ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.Я.Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.А.Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МАН (Hamann) Іаган Георг

(27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),

нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням. філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».

Літ.:

Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)