ХО́ЦІМСКІ Міхаіл Васілевіч (27.2.1903, г.п. Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.11.1986),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1925), бранятанк. курсы ўдасканалення камсаставу (1932), Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1937). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Удзельнік баёў пад Масквой, Варонежам, Сталінградам, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы. Механіз. брыгада на чале з палк. Х. у час Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 з баямі прайшла ад р. Вісла да р. Одэр, вызваліла больш за 300 нас. пунктаў, нанесла праціўніку значны ўрон у баявой тэхніцы і жывой сіле. Да 1952 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Пружаны Брэсцкай вобл.

М.В.Хоцімскі.

т. 17, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШЭ́НКА Іван Архіпавіч (н. 18.11.1924, в. Навінкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Кіеўскае танк. тэхн. вучылішча (1958). У Чырв. Арміі з 1942. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 2-м і 3-м Укр. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант Ц. вызначыўся ў баях на тэр. Зах. Еўропы: 23.9.1944 у баі за вышыню каля г. Турда (Румынія) экіпаж яго танка знішчыў 2 процітанк. гарматы і бронетранспарцёр праціўніка; у снеж. 1944 каля г. Шагі (Чэхаславакія) не дазволіў ворагу ўзарваць мост цераз р. Іпель да падыходу сав. войск; 30.3.1945 у баі за нас. пункт Шмейц (Аўстрыя) захапіў 2 гарматы, мінамёт, паранены не пакінуў поля бою. Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУСКІ Міхась (Майсей Моталевіч; 25.12.1904, в. Майскае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1.7.1984),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Ленінградзе (1934—37). У 1917—30 працаваў наборшчыкам, з 1935 на парт. і журналісцкай рабоце ў Мінску. У 1941—43 рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», з 1947 у час. «Вожык» (у 1947—55 гал. рэдактар), у 1961—70 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1937. Выступаў у жанры сатыры. Аўтар зборнікаў сатыр. апавяданняў, камедый, гумарэсак, фельетонаў «Крытычны момант» (1954), «Індык на курорце» (1960), «Рука руку мые» (1964), «Чаму ж не смяяцца?» (1969), дакумент. аповесці «Фарбамі гневу» (2-е выд., 1978).

Тв.:

Стрэляны Вераб’ёў. Мн., 1976.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ГАЎСКАГА ПАЛКА́ ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне дзекабрыстаў на Украіне супраць самадзяржаўя 10—15.1.1826. Рыхтавалася Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое разлічвала ўзняць каля 50 тыс. салдат і афіцэраў. Пачалося заўчасна ў сувязі з паражэннем паўстання ў Пецярбургу і арыштамі дзекабрыстаў на Поўдні. Кіраўнікі: падпалк. С.І.Мураўёў-Апостал і падпаручнік М.П.Бястужаў-Румін. Першай паўстала адна рота Чарнігаўскага палка (у в. Трылесы на ПдЗ ад Кіева), да якой далучыліся інш. роты. Прынятыя царскімі ўладамі захады перашкодзілі паўстанцам злучыцца з рэв. настроенымі часцямі ў Кіеве і Жытоміры. 15.1.1826 Чарнігаўскі полк разбіты ўрадавымі войскамі каля г. Белая Царква. Мураўёў-Апостал і Бястужаў-Румін пакараны смерцю, 5 чал. прыгавораны да бестэрміновай катаргі, каля 100 салдат — да цялесных пакаранняў.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОРНААЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, чорнаалешнікі,

фармацыя карэнных лісцевых лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае вольха чорная. На Беларусі займаюць 646,7 тыс. га (8,2 % агульнай пл. лясоў). Найб. буйныя масівы Ч.л. на Палессі, у Бярэзінскім біясферным запаведніку, Белавежскай і Налібоцкай пушчах. Растуць на нізінных балотах з глебамі ад перагнойна-глеевых да глыбокіх тарфяных. У падлеску пераважаюць крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя і каласковая, вярба попельная, ляшчына, маліна, каліна і інш. Вылучаюць асн. тыпы Ч.Л.: вятроўнікавы, асаковы, крапіўны, папарацевы, кіслічны, сніткавы, балотна-папарацевы, вербняковы, касачовы. Большасць тыпаў Ч.л. вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю, даюць драўніну для фанернай і мэблевай вытв-сці, піламатэрыялы. Маюць водарэгулявальнае значэнне, умацоўваюць берагі рэк і азёр.

А.​А.​Малажаўскі.

Чорнаальховы лес.

т. 17, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ, Кравец камень,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 500 м на З ад в. Вароніна Сенненскага р-на Віцебскай вобл., у пойме р. Абалянка. Валун буйназярністага ружавата-шэрага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату (авоіды ад 2 да 8 см у папярочніку). Даўж. 10,2 м, шыр. 6 м, выш. 2,7 м, у абводзе 26,4 м, аб’ём 60 м³, маса бачнай ч. каля 150 т. Ч.к. — другі па памерах ледавіковы валун на Беларусі. Формай нагадвае цэглу з акругленымі бакамі — класічны прыклад ледавіковай апрацоўкі. Прынесены ледавіком каля 20—17 тыс. г. назад з ПдЗ Фінляндыі. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛЫ́М,

рака, правы прыток р. Об, у Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі. Даўж. 1799 км, пл. бас. 134 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Белы і Чорны Іюс, што бяруць пачатак у Кузнецкім Алатау. Ад месца зліцця да г. Ачынск — горная рака, ніжэй цячэ па Чулыма-Енісейскай катлавіне, дзе разбіваецца на рукавы і часта перамяшчаецца; потым у шырокай пойме Чулымскай раўніны са шматлікімі азёрамі і старыцамі, рэчышча з многіх рукавоў. Гал. прытокі: Кемчуг, Чычкаюл (справа), Кія, Яя (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 785 м³/с. Сплаўная. Суднаходная на 1173 км ад вусця. На Ч. гарады Назарава, Ачынск, Асіна.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦІ́ЛІШЧА, чысцец,

паводле каталіцкага веравучэння — прамежкавае месца паміж раем і пеклам. У Ч. душы грэшнікаў, якія не атрымалі прабачэння ў зямным жыцці, але не абцяжараныя смяротнымі грахамі, перад тым як трапіць у рай, гараць у ачышчальным агні. Лёс душы ў Ч. можа быць аблегчаны, а тэрмін знаходжання яе там скарочаны, калі ў памяць памерлага родныя і блізкія, пакінутыя на зямлі, будуць рабіць «добрыя справы». У каталіцкім багаслоўі гэта выпрабаванне трактуецца як сімвал пакут сумлення і раскаянне. Уяўленне пра Ч. склалася ў 1 ст. Вучэнне аб ім распрацаваў Фама Аквінскі. Догмат пра Ч. прыняты на Фларэнційскім 1439 і пацверджаны на Трыдэнцкім 1562 саборах. Правасл. і пратэстанцкая цэрквы абвяргаюць вучэнне аб Ч.

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ПІК Міхаіл Піліпавіч (3.8.1925, в. Залессе Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 22.11.2000),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952). У 1951—85 мастак-дэкаратар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: «Вечар у вёсцы» (1953), «За намі родная зямля» (1958), «Горад увечары» (1961), «Уставай, краіна вялікая» (1967), «Курган славы» (1970), «Працоўныя будні» (1973), «На Купаллі» (1975), «Час цвіцення траў» (1980), «Партызанская быль» (1985), «Вячоркі» (1989), «Бульба» (1991), «Над родным Нёманам. Я.​Калас», «Сон» (абедзве 1992); у акварэлі, графіцы, плакаце. Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Вертэр» Ж.​Маснэ (1959). Творы вызначаюцца прастатой, раўнавагай і суразмернасцю кампазіцыі, яркай дэкаратыўнасцю, паэтызацыяй вобразаў.

Л.​Ф.​Салавей.

М.П.Чэпік.
М.Чэпік. На Купаллі. 1975.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСТАКО́Ў Міхаіл Дзянісавіч (3.11.1907, в. Нача Крупскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу.(1931), камандныя курсы пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. фронце. Танк. батальён на чале з капітанам Ш. вызначыўся 12.5.1942 у баі каля г. Харкаў (Украіна): фарсіраваў р. Бабка, захапіў у палон шмат гітлераўцаў з узбраеннем; у баі за с. Непакрытае паланіў батальён варожай пяхоты, асабіста Ш. пры адбіцці контратакі праціўніка агнём з танка знішчыў 4 гарматы з разлікамі, вызваліў сяло. Загінуў у гэтым баі. Яго імем названа вуліца ў в. Нача.

М.​Дз.Шастакоў.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)