ЧАРНУ́ШКІ (Erebia),

род матылёў сям. аксамітніц атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі рэдка трапляюцца Ч.: эфіопка (E. aethiops; занесена ў Чырв. кнігу), кафейная (E. ligea), медуза (E. medusa). Матылі жывуць на раслінах, вусені кормяцца на злаках.

Размах крылаў 35—50 мм. Крылы шырокія, аксаміцістыя, цёмна-карычневыя. Уздоўж вонкавага краю крылаў размешчаны шэраг вочак — круглых чорных плям з белымі «зрэнкамі» ў цэнтры. Вочкі аблямаваны светлым рыжаватым полем рознай шырыні.

Адно пакаленне за год. Іл. гл. таксама да арт. Аксамітніцы.

Чарнушкі: 1 — кафейная; 2 — эфіопка.

т. 17, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)