Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́Й КУНАНБА́ЕЎ
(10.8.1845, в. Караул Абайскага р-на, Казахстан — 6.7.1904),
казахскі паэт-асветнік, заснавальнік новай пісьмовай казахскай літаратуры. Вывучаў араб., перс. і інш. мовы. Светапогляд Абая Кунанбаева фарміраваўся пад уплывам гуманіст. ідэй паэтаў і вучоных Усходу, рус. класічнай л-ры і стараж.-грэч. філосафаў. У лірычных і сатыр. вершах выступаў супраць сац. зла, невуцтва, старых звычаяў. У паэмах «Масгуд» (1887), «Іскандэр», «Сказанне пра Азіма» выкарыстаў усх. сюжэты. У кн. прозы «Павучанні» выклаў этычныя і філас. погляды. Увёў новыя формы верша (6- і 8-радкоўе). Жыццю Абая Кунанбаева прысвечаны раман-эпапея М.Аўэзава «Шлях Абая».
Літ.:
Ауэзов М.О. Абай Кунанбаев: Статьи и исследования. Алма-Ата, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМА́НАВА Роза Умбетаўна
(н. 16.4.1928, г. Акцюбінск, Казахстан),
казахская спявачка (сапрана). Нар.арт.СССР (1959). Скончыла Алма-Ацінскую кансерваторыю (1954), з 1977 выкладае ў ёй (праф. з 1987). У 1962—78 старшыня Казахскага тэатр.т-ва. З 1953 салістка Казах. т-ра оперы і балета. Сярод партый у нац. операх — Кыз Жыбек («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Сара («Біржан і Сара» М.Тулебаева), Ажар («Абай» А.Жубанава і Л.Хамідзі), у класічных — Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж. Пучыні), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Амелія («Баль-маскарад» Дж.Вердзі). Дзярж. прэмія Казахстана 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНЫ НІЛ,
араб. Бахр-эль-Азрак, рака ў Афрыцы, у Эфіопіі і Судане, правы, самы паўнаводны прыток Ніла. Даўж. 1600 км, пл.бас. 300 тыс.км². Пачынаецца пад назвай М.Абай на Эфіопскім нагор’і (у гарах Чокэ), працякае праз воз. Тана, выцякае з яго пад назвай Абай, на працягу 500 км прабіваецца ў глыбокім каньёне, утварае парогі і вадаспады (Тыс-Эсат, выш. 45 м і інш.), потым цячэ па раўнінах Судана як Блакітны Ніл (назва ад чысціні і празрыстасці вады). Гал. прытокі Рахад і Дындэр. Каля г. Хартум зліваецца з Белым Нілам. Паводка летам. Сярэдні расход вады каля вусця 1650 м³/с. ГЭС у гарадах Эр-Расейрэс і Сенар. Вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. Суднаходства за 580 км ад вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЭ́ЗАЎ Мухтар Амарханавіч
(28.9.1897, урочышча Чынгістаў Сяміпалацінскай вобл., Казахстан — 27.6.1961),
казахскі пісьменнік і вучоны. Акад.АН Казахстана (1946). Засл. дз. нав. Казахстана (1957). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У трагедыі «Енлік-Кебек» (1917, новая рэд. 1957) паказаны звычаі і норавы феад.-радавога грамадства. У яго апавяданнях, аповесцях, п’есах, нарысах адлюстравана жыццё і побыт каз. аула. Стваральнік першага нац.гіст. рамана-эпапеі «Шлях Абая», які складаецца з 2 кн.: «Абай» (т. 1—2, 1942—47; Дзярж. прэмія СССР 1949) і «Шлях Абая» (т. 1—2,1952—56; Ленінская прэмія 1959). Аўтар рамана «Племя маладое» (незавершаны; апубл. 1962). Даследаваў гісторыю каз. і кірг. л-ры, фальклор.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1973—75.
Літ.:
Каратаев М. Мухтар Ауэзов: Заметки о творчестве. Алма-Ата, 1967.