ТАРА́СІК (па мужу Рынковіч) Вера Рыгораўна

(30.9.1899, Мінск —22.4.1986),

бел. актрыса, настаўніца. Скончыла Мінскае гар. вучылішча (1916). З 1917 актрыса Першага т-ва бел. драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра; актыўна ўдзельнічала ў рабоце клуба бел. маст. інтэлігенцыі «Беларуская хатка». У 1920—56 настаўнічала. Як актрыса сфарміравалася пад уплывам Ф.​Ждановіча. Вызначалася пераважна ў бел. нац. рэпертуары, дзе стварыла каларытныя нар. характары: Агата і Марыля («Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Ганна («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Ульяна («Хам» паводле Э.​Ажэшкі), Дарота і Мар’я («Бязвінная кроў» і «Пісаравы імяніны» У.​Галубка) і інш.

Г.​І.​Сяўковіч.

т. 15, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́ЎМА (ад грэч. trauma рана),

парушэнне анатамічнай цэласнасці і функцый тканак (органаў) у выніку знешняга ўздзеяння. Вывучае траўматалогія. Бываюць Т. мех. (уздзеянне мех. сілы), хім. (уздзеянне к-т, шчолачаў і інш.), тэрмічныя (апёкі, абмаражэнне), акустычныя (гукі празмернай сілы), прамянёвыя, баявыя і інш.

Мех. пашкоджанні найб. частыя, бываюць ізаляваныя, множныя, спалучаныя (адначасова ў некалькіх органах). Адрозніваюць Т. вострую (узнікае раптоўна). хранічную (ад уплыву фактараў, што паўтараюцца). закрытую (удар, зрушэнне, вывіхі) і адкрытую (рана); таксама быт. і вытв., Т. ў час родаў (родавую), чэрапна-мазгавую (агульная назва адкрытых і закрытых Т. чэрапа і галаўнога мозга). Гл. таксама Траўматызм.

т. 15, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́НГАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення тунгу. Атрымліваюць прасаваннем здробненай сыравіны. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжавага колеру, мае непрыемны пах, шчыльн. 940 кг/м³ (20 °C), т-ра застывання ад -17 да -21 °C. Раствараецца ў арган. растваральніках (акрамя метанолу і этанолу). Высыхальны алей (гл. Алеі); мае значную колькасць гліцэрыдаў ненасычаных кіслот — пераважна (71—83% ад агульнай масы кіслот) элеастэарынавай (цыс-9-транс—11—транс—13-октадэкатрыенавай) к-ты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці алкідных смол, алейных лакаў, пластыфікатар у гумавай прам-сці, а таксама ў вытв-сці лінолеуму, цыраты. Таксічны.

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД БЕ́ЖАНЦАЎ З БЕЛАРУ́СІ, з’езд беларусаў-бежанцаў. Адбыўся 17—21.7.1918 у Маскве. Прысутнічала 227 дэлегатаў — прадстаўнікоў ад бежанцаў з Беларусі, што жылі ў Расіі. Парадак дня: справаздача Бел. нац. камісарыята; бежанскае пытанне (даклады з месцаў, матэрыяльная дапамога, рээвакуацыя, школьная справа, пакрыццё страт ад вайны); прадстаўніцтва Беларусі на будучай мірнай канферэнцыі народаў; сучаснае становішча; аб цэнтр. выканаўчым бежанскім к-це Беларусі. 19.7.1918 дэлегацыя з’езда на чале з А.Х.Усціловічам была прынята У.​І.​Леніным.

Кр.:

Протоколы, постановления и материалы Всероссийского съезда беженцев из Белоруссии в Москве, 15—21 июля 1918 г. М., 1918.

У.​У.​Грамовіч.

т. 16, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦІЛО́ВІЧ (Усціновіч) Аляксандр Харытонавіч

(1897, в. Мянькі Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1937),

дзеяч рэв. руху. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе, падаўлення мяцяжу Керанскага—Краснова. У 1917—18 чл. выканкома Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ў Петраградзе. Са студз. 1918 камісар, з ліп. 1918 нам. кіраўніка справамі Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома). З лют. 1918 камандзір атрада Чырв. гвардыі, які ўвайшоў у Камуніст. атрад Петраградскага к-та РКП(б). Дэлегат Усерасійскага з’езда бежанцаў з Беларусі ў Маскве (17—21.7.1918). Пасля грамадз. вайны на парт. і сав. рабоце. У 1937 неабгрунтавана арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1973.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 16, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯГРЭ́ЧАСКІ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РУХ,

палітычная партыя с.-д. кірунку ў Грэцыі. Засн. ў вер. 1974, пасля падзення ў Грэцыі ваен. дыктатуры. Выражае пераважна інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва і інтэлігенцыі Грэцыі; выступае за дружалюбную і міралюбную знешнюю палітыку. У 1981—89 і з 1993 кіруючая партыя; прэм’ер-міністры ад партыі — А.Папандрэу (1981—89, 1993—96), К.​Сімітыс (з 1996). Фармальна вышэйшы парт. орган — з’езд, які выбірае ЦК і старшыню партыі, а таксама Кантрольны дысцыплінарны савет і Кантрольную камісію парламенцкай групы на чале са старшынёй. Фактычна паліт. лінію партыі, якая ажыццяўляецца праз дэпутатаў парламента і мясц. актывістаў, вызначае яе лідэр.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЭТО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын бога Сонца Геліяса і німфы Клімены. Каб даказаць сваё паходжанне ад Геліяса, Ф. напрасіўся кіраваць сонечнай калясніцай бацькі, але не справіўся з агнядышнымі коньмі. Калясніца панеслася ў небяспечнай блізкасці ад Зямлі і ледзь не спаліла яе. Каб выратаваць Зямлю, Зеўс маланкай забіў Ф. Міф пра Ф. адлюстраваны ў ант. мастацтве, у творчасці мастакоў Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, П.​Рубенса, Н.​Пусэна і інш.; кампазітараў Д.​Скарлаці, К.​Сен-Санса і інш. Найб. значны літ. твор пра міфалагічнага героя Ф. — п’еса П.​Кальдэрона дэ ла Баркі «Фаэтон, сын Сонца».

т. 16, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕН (Fenn) Джон Бенет (н. 15.6.1917, Нью-Йорк),

амерыканскі хімік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (2000). Скончыў Іельскі ун-т (1940). З 1952 у Прынстанскім ун-це (з 1959 праф.), у 1967—87 у Іельскім ун-це. З 1994 праф. ун-та г. Рычманд. Навук. працы па аналіт. хіміі і мас-спектраметрыі. Прапанаваў новы метад іанізацыі арган. малекул распыленнем бялковых раствораў у моцным эл. полі, што дазволіла ідэнтыфікаваць, аналізаваць структуру і вызначыць малекулярныя масы малекул ДНК і бялкоў (1988). Залаты медаль імя Дж.​Томсана. Нобелеўская прэмія 2002 (з К.​Вютрыхам і К.Танака).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Уладзімір Іванавіч (12.12.1911, в. Стараселле Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.3.1995),

генерал-лейтэнант (1963). Засл. работнік культуры РСФСР (1968). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1932), Ленінградскі ін-т фізкультуры (1960). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 1-м і 2-м Прыбалт. франтах: камандзір танк. батальёна, нам. камандзіра, камандзір брыгады, камандуючы бранятанк. і механіз. войскамі арміі. Пасля вайны да 1962 у Сав. Арміі, да 1970 старшыня спарт. к-та Мін-ва абароны СССР.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ЛІЕВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B9, вітамін Bc, фалацын,

C13H19O6N7, вітамін з групы B. Вылучыў амер. хімік Р.​Уільямс (1941). Пашырана ў расл. і жывёльных тканках (напр., капуста, таматы, суніцы, печань). У арганізм чалавека паступае з ежай.

Дробнакрышт. жоўты парашок без смаку і паху, дрэнна раствараецца ў вадзе, разбураецца пад уздзеяннем святла, пры апрацоўцы і кансерваванні гародніны. Складаецца з астаткаў гетэрацыклічнага птэрыдзіну, параамінабензойнай кіслаты і глутамінавай кіслаты. Актыўная форма Ф.к. — тэтрагідрафоліевая к-та. Удзельнічае ў сінтэзе ДНК і РНК. Неабходная для размнажэння клетак, росту і развіцця арганізма. Сутачная патрэбнасць чалавека 0,2—0,4 мг.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)