Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ДЫ,
злучэнні металаў з борам. Маюць розную структуру, найб. пашыраны дыбарыды (МВ2) і гексабарыды (МВ6). Крышталічныя, утвараюць жорсткія падрашоткі ў выглядзе сетак, каркасаў. Барыдам уласцівы высокая цвёрдасць, металічная або паўправадніковая электраправоднасць, тугаплаўкасць, гарача- і зносаўстойлівасць, каразійная ўстойлівасць. Атрымліваюць з элементаў спяканнем ці сплаўліваннем у вакууме або аднаўленчым асяроддзі, аднаўленнем аксідаў металаў борам, сумессю бору з сажай ці карбідам бору. Выкарыстоўваюць у цвёрдых і гарачатрывалых сплавах, матэрыялах, як катоды магутных электронных прылад, абразівы, паглынальныя матэрыялы ў ядз. рэактарах, каталізатары, рэзістары.
т. 2, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
абразівы, прыродныя ці штучныя матэрыялы павышанай цвёрдасці, якія выкарыстоўваюцца для абразіўнай апрацоўкі і вырабу абразіўных інструментаў. Да прыродных абразіўных матэрыялаў адносяцца алмаз, граніт, кварц, карунд, крэмень, наждак; да штучных — электракарунд, карбід крэмнію, карбід бору, кубічны нітрыд бору (эльбор, кубаніт), штучны алмаз (мае значна большую цвёрдасць, стабільнасць уласцівасцяў, інш. высокія тэхнал. якасці). Мікрацвёрдасць абразіўных матэрыялаў ад 18—26 ГПа (электракарунд) да 100 ГПа (сінт. алмаз), іх трываласць на сцісканне адпаведна ад 760 да 2000 МПа.
т. 1, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)