горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Осака. 10 609 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1998). Другі (пасля Токіо) па велічыні і эканам. значэнні горад Японіі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Унутр. Японскім м. (больш за 40% экспарту краіны). Міжнар. аэрапорт Ітамі. Гандл.-фін. цэнтр; фондавая, рысавая, бавоўнавая біржы, банкі. Прам-сць: цяжкая, у т. л.вытв-сць сталі, пракату, вырабаў з каляровых металаў; дакладнае машынабудаванне, судна-, энерга-, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць радыётэхн. абсталявання; тэкст. (тонкія шарсцяныя і баваўняныя тканіны, трыкатаж), хім. (гумавыя, сінт., лакафарбавыя вырабы), харч. (рыбакансервавая, мукамольная, цукровая і інш.), фармацэўтычная, дрэваапр., паліграф., цэм., шкляная, керамічная. Метрапалітэн. Ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў і музыкі, горада, яп.маст. рамёстваў і інш. Планетарый. Шматлікія каналы, паркі Наканосіма і Тэнодзі і ландшафтны сад Кэйтаку-эн. Арх. помнікі: храм Сітэнодзі (6 ст., перабудаваны ў 1623), сінтаісцкі храм Тэмангу (10 ст., перабудаваны ў 1901), замак (1586, рэстаўрыраваны ў 1931) і інш.
У старажытнасці на месцы О. існавала паселішча Наніва. У 5—9 ст. у ім была часовая рэзідэнцыя яп. імператараў. З часам развілася ў партовы горад. У 1583—86 правіцель Японіі Хідэёсі Таётомі пабудаваў у О. крэпасць (разбурана ў міжусобнай вайне ў 1615, адбудавана ў 1620—30) і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй У 17—19 ст. буйны горад, важны гандл. цэнтр Японіі. З канца 19 ст. тут развіваецца тэкстыльная, з пач. 20 ст. — цяжкая прам-сць. У пач. 20 ст. О. — адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну часткова разбураны амер. авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),
антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі з гуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фон Зутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш.Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.
Літ.:
Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ НІ́ЖНІ ЗА́МАК, Стралецкі замак. Пабудаваны паводле загаду цара Івана IV Грознага пасля ўзяцця Полацкарус. войскамі ў 1563, прымыкаў да Полацкага Верхняга замка.
Пл. 6 га. З У і ПдЗ быў абгароджаны валам (вал Івана IV Грознага) даўж. каля 600 м, выш. да 10 м, шыр. у аснове да 30 м. Першыя звесткі пра замак і вал сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16 ст., калі пад кіраўніцтвам баярына П.І.Шуйскага ваяводы П.Зайцаў і Б.Шчокін значна ўмацавалі Полацк. У гэты час і насыпаны вал. Пры яго буд-ве быў выкарыстаны грунт аб’ёмам каля 230 тыс.м³. Частка грунту была ўзята з месца, дзе капалася новае рэчышча р. Палата (паміж стараж. полацкімі гарадзішчам і селішчам). Паводле плана 1579 С.Пахалавіцкага, на вале было 8 вежаў. У цэнтры замка стаяла вежа-данжон. У сярэдзіне —2-й пал. 17 ст. вежы і сцены замка заменены «тынам стаячым». З канца 16 ст. замак перастаў адыгрываць фартыфікацыйную ролю, у 1579 войскі С.Баторыя штурмавалі полацкія ўмацаванні з боку Верхняга замка. У пач. 17 ст.тэр. Ніжняга замка ўключана ў Полацкі Вялікі пасад. Археал. даследаванні П.Н.з. праводзілі Л.Д.Побаль (1959), Г.В.Штыхаў (1962, 1964), С.В.Тарасаў (1986, 1989, 1990). У 1984 на тэр. замка знойдзены скарб стараж. залатых рэчаў (гл.Полацкія скарбы).
Літ.:
Дэйніс І.П. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. №2;
гл. таксама пры арт.Полацкі Верхні замак.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Ніжні замак. Полацкія замкі. З гравюры 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біяхіміі, які вывучае змены абмену рэчываў, што ўзнікаюць у арганізме ў выніку дзеяння на яго іанізавальнага выпрамянення. Цесна звязана з радыебіялогіяй. Асн. задача Р.б. — высвятленне механізмаў узнікнення асаблівасцей цячэння метабалічнай рэакцыі арганізма ў адказ на апрамяненне на малекулярным, субклетачным, клетачным, аргана-тканкавым, арганізмавым узроўнях. На Беларусі Р.б. развіваецца з канца 1950-х г. Даследаванні праводзяцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі Нац.АН, БДУ, Віцебскім мед. ін-це і інш. Уклад у Р.б. зрабілі А.Ц.Пікулеў, Л.С.Чаркасава, Т.М.Міронава, В.Г. і К.В. Фамічэнкі і інш. Вывучаліся дзеянні лятальных доз рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў на бялковы і вугляводны абмен у функцыянальна важных тканках жывёльнага арганізма, малых доз вострага, фракцыянаванага і хранічнага апрамянення на паказчыкі абмену рэчываў (прыярытэт бел. школы біяхімікаў), складаных бялковых біяпалімераў, амінакіслот, ферментаў вугляводна-энергет. нуклеінавага абмену, дзеянне адносна невял. доз нейтронаў прамежкавых энергій на абмен рэчываў. Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) арганізаваны Ін-т радыебіялогіі Нац.АН Беларусі, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Даследуюцца эфекты малых доз радыяцыі на гарманальны статус арганізма (гармоны шчытападобнай, падстраўнікавай і палавых залоз), фосфарна-кальцыевы абмен, метабалізм вугляводаў, імуналагічныя паказчыкі (Я.Ф.Канапля, Г.Р.Гацко, І.М.Багель і інш.).
Літ.:
Ионизирующее излучение и обмен веществ. Мн., 1962;
Фамічэнка К.В., Петрусенка Г.П. Сістэма нуклеаз у тканках пасля адрэналэктаміі і рэнтгенаўскага апраменьвання // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1985. № 5;
Основные итоги выполнения научного раздела Гос. программы РБ по минимизации и преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 1996—2000 гг. за 1996 г.Мн. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),
агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав.ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач.Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс.чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.
Літ.:
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;
Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́АРЫНЕНЫ (Saarinen),
сям’я архітэктараў. Нарадзіліся ў Фінляндыі. Эліэль С. (20.8.1873, г. Рантасалмі — 30.6.1950), фінскі архітэктар, пачынальнік нац. рамантызму ў фін. архітэктуры. У 1893—97 вучыўся ва ун-це і політэхн. ін-це ў Хельсінкі. З 1923 працаваў у ЗША. Зазнаў уплыў амер., англ. і ням. архітэктуры канца 19 ст. Супрацоўнічаў з арх. А.Ліндгрэнам і Г.Гезеліусам (сумесныя пабудовы — фін. павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1900; Нац. музей у Хельсінкі, 1906—09). Звяртаўся да традыцый фін.нар. дойлідства, выкарыстоўваў мясц.буд. матэрыялы (дрэва, граніт), урачысты, геам. арнаментальны дэкор, імкнуўся да рацыянальнай арг-цыі прасторы (цэнтр. вакзал у Хельсінкі, 1904—14). Стварыў праект «Вял. Хельсінкі» (1915—18, не ажыццёўлены), засн. на прынцыпах дэцэнтралізацыі гар. структуры, імкненні да адзінства архітэктуры і ландшафту, што паўплывала на горадабудаўніцтва 20 ст.Эра С. (20.8.1910, г. Кірканумі — 1.7.1961), амер. архітэктар. Сын Эліэля С. З 1923 жыў у ЗША; працаваў з бацькам. Вучыўся ў арх. школе Іельскага унта ў Нью-Хейвене (1934). Пасля смерці бацькі здзейсніў іх сумесны праект Тэхн. цэнтра кампаніі «Джэнерал мотарс» у Уорэне (штат Мічыган; 1945—55). Зазнаў уплыў Л.Міс ван дэр Роэ. Ад рацыяналізму і неакласіцызму 1950-х г. перайшоў да арганічнай архітэктуры, пазней наблізіўся да бруталізму. Для творчасці С. характэрны пошукі сімвалічнай выразнасці арх. форм, пластычнасці, рамант. экспрэсіі (капэла Масачусецкага тэхнал. ін-та ў Кеймбрыджы, ЗША, 1953—56, аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962, будынак аэравакзала імя Далеса каля Вашынгтона, 1962).
Да арт.Саарынены. Эліэль Саарынен. Цэнтральны вакзал у Хельсінкі.Да арт.Саарынены. Эра Саарынен. Аэравакзал імя Далеса каля Вашынгтона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАГО́СА (Zaragoza),
горад на ПнУ Іспаніі, на р. Эбра. Адм. ц. аўтаномнай вобласці Арагон і прав. Сарагоса. Каля 650 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. прылада- і аўтамабілебудаўнічая, вытв-сць чыгуначнага, с.-г., эл.-тэхн. абсталявання; харч., хім., тэкст., дрэваапр., коркавая, цэм., гарбарна-абутковая. Канцавы пункт нафтаправода Рота — С. Ун-т. Штогадовыя прамысл. кірмашы.
Засн. ў 27 да н.э. на месцы іберыйскага паселішча як рым. калонія пад назвай Цэзарэя-Аўгуста. У 452 н.э. захоплена свевамі, у 476 — вестготамі. У 714—1118 пад уладай арабаў, у 11 — пач. 12 ст. цэнтр Сарагоскага эмірата. У 1118 горад адваяваны ў арабаў войскамі караля Арагона Альфонса 1, з 1119 сталіца Арагонскага каралеўства, атрымала права самакіравання і інш. прывілеі. У 14—16 ст. адзін з важнейшых эканам. (вытв-сць сукна) і культ. (у 1474 засн.ун-т) цэнтраў Арагона. У 17—18 ст. эканамічна заняпала. У 1-ю ісп. рэвалюцыю 1808—14 (гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя) двойчы ўзята ў аблогу франц. войскамі (1808, 1808—09). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 месца баёў паміж рэсп. войскамі і франкістамі.
У структуры цэнтра горада захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі стараж.-рым. калоніі. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. пабудоў, маўрытанскіх будынкаў (10—12 ст.) з узорыстай цаглянай муроўкай, дэкар. купаламі, абліцоўкай шматколернай кафляй, сабор Ла-Сеа (1119—1550; фасад канца 17 ст. ў стылі эрэрэска; вежа 1685), касцёлы ў стылі мудэхар (Санта-Марыя Магдалена і інш.), біржа («лонха», 1551, готыка і платэрэска), палацы 16 ст. ў стылі платэрэска. У С. — правінцыяльны музей прыгожых мастацтваў.