АРТАДАНТЫ́Я [ад арта... + грэч. odus (odontos) зуб],
раздзел стаматалогіі, які вывучае дыягностыку, лячэнне, прафілактыку анамалій развіцця і дэфармацый зубоў, зубных радоў і сківіц у дзяцей і дарослых. Функцыянальныя расстройствы зубна-сківічнай сістэмы парушаюць дзейнасць і выклікаюць захворванні органаў стрававання і дыхання. Касметычныя недахопы і дэфекты мовы фарміруюць у дзяцей маўклівасць, замкнёнасць, што можа прывесці да адставання ў развіцці псіхікі. Лячэнне пачынаюць з ранняга ўзросту; адвучаюць дзіця ад шкодных звычак (ссанне пальца, языка, цацкі). Пры выражаных анамаліях зубна-сківічнай сістэмы выкарыстоўваюць артадантычныя апараты. Лячэнне ад некалькіх месяцаў да года і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ВАЧКА,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ж,
восьмая літара бел. і некат. інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай ж («жывеце»), што была ўтворана шляхам далучэння цэнтр. вертыкальнай рыскі да літары х («хер») або падваення літары Ꙁ («зямля»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «ж», «ж’» (вежа», «жити»). Не мела лічбавага значэння. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі зацвярдзелы шчыльны пярэднеязычны зычны гук «ж» (жыта»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў парны да яго па звонкасці і глухасці гук «ш» («нож—нош»). Уваходзіць у склад дыграфа «дж» («дажджы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Fe. Адрозніваюць Ж.с. зямное (тэлурычнае) і касмагеннае (метэарытнае), што трапляе на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Тэлурычнае, або ферыт, мае нікелю да 3%, аваруіт, або нікель-жалеза, — ад 30 да 80%, метэарытнае — камасіт — каля 6,4%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі рэдкія, звычайна дэндрыты, зерні, суцэльныя масы. Колер і бляск як у метал. жалеза. Цв. 4—5. Шчыльн. 7—7,8 г/см³. Коўкае. Ферамагнетык. Рэдкі мінерал, звязаны ў асноўным з базальтамі, утвараецца таксама ў сідэрытавых намнажэннях, каменных вуглях і ў балотных жал. рудах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАЎ,
старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.Г.Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́Т ВЭ́КСАЛЬНЫ,
крэдытная аперацыя, якая ўяўляе сабой куплю вэксаляда надыходу тэрміну плацяжу па ім (улік вэксаля). Пры К.в. пакупнік вэксаля (звычайна камерцыйны банк або банкаўская кантора) датэрмінова выплачвае (крэдытуе) яго трымальніку суму, на якую выпісаны вэксаль, за вылікам працэнтаў, памер якіх вызначаецца пагадненнем бакоў на базе існуючага працэнта за крэдытны капітал у залежнасці ад якасці і тэрміну вэксаля. Пры гэтым пакупнік вэксаля атрымлівае прыбытак за кошт розніцы паміж сумай, якую ён атрымае ў выпадку аплаты вэксаля абавязанай асобай, і сумай, выплачанай пры К.в. Звычайна да ўліку прымаюцца вэксалі, што ўтрымліваюць абавязацельствы фірм, плацежаздольнасць якіх гарантавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛ,
у беларусаў бандарны выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. К. рабілі з доўгіх (да 120—140 см) асінавых ці хваёвых клёпак, якія расстаўлялі вакол круглага, радзей эліпсоіднага днішча і сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі (былі К. і без іх). Неабходны элемент К. — накрыўка (простая ці з векам), якая заціскалася зверху засаўкай, прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь для замка. К. быў неабходным атрыбутам вясельнай абраднасці і шырока ўжываўся дапач. 20 ст. У наш час трапляецца эпізадычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),
вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш.Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЦЕ́ЛІЦА, завіруха, завея,
перанос снегу ветрам у прыземным слоі паветра. Адрозніваюць замець (перанос снегу, што раней выпаў, на выш. не больш за 2 м ад паверхні зямлі), нізавую М. (больш за 2 м), агульную М. (выпадзенне снегу пры моцным, больш за 10 м/с, ветры). Агульная і нізавая М. выклікаюць значнае пагаршэнне бачнасці, зрэдку да 100 м і менш. На Беларусі ўзнікненне М. звязана пераважна з праходжаннем цыклонаў. Колькасць сутак з М. за год 14—28, у асобныя зімы ўдвая больш, сярэдняя працягласць адной М. 5—7 гадз, часам да 2—3 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1814,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 6-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй і Прусіяй) з аднаго боку і пераможанай Францыяй з другога, падпісаны 30 мая ў Парыжы. Пазней да дагавора далучыліся Швецыя, Іспанія і Партугалія. Дагавор захоўваў за Францыяй тэрыторыю ў межах на 1.1.1792. Лёс тэрыторый, якія адыходзілі ад Францыі, падлягаў вырашэнню на міжнар. кангрэсе (гл.Венскі кангрэс 1814—15). Дагавор прадугледжваў аднаўленне незалежнасці Галандыі, Швейцарыі, герм. княстваў і італьян. дзяржаў (акрамя зямель, што адыходзілі да Аўстрыі). Абвяшчалася свабода суднаходства па рэках Рэйн і Шэльда. Францыі вярталася б.ч.калан. уладанняў, страчаных ёю ў час Напалеонаўскіх войнаў.