МАРФЕ́Й,
у стараж.-грэч. міфалогіі бог сноў, што сняць людзі, сын бога сну Гіпноса. Паводле міфаў, М. з’яўляецца людзям пад час сну ў розных чалавечых абліччах. У ант. мастацтве М. паказвалі як старога з крыламі за плячыма. У пераносным сэнсе «ўпасці ў абдымкі М.» — заснуць і сніць сны.
т. 10, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЫМЕР ((Gordimer) Надзін) (н. 20.11.1923, г. Спрынгс, ПАР),
пісьменніца Паўд.-Афр. Рэспублікі. Піша на англ. мове. У зб-ках апавяданняў «Тварам да твару» (1949), «Ліслівы голас змея» (1952), «Напэўна ў панядзелак» (1976), «Абдымкі салдата» (1980), вострапаліт. аповесці «Недзе зусім побач» (1984), раманах «Ілжывыя дні» (1953), «Зямля чужынцаў» (1958), «Магчымасць кахаць» (1963), «Ганаровы госць» (1970), «Гісторыя майго сына» (1990) і інш. адлюстроўвае розныя бакі сучаснага жыцця краіны: сац. і расавую дыскрымінацыю, каханне, адносіны паміж людзьмі. Яе творам уласцівы тонкі псіхалагізм, лірычнасць, сувязь з фалькл. традыцыяй афр. прозы. Нобелеўская прэмія 1991.
Тв.:
Рус. пер. — Рассказы. М., 1971;
Дом Инкаламу: Рассказы. М., 1982;
Избранное. М., 1989.
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.Украінкі «Лясная песня», аповесці М.Алейніка «Леся», Б.Ногейла «Паводка» і інш.
Тв.:
Абеліск. Мн., 1973;
Карэц калодзежнай вады. Мн., 1983;
Абдымкі сонца. Мн., 1988;
Сонца скача па траве. Мн., 1989.
т. 6, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)