычы (рыбапрамысловыя судны, сейнеры, траўлеры). Да прамыслова-здабыўных С. адносяць золатаздабыўныя драгі, кабельныя судны, нафтабуравыя, лесасплаўныя. Да навукова-даследчых адносяць С. для комплексных акіянічных, геафіз., гідрабіял. і інш. даследаванняў. Сярод спартыўна-турысцкіх С. адрозніваюць вёславыя судны, ветразевыя судны і маторныя; трэніровачныя, гоначныя, прагулачныя (гл.Спартыўныя судны). Абслуговыя С. забяспечваюць работу С. інш. прызначэння. Гэта буксірныя судны, брандвахты, ледаколы, плывучыя докі і маякі, выратавальныя, гідраграфічныя, днопаглыбныя, бункеровачныя. Ваен. С. падзяляюцца на баявыя (гл.Карабель ваенны), ваенна-транспартныя і забяспечвальныя, у т. л. дапаможныя. Асн.ч. С.: корпус (з каркаса, у т. л.набору, і абалонкі — вонкавай абшыўкі і насцілу верхняй палубы); суднавыя прыстасаванні (рулявое, якарнае, швартовае, буксірнае, шлюпачнае, грузавое, выратавальнае і інш.); суднавыя сістэмы (трубаправоды і арматура для вадкасцей і газаў, якія забяспечваюць жывучасць судна, эксплуатац., бытавыя і інш. патрэбы, у т. л. проціпажарную бяспеку, водазабеспячэнне, вентыляцыю); сродкі сувязі (візуальныя — флагі, пражэктары; гукавыя — сірэны, тыфоны; радыётэхн. — перадатчыкі, прыёмнікі, тэлекамеры, унутр. радыётрансляцыйная сетка, тэлефоны, перагаворныя трубы і г.д.); навігацыйныя сродкі (аўтарулявы, компасы, курсографы, лагі, лоты, радыёлакацыйныя станцыі, секстанты і інш.навігацыйныя прылады). Спецыфічныя ўласцівасці С. — мараходныя якасці, якія характарызуюць паводзіны С. ў плаванні і яго бяспеку. Памеры С. вызначаюць яго даўжыня, шырыня, вышыня борта, асадка, водазмяшчэнне і ўмяшчальнасць, у грузавых таксама грузападымальнасць і грузаёмістасць. Тэарэт. і практычныя пытанні ваджэння С. вывучае суднаваджэнне.
Першымі С. былі плыты з дрэў, чароту ці папірусу. З часоў неаліту вядомы драўляныя лодкі. У 3-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце будавалі С. з прыгнаных і прасмоленых кавалкаў дрэва. У 10 ст. да н.э. ў фінікійцаў ужо меліся асн. элементы канструкцыі С.: кіль, шпангоўты, штэўні, абшыўка з дошак. На Пн лёгкія чаўны выраблялі з дрэва, кары, косці і абцягвалі іх скурай (напр., каякі). У Міжрэччы з 8 ст. да н.э. вядомы круглыя лодкі (карзіны, абцягнутыя скурай або пакрытыя смалой). У народаў узбярэжжа Індыйскага ак., астравоў Акіяніі і інш. былі пашыраны плыты, вёславыя і ветразевыя С. тыпу катамаранаў, у індзейцаў-карыбаў — пірогі, у Паўд.Усх. Азіі — джонкі. Ва Усх. Еўропе з 4 ст. будавалі т.зв. набойныя ладдзі, з 11 ст. — насады, з 16 ст. — казацкія чайкі, з 19 ст. — астраханскія бударкі. Суднавымі рухачамі напачатку былі шасты (жэрдкі) і вёслы, з 3-га тыс. да н.э. — ветразі (са скуры, трысняговых цыновак, драўляных планак). На вёславых С. ветразі былі дапаможнымі (выкарыстоўваліся толькі пры спадарожным ветры). У 10—13 ст. у Міжземнамор’і, Скандынавіі і Кітаі з’явіліся чыста ветразевыя судны. Яны маглі рухацца і супраць ветру, зменьваючы галсы. У 7 ст. з’явіліся універсальныя вёславыя С. — галеры, у 16 ст. — галеасы, у 17 ст. — яхты. З 12—13 ст. у Зах. Еўропе будавалі С., прыдатныя для акіянскіх плаванняў (каравелы, брыганціны, нефы і інш.). Найвышэйшага развіцця ветразевыя С. дасягнулі ў 2-й пал. 19 ст.: іх даўжыня да 90 м, грузападымальнасць да 5 тыс.т., скорасць 33 км/гадз і больш (гл.Барк, Брыг, Шхуна). Апошнім тыпам ветразевага С. быў кліпер. Першае жалезнае С. пабудавана ў 1787 у Вялікабрытаніі (Дж.Уілкінсан). Пазней карпусы пачалі рабіць са сталі (на пачатку кляпаннем, потым зваркай). У пач. 19 ст. з’явіліся параходы, у 1-й пал. 19 ст. на марскіх параходах замест грабных колаў пачалі ставіць грабныя вінты. На мяжы 19 і 20 ст. пачалі выкарыстоўваць паравыя турбіны і рухавікі ўнутр. згарання (у 1903 у Расіі пабудаваны першы дызель-электраход «Вандал»). Да сярэдзіны 20 ст. з’явіліся С. з энергет. ўстаноўкамі на ядз. паліве (атамаходы).
На Беларусі са стараж. часоў выкарыстоўваліся разнастайныя рачныя С.: лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 7 ст.ладдзі, з 15 ст.віціны, з 17 ст.баркі, з канца 19 ст.баржы і інш. Розныя тыпы С. (байдаркі, брандвахты, яхты, барліны, баржы, параходы, цеплаходы, С. тыпу «рака-мора» і інш.) выпускалі: Крычаўская суднаверф, Пінскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтныя з-ды (гл. адпаведныя арт. і Суднабудаванне). Рамантавалі С. суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Петрыкаве. Гл. таксама Рачны транспарт, Суднаходства.
Літ.:
Рябчиков П.А. Морские суда. М., 1959;
Нойкирхен Г. Мореплавание вчера и сегодня: Пер. с нем. Л., 1977;
Допатка Р., Перепечко А. Книга о судах: Пер. с нем. Л., 1981;
Шапиро Л.С. Самые быстрые корабли. 2 изд. Л., 1989;
Бережных О.А. Самые большие корабли: С древнейших времен до наших дней. Л., 1985;
Материалы по истории деревянного судостроения, XVIII—XIX вв. М., 1991;
Шитарев В.С. Паруса над океаном: Из глубины веков — до наших дней. М., 1996;
Макливи Р. Суда на подводных крыльях и воздушной подушке: Пер. с англ.Л., 1981;
Суда и судоходство будущего: Пер. с нем. Л., 1981;