ФРАНК (Franck) Сезар Агюст (10.12.1822, г. Льеж, Бельгія — 8.11.1890),

французскі кампазітар, арганіст, педагог; стваральнік франц. кампазітарскай школы; прадстаўнік т.зв. руху аднаўлення ў франц. музыцы. Вучыўся ў Льежскай, Парыжскай (з 1872 яе праф.) кансерваторыях. Працаваў у многіх жанрах. Найб. дасягненні ў сімф., камерна-інстр. і арганнай музыцы. У творчасці спалучаў класічную дакладнасць стылю з яркай вобразнасцю. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Гульда» (паст. 1894); сімфонія (1888); сімф. паэмы, у т. л. «Пракляты паляўнічы» (1882), «Джыны» (1884) і «Сімф. варыяцыі» (1885); фп. квінтэт (1879), саната для скр. і фп. (1886), фп. цыклы «Прэлюдыя, харал і фуга» (1884), «Прэлюдыя, арыя і фінал» (1887), 3 харалы для аргана (1890); рамансы, песні, фп. транскрыпцыі.

Літ.:

Рогожина Н.И. Сезар Франк. М., 1969.

С.А.Франк.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)