МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),
візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас.школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн.паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.
Тв.:
Рус.пер. — Хронография. М., 1978.
Літ.:
Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШКІ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Вілія, на аўтадарозе Вільнюс—Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 280 км ад Гродна, 41 км ад чыг. ст. Гудагай. 791 ж., 297 двароў (1998).
Вядомы з канца 15 ст. як паселішча Вілія кн. Радзівілаў, потым Пронскіх, Кенішкаў і інш. Назва М. ад уладальнікаў Міхальскіх. У 1528 у М. 71 двор. У 1604 куплены Бжастоўскімі, якія ў 1622 заснавалі тут кляштар аўгусцінцаў. З 1669 праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Віленскага пав. У 1885—843 ж., 62 двары, касцёл, сінагога, яўр. школа, бровар, таргі па нядзелях. У 1921—39 у Польшчы, у Віленскім ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на (у 1962—65 у Смаргонскім р-не).
Лясніцтва. Сярэдняя і муз.школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова (звычайна гуманітарна-філал. кірунку). Тэрмін запазычаны са Стараж. Грэцыі (гл.Гімнасій). Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адчыненая ў 1538 у Страсбуры (Францыя). У 16—18 ст. гімназіі ўзніклі ў многіх гарадах Германіі. У 19 ст. гімназіямі звычайна называлі сярэднія школы з адносна трывалым курсам навучання, дзе гал. ўвага аддавалася вывучэнню помнікаў класічнай л-ры. Назву гімназіі мелі адпаведныя навуч. ўстановы большасці краін Еўропы, у т. л. Расіі. Яны былі найб. пашыраным тыпам сярэдняй школы, арыентаванай гал. чынам на шырокую інтэлектуальную адукацыю. У 2-й пал. 19 — 1-й пал. 20 ст. ўзніклі разнавіднасці гімназіі: рэальныя, новых моў, прыродазнаўча-матэматычныя і інш. У многіх краінах гімназіі захоўваюць значэнне адзінай сярэдняй навуч. ўстановы, якая дае права паступлення ва ун-т.
На Беларусі гімназіі дзейнічаюць з пач. 19 ст. У 1804 у гімназіі пераўтвораны гал.нар. вучылішчы. Паводле «Статута навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі» (1803) гімназіі адкрыты ў Мінску (1803), Свіслачы (1807), Віцебску (1808), Магілёве (1809), Слуцку (1827), Гродне (1834), Жыровічах. Статут 1864 прадугледжваў 3 тыпы гімназій з 8-гадовым курсам навучання: класічныя з грэч. і лац. мовамі, класічныя з лац. мовай (давалі права паступлення ва ун-ты і інш.ВНУ), рэальныя, без стараж. моў (у большым аб’ёме выкладалася прыродазнаўства, што давала права паступлення ў вышэйшыя тэхн.навуч. ўстановы). У 1870 у гімназіі перайменаваны жаночыя вучылішчы Мін-ванар. асветы з 6-гадовым курсам навучання. З 1872 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. На Беларусі да 1913 дзейнічалі жаночыя дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слуцку і інш. На 1.1.1915 было 14 дзярж. і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзярж. і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У 1918 на сав.тэр. Беларусі гімназіі скасаваны. У Зах. Беларусі ў 1917 — пач. 1920-х г. Адкрыта 6 прыватных бел. гімназій: Будслаўская беларуская гімназія, Віленская беларуская гімназія, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. гімназіі ў Зах. Беларусі закрыты польск. ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Зах. Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) гімназіі як тып навуч. ўстановы былі скасаваны. У 1920—30-я г. ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзярж.бел. гімназіі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1996/97 навуч.г. ў Рэспубліцы Беларусь працавала 68 гімназій (63,5 тыс. вучняў). Сучасныя гімназіі — сярэднія агульнаадук. ўстановы з павышаным узроўнем навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням.школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац.школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́Ц,
горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр Лунінецкага раёна. У Вял.
Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.
Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех.з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт.школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх.школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА (старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва) (1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс.н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),
класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц.школыэліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Антычнае мастацтва. Барацьба Зеўса з гігантамі. Фрагмент фрыза Пергамскага алтара. Каля 180 да н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Арка Ціта ў Рыме. 81 н. э.Да арт.Антычнае мастацтва. Амфара. 360 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІВАЗНА́ЎСТВА,
комплексная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю, арганізацыю, тэорыю і практыку работы архіваў у галіне ўліку, апісання, выкарыстання, забеспячэння захаванасці дакументаў, навук. арганізацыі працы і эканомікі архіўнай справы. Практычнае архівазнаўства як набор правілаў па захаванні, уліку і выкарыстанні дакументаў існуе з глыбокай старажытнасці.
У 16—18 ст. у краінах Зах. Еўропы склалася «навука пра архівы», якая вызначала іх месца ў дзярж. апараце, класіфікацыю дакументаў, іх апісанне і выкарыстанне для практ. мэтаў; з канца 18 ст. распрацоўваліся пытанні камплектавання, захаванасці з мэтаю навук выкарыстання дакументаў і экспертызы. Да канца 19 ст. архівазнаўства аформілася ў самаст. навук дысцыпліну, з’явіліся нац.школы архівазнаўства. З пач. 20 ст. ў архівазнаўства ўвайшлі паняцці фондавага прынцыпу класіфікацыі дакументаў, камплектавання архіваў кінафотафонадакументаў і інш.; з сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы пошуку дакумент. інфармацыі. У б.СССР вынікі распрацовак друкавалі ў час. «Советские архивы», «Трудах Всесоюзного научно-исследовательского института документоведения и архивного дела» і інш.
На Беларусі распрацоўка пытанняў архівазнаўства вядзецца ў Бел.н.-д. цэнтры дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, дзярж. архівах. Як спец.гіст. дысцыпліна архівазнаўства выкладаецца на гіст. ф-тах універсітэтаў.
Літ.:
Вопросы архивоведения и источниковедения в БССР. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЧЫВА́ДЗЕ,
грузінскія кампазітары. Бацька і сын.
Мелітон Антонавіч (5.1.1863, в. Баноджа, каля г. Цхалтуба — 21.11.1937), нар.арт. Грузіі (1933). Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Збіраў нар. песні, кіраваў харамі. У 1918 заснаваў Кутаіскае муз. вучылішча (цяпер яго імя). Адзін з пачынальнікаў груз. оперы («Тамара Каварная», 1897, паводле драм. паэмы «Дарэджан Каварная» А.Цэрэтэлі) і раманса.
Андрэй Мелітонавіч (н. 1.6.1906, С.-Пецярбург), нар.арт.СССР (1968), Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Тбіліскую (1926, клас М.Іпалітава-Іванава) і Ленінградскую (1931) кансерваторыі. З 1935 выкладаў у Тбіліскай кансерваторыі (з 1942 праф.). Адзін з заснавальнікаў груз. кампазітарскай школысав. часу. Аўтар 3 опер. у т. л. «Мзія» (1950), першага нац. балета «Сэрца гор» («Мзечабукі», 1936), балетаў «Старонкі жыцця» (1961), «Мцыры» (1964), 4 сімфоній, 4 канцэртаў для фп. з арк., канцэрта для фп. і струннага арк. (1978), камерна-інстр. ансамбляў, фп. п’ес, хароў, песень, музыкі да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1946 і 1947. Дзярж. прэмія Грузіі 1969.
Літ.:
Хучуа П. Мелитон Баланчивадзе Тбилиси, 1964;
Орджоникидзе Г. Андрей Баланчивадзе. Тбилиси, 1967;
А.Баланчивадзе: Сб. статей и материалов. Тбилиси, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да канца чэрв. 1944 у Барысаве і раёне. У ліку першых падп. група на чале з І.П.Даўгалавым і У.У.Лазоўскім створана на шклозаводзе. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіліся маладзёжныя групы Б.П.Качана і ў Стара-Барысаве. Пад кіраўніцтвам Ф.П.Падаляна і А.К.Саламаціна дзейнічала група піянераў на чале з В.Пашкевічам. Дзейнічалі групы: на чыг. станцыі (кіраўнік Дз.І.Лебедзеў), настаўнікаў (У.К.Бранавіцкі), на электрастанцыі, з-дах «Камінтэрн» і «Чырвоны металіст», запалкавай ф-цы, дрэваапр. камбінаце і інш. У рабоце падполля ўдзельнічалі ваеннаслужачыя. У горадзе працаваў падп. шпіталь і дзейнічала падп. група мед. работнікаў на чале з П.Н.Вусціным. Працавала друкарня Барысаўскага падп. гаркома-райкома КП(б)Б. Барысаўскія патрыёты выявілі школу абвера ў пас. Печы і яе філіял у прыгарадзе Барысава, знішчылі фельдкаменданта горада і нач. будаўнічай школы, вывезлі да партызанаў нач. барысаўскага аддз. контрразведкі штаба 4-й ням. арміі з важнымі дакументамі, здабылі план умацаванняў і ваен. аб’ектаў Барысава, схемы абарончых ліній Антосіна—Брылі, план перапраў цераз Бярэзіну і інш.