Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЦЫ́ (Dytiscidae),
сямейства водных насякомых атр. цвердакрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Некат. віды знішчаюць лічынак камароў-крывасмокаў, інш. — малявак рыб. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. трапляюцца балацянік буры (Colymbetes fuscus), падводнік выразнакрапінкавы (Coelambus impessopunctatus), паласкун баразнаваты (Acilius sulcatus), П. аблямаваны (Dytiscus marginalis), ціннікі аблямаваны (Ilybius fuliginosus) і чорны (I. ater) і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 2 віды: П. найшырэйшы (D. latissimus) і глейнік невядомы (Rhantus incognitus).
Даўж. да 5 см. Цела авальнае, чорнае, інш. раз з жоўтымі плямамі або палосамі, верх крапінкавы або шчыгрынаваны. Галава шыр., вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя. Брушка з 14 сегментаў. Заднія ногі доўгія, плавальныя, пярэднія кароткія, хапальныя. Дыхаюць паветрам, якое ўтрымліваюць пад надкрыламі. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем. Акукліваюцца ў глебе паблізу вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).
Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНУ́ШКІ (Erebia),
род матылёў сям. аксамітніц атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі рэдка трапляюцца Ч.: эфіопка (E. aethiops; занесена ў Чырв. кнігу), кафейная (E. ligea), медуза (E. medusa). Матылі жывуць на раслінах, вусені кормяцца на злаках.
Размах крылаў 35—50 мм. Крылы шырокія, аксаміцістыя, цёмна-карычневыя. Уздоўж вонкавага краю крылаў размешчаны шэраг вочак — круглых чорных плям з белымі «зрэнкамі» ў цэнтры. Вочкі аблямаваны светлым рыжаватым полем рознай шырыні.
Адно пакаленне за год. Іл.гл. таксама да арт.Аксамітніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНА́ЎЧЫЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу ў в.Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на. Пабудаваны ў 1595 па фундацыі М.К.Радзівіла Сіроткі. Аднанефавы мураваны храм зальнага тыпу з рудыментам трансепта і развітай паўкруглай апсідай, да якіх прылягаюць квадратныя ў плане больш нізкія прыбудовы з 1-схільнымі дахамі. З паўд. боку да апсіды прылягае круглая ў плане вежа з шатровым пакрыццём. Да гал. фасада прыбудаваны бабінец. Асн. аб’ём і апсіда накрыты высокім 2-схільным дахам з трохвугольнымі шчытамі на тарцах. Шчыт на гал. фасадзе аздоблены плоскімі прамавугольнымі і круглымі нішамі, тонкімі карнізамі, верт. цягамі.
Атынкаваныя масіўныя сцены (таўшчыня 1,3 м) бакавых фасадаў умацаваны контрфорсамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя з прафіляванымі карнізамі. Унутры цыліндрычныя скляпенні на распалубках дэкарыраваны ляпнымі рэбрамі прыгожага геам. малюнка. У інтэр’еры 3 барочныя драўляныя паліхромныя скульптуры 18 ст. У рызніцы захоўваецца арнат, аблямаваны слуцкім поясам. На ПнЗ ад касцёла на высокім цокалі 3-ярусная званіца пад шатровым дахам. У працэсе архітэктурна-археал. даследаванняў устаноўлена, што сакрыстыя, рызніца і вежа прыбудаваны ў 17 ст.