МУЗЫКА 16-18 ст.
У эпоху Адраджэння ўзмацнілася роля свецкага кампанента ў муз. культуры Беларусі. Гал. асяродкам развіцця прафес. муз. мастацтва заставаўся храм. На Беларусі, дзе гістарычна адбылося перакрыжаванне канфесіянальных плыней, у 16—18 ст. склалася спецыфічнае поліканфесіянальнае асяроддзе, у якім правасл. музыка суіснавала з каталіцкай, пратэстанцкай і уніяцкай, а таксама з музыкай нехрысціянскіх канфесій. З канца 16 ст. з традыц. правасл. спевамі суіснавалі супрасльскі і кіеўска-літоўскі і бел. спевы, а таксама рэгіянальныя: віцебскі, куцеінскі, магілёўскі, мірскі, нясвіжскі, слуцкі і інш. З 2-й пал. 16—17 ст. характэрны ўплывы каталіцызму. Некаторыя бел. манастыры былі перавезены ў Расію, у т. л. Куцеінскі з-пад Оршы, які стаў асновай аднаго з культурных цэнтраў Расіі — Новаіерусалімскага манастыра, дзе склалася новаіерусалімская школа стваральнікаў тэкстаў і мелодый, кантаў і псальм. Бел. распеўшчыкі (васпевакі) уваходзілі ў склад хароў патрыяршых гасударавых пеўчых дзякоў. Бел. тэарэтыкі разам з укр. і рас. пад кіраўніцтвам наўгародца І.Шайдура распрацавалі сістэму кінаварных памет, тэарэтычна замацавалі і абгрунтавалі пашыраны ў той час у пеўчай практыцы гукарад (з чатырох сугалоссяў). Значны ўклад у развіццё правасл. царк. спеву зрабілі маскоўскія Іверскі і Новадзявочы манастыры, якія цалкам складаліся з беларусаў. Імі створаны новыя рукапісы, песнапенні і бел. (літоўскія) спевы, у т. л. вяцкі, іверскі, старасіманаўскі і інш. У маскоўскіх харах спявалі бел. «васпевакі» Я.Канюхоўскі, Я.Календа, І.Дзякоўскі, І.Кокля з Полацка, дзяк Тызенгауз з Вільні, А.Беражанскі і інш. Беларусы А.Мезянец стварыў адзіную тэарэтычную працу (выконвала ролю падручніка) па знаменным спеве: «Извещение о согласнейших пометах» (1668), Ц.Макар’еўскі з-пад Оршы — «Ключ разумення» (канец 17 ст.). Бел. пеўчае мастацтва і кантавая культура паўплывалі на ўсю рас. літургічную музыку. З сярэдзіны 17 ст. ўвесь царк. спеў у Маскве знаходзіўся цалкам у руках «выхадцаў з Польшчы і Літвы», якія былі і настаўнікамі. Херувімскія бел. спевы ўвайшлі ў літургію Іаана Златавуста, розныя рэдакцыі ўкр. і рус. ірмалояў, рус. ўстаўныя пеўчыя кнігі. Мелодыя канта беларуса Е.Славінецкага «Радуйся радасць» стала асновай рас. херувімскай. Са знаёмствам бел. і ўкр. кантавай культуры ў расійскую прыйшоў шматгалосы, партэсны спеў, што садзейнічала пераходу ўсёй рас. пеўчай культуры на новы зах.-еўрап. ўзровень. У канцы 16 ст. вылучаліся бел. хары Віленскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага, Куцеінскага і інш. брацтваў, якія выконвалі духоўныя і свецкія творы на 4—6, 8 і 12 галасоў. Бел. манастыры (Супрасльскі, Благавешчанскі, Жыровіцкі, Магілёўскі і інш.) і цэрквы былі культурна-асветніцкімі цэнтрамі і апорай праваслаўя. У Супрасльскім манастыры быў запісаны ўвесь корпус правасл. песнапенняў (складальнік Б.Анісімовіч), выйшлі антыкаталіцкія і антыуніяцкія рукапісныя палемічныя артыкулы. Правасл. асновы набажэнства і спеваў захаваліся ва уніяцкіх, асабліва базыльянскіх, манастырах (у 17 ст. ў Жыровіцкім манастыры створана некалькі рукапісных ірмалояў). У канцы 18 ст. ствараліся новыя рукапісныя пеўчыя зборнікі з квадратнай лінейнай і неўменнай натацыямі, а таксама спісы з больш стараж. рукапісаў, пашыраліся гуманіст. і дэмакр. духоўныя канты, развівалася багатая бел. народнапесенная і інстр. творчасць. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. бел. царк. музыка, захоўваючы свае лакальныя асаблівасці, развівалася ў рэчышчы рас. богаслужэбнага (літургічнага) спеву. У цэрквах гучалі кананічныя ўстаўныя песнапенні, зацверджаныя Сінодам.
На Беларусі з канца 14 ст. з’явілася каталіцкая музыка як неад’емны кампанент лацінскага абраду. Муз. афармленне каталіцкіх набажэнстваў складалася з стылістычна розных кампанентаў: архаічнага грыгарыянскага харала, вакальна-харавых твораў a cappella з інстр. суправаджэннем, інстр., у т. л. арганных кампазіцый, рэлігійных песень. Пранікненне каталіцызму садзейнічала культываванню на Беларусі арганнай музыкі: цыклы месы-ардынарыя, рэквіема, асобныя інтроіты, градуалы, секвенцыі, камуніо і інш., спевы афіцыя. З 16 ст. характэрны росквіт каталіцкай муз. традыцыі на Беларусі. Музыка, у т. л. інстр., была абавязковым прадметам у навук. каталіцкіх установах усіх узроўняў. Вядучая роля ў муз.-адукац. дзейнасці належала ордэну езуітаў. Каталіцкая царква на Беларусі развівалася ў цесных сувязях з еўрап. каталіцкімі ўстановамі ў рэчышчы агульнаеўрап. тэндэнцый і з’яўлялася інтэгральнай часткай еўрап. муз. традыцыі. На Беларусі суіснавалі розныя традыцыі муз. афармлення каталіцкіх набажэнстваў: высокапрафес. езуіцкая (арыентаваная на апошнія еўрап. навацыі), дамініканская (кансерватыўна-ахоўная), францысканская (разлічаная на дапасаванне да густаў простых вернікаў) і інш. Віленская езуіцкая акадэмія была цэнтрам каталіцкай музыкі, у ёй працавалі еўрап. адукаваныя кампазітары і музыканты (Я.Брант, С.Лаўксмін, М.Радаў, Ш.Берант, М.Крэчмер і інш.). У 17 ст. на Беларусі пашырылася нотадрукаванне: «Песні» Я.Бранта (1601), «Спеўнік» В.Барташэўскага (1613), «Літаніі» Ш.Беранта (1638, 1639), харальныя «Градуал» (1667, 1693, 1742) і «Антыфанарый» (1667, 1694, 1742; складзены С.Лаўксмінам). Першы ў ВКЛ падручнік па тэорыі харальных спеваў на лац. мове «Тэорыя і практыка музыкі» С.Лаўксміна (1667, 1669, 1693). Большасць твораў каталіцкай музыкі 18 ст. францысканскага паходжання. У літургічных жанрах у 2-й пал. 18 ст. працавалі манах-францысканец Шымкевіч, музыканты са Слонімскай капэлы М.К.Агінскага (Ён, Л.Грабенбаўэр).
Пратэстанцкая канфесія таксама значна паўплывала на фарміраванне муз.-прафес. мастацтва Беларусі. Яе пранікненне на бел. землі і развіццё прыйшліся на сярэдзіну 16 ст. пад уплывам ідэй Рэфармацыі, якія ахапілі значную частку тутэйшай арыстакратыі. Наймацней уплыў на муз. мастацтва выявіўся ў выдавецкай дзейнасці пратэстантаў: выданнем першага на Беларусі нотнага выдання «Берасцейскі канцыянал» (1558), «Нясвіжскага канцыянала» (1563) і інш.
У канцы 15 — пач. 16 ст. на Беларусі пачала фарміравацца уніяцкая муз. традыцыя. Яна звязана з прынцыповымі зменамі ў правасл. музыцы, з моцным уплывам зах.-еўрап. муз. культуры, прыняццем зах. сістэмы ноталінейнага запісу муз. кампазіцый, спевамі шматгалосых партэсных твораў, арыентаваных на заходнееўрап. канцэртны стыль. Муз.-літургічная практыка уніятаў, пабудаваная паводле каталіцкай мадэлі, складалася з традыц. бел.-ўкр. знаменнага спеву, шматгалосых харавых кампазіцый поліфанічнага ці гамафонна-гарманічнага складу (a cappella з інстр. суправаджэннем), простых напаўфальклорных песень у выкананні вернікаў. Мэтанакіраванае і паслядоўнае выкананне уніятамі стараж. пеўчых традыцый бел.-ўкр. знаменнага спеву захаваліся ў рукапісных ірмалоях 17—18 ст. з Супрасля, Жыровічаў, Смаленска, а таксама ў першых слав. нотных друках, прызначаных для уніяцкіх цэркваў: Львоўскія (1700, 1709) і Пачаеўскія (1766, 1793) ірмалоі, Асмагласнікі (1776, 1793). Для уніяцкай музыкі характэрна шырокае выкарыстанне аргана і інстр. капэл. Арган Жыровіцкага базыльянскага кляштара лічыўся адным з найлепшых інструментаў 17 ст. У Супраслі быў выдадзены першы збор рэліг. песень усх. славян — «Багагласнік» (1790). Сярод цэнтраў уніяцкай муз. культуры Супрасльскі, Жыровіцкі, Віленскі базыльянскія манастыры. З 16 ст. на Беларусі побач з хрысціянскімі дзейнічалі і нехрысціянскія канфесіі — іудаізм і іслам са сваімі муз. традыцыямі.
Свецкая вак. і інстр. музыка звязана з княжацкім замкавым, ваен., гар. побытам. З 16 ст. пры каралеўскіх, велікакняжацкіх і магнацкіх дварах ствараліся муз. асяродкі, у якіх працавалі таленавітыя мясц. і замежныя музыканты. У Гродне з 1543 для абслугоўвання ўрачыстасцей знаці дзейнічала «Літоўская капэла» (у складзе 15 музыкантаў, відаць, мясц. паходжання), пры двары Стафана Баторыя ў 1580-я г. існавала капэла, пры якой працавалі аўтары вак. і інстр. (пераважна лютневых) твораў Крыштоф Клабан і Войцех Длугорай. Пры дварах магнатаў і вял. князёў у 16 ст. працавалі таксама: славянскія кампазітары Цыпрыян Базылік і Вацлаў з Шамотул, Мікалай Гамулка і Ян Брант, венгерскі лютніст і кампазітар Валянцін Бакфарк, многія італьян. музыканты, у іх ліку вядомыя кампазітары Лука Марэнцыё, Джавані Баціста Качола, лютніст і кампазітар Дыямед Като, арганіст Антоній Мафон. Пры дварах мясц. арыстакратыі выконваліся аўтарскія і ананімныя творы, узоры якіх захаваліся ў «Віленскім сшытку» і Астрамечаўскім рукапісе (т.зв. «Полацкім сшытку»; абодва 17 ст.). У 16—18 ст. муз. афармленне характэрна для тэатральных пастановак навучальных устаноў розных канфесій у гарадах і мястэчках Беларусі, у т. л. Брэсце, Гродне, Жыровічах, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Слоніме. У школьных спектаклях, прымеркаваных да рэлігійных і свецкіх свят, выконвалася вак. (канты, псальмы, гімны, песні) і інстр. (муз. найгрышы, танцы) музыка, адпаведная зместу і характару п’ес. У інтэрмедыях і інтэрлюдыях, што разыгрываліся паміж асноўнымі часткамі дзеі, часам выкарыстоўвалі нар. мелодыі. Па меры развіцця школьнага т-ра роля музыкі ў пастаноўках вырасла, пачалі выконваць оперныя творы. Захавалася рукапісная партытура аднаго з іх — «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага і М.Цяцерскага (Забельскі дамініканскі калегіум, 1789), які арганічна яднае рысы школьнай пастаноўкі і ўласна оперы. З 2-й пал. 18 ст. пры магнацкіх дварах узнікалі і пашыраліся муз. асяродкі, якія ядналі муз. т-ры, аркестры-капэлы і муз.-тэатр. школы. Сярод найб. муз. цэнтраў: Нясвіж і Слуцк (Радзівілаў), Слонім (М.Казіміра Агінскага), Гродна (А.Тызенгаўза), Шклоў (С.Зорыча) і Дзярэчын (Сапегаў). На сцэнах магнацкіх т-раў ставіліся сусветная оперная класіка, а таксама першыя мясц. оперы, у т. л. «Агатка, або Прыезд пана» Я.Голанда і М.Радзівіла. На канцэртах гучалі сімфанічныя і камерныя творы італьян., франц., аўстра-ням. кампазітараў, а таксама кампазіцыі мясц. аўтараў. У магнацкія цэнтры запрашалі кампазітараў і выканаўцаў з розных краін. Працавалі таленавітыя мясц. музыканты Ежы Бакановіч, Лявон Сітанскі, Ян Ценціловіч, будучыя вядомыя кампазітары (В.Казлоўскі). Развівалася таксама аматарскае выканальніцтва і творчасць (М.Радзівіл, М.Казімір Агінскі). У канцы 18 ст. ў сувязі з сац.-паліт. падзеямі і разбурэннем ранейшай інфраструктуры магнацка-арыстакратычнай культуры большасць магнацкіх муз. асяродкаў спыніла сваё існаванне і саступіла месца новым формам муз. жыцця. Дзейнасць магнацкіх «музычных сядзіб» спрыяла развіццю на Беларусі розных форм муз. творчасці, выканальніцтва і адукацыі, росту муз. прафесіяналізму, станаўленню тэатр.-канцэртных жанраў, творчаму засваенню норм еўрап. муз. класіцызму.
т. 18, кн. 2, с. 668