КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.​Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.​Бычковым у 1893.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЙКА,

старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус. нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел. нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.​Купалы наз. «Жалейка», 1908).

І.​Дз.​Назіна.

Жалейкі: 1 — жалейка; 2 — (злева направа) чаротка і пішчыкі; 3 — дужа язычковая.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г. ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АН СССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.​Чэхава, Л.​Талстога, А.​Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.​Кудравец, В.​Адамчык.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1989—91;

Бел. пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.

Літ.:

Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

С.П.Залыгін.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГВАЛТАВА́ННЕ,

злачынны ўчынак, звязаны з палавымі зносінамі, пры ўжыванні фіз. насілля, пагроз ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану. Найчасцей З. ўчыняюць гетэрасексуалы, зрэдку бісексуалы. Доказам З. ў нявінніцы з’яўляецца анат. парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы, у дзяцей магчымы надрывы палавых губ, прамежнасці і разрывы похвы. Пры З. з фіз. насіллем жанчыне наносяць цялесныя пашкоджанні, пазбаўляюць яе магчымасці супраціўляцца (звязваюць, закрываюць рот і інш.); можа быць з пабоямі, спробамі душыць, параніць і інш. Псіхічнае насілле пры З. выражаецца ў пагрозе ці запалохванні пацярпелай або блізкіх ёй людзей. Можа мець вынікі: цяжарнасць пацярпелай, асабліва непаўналетняй, заражэнне венерычнай хваробай, СНІДам, нерв. і псіхічныя расстройствы.

З. ў крымінальным правезлачынства супраць палавой свабоды жанчыны, якое выяўляецца ў палавой сувязі з выкарыстаннем насілля, пагрозы або бездапаможнага становішча пацярпелай; адно з цяжкіх злачынстваў супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы, адказнасць за якое прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Закон прадугледжвае асаблівы парадак узбуджэння крымін. спраў аб З. (справа аб З. без абцяжваючых акалічнасцей узбуджаецца толькі па заяве пацярпелай), разглядаецца яна судом, як правіла, на закрытым пасяджэнні. Бел. крымін. права прадугледжвае суровае пакаранне за З. ў выглядзе доўгатэрміновага пазбаўлення волі, а пры З. пры абцяжваючых акалічнасцях — аж да пакарання смерцю.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сукупнасць эмпірычных ведаў, назапашаных людзьмі ў працэсе гіст. развіцця аб праявах хвароб, лек. уласцівасцях раслін, рэчываў жывёльнага і мінер. паходжання; шэраг прыёмаў, накіраваных на лячэнне і прадухіленне захворванняў.

Метады Н.м. вядомы з глыбокай старажытнасці. Выбар лек. сродкаў і прыёмаў напачатку ажыццяўляўся з улікам вопыту продкаў, без навук. доказаў. Нар. лекары спецыялізаваліся на лячэнні асобных хвароб ці выкананні некат. прыёмаў: кравапускі, кастаправы, кільныя лекары (упраўленне грыжаў) і інш. Найб. стараж. галіна Н.м. — нар. гігіена, якая развілася ў навук. гігіену. Звесткі, назапашаныя Н.м. шырока адлюстраваны ў працах Авіцэны, Галена, Гіпакрата, Цэльса і інш. У 16—17 ст. палажэнні Н.м. распаўсюджваліся ў кнігах — траўніках, лячэбніках і інш. Найб. вядома Н.м. краін Усходу (напр., інд., тыбецкая).

Сукупнасць ведаў Н.м. выкарыстоўвае і сучасная медыцына, якая бярэ з яе ўсё каштоўнае і рацыянальнае, у т. л. найб. эфектыўныя метады лячэння і прафілактыкі розных захворванняў, напр., з Н.м. прыйшлі ў клінічную практыку бальнеа-, гелія-, фітатэрапія, лячэбнае харчаванне і інш. Гл. таксама Знахарства.

Літ.:

Полная энциклопедия народной медицины. Т. 1—3. М., 1998—99;

Стояновский Д.Н. Энциклопедия народной медицины. Донецк, 1999;

Мудрость веков: Древняя восточная медицина. М., 1992.

М.​Ф.​Сарока.

т. 11, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСАРО́ГІ, насарогавыя (Rhinocerotidae),

сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.

Насарогі: 1 — белы; 2 — індыйскі.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала і affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,

раздзел матэматычнага праграмавання, дзе разглядаюцца тэорыя і метады рашэння задач аптымізацыі нелінейных функцый на мноствах, зададзеных нелінейнымі абмежаваннямі (роўнасцямі і няроўнасцямі).

У залежнасці ад уласцівасцей зададзеных функцый і абмежаванняў адрозніваюць выпуклае, квадратычнае, дробава-лінейнае, геам. і інш. віды Н.п., дзе рашаюць шырокі клас прыкладных задач, якія ўзнікаюць пры праектаванні тэхн. аб’ектаў, удасканаленні тэхнал. працэсаў, кіраванні складанымі сістэмамі, мадэліраванні эканам. працэсаў і інш., што патрабуюць уліку нелінейных эфектаў. Такія задачы маюць значную колькасць пераменных і абмежаванняў, з’яўляюцца шматэкстрэмальнымі (для іх рашэння патрабуюцца высокапрадукцыйныя ЭВМ). Метады Н.п. (градыентныя, другіх вытворных, лінейнай апраксімацыі, штрафных функцый і інш.) дазваляюць атрымаць набліжанае рашэнне, якое задавальняе ўмовы аптымальнасці з пэўнай хібнасцю. Найб. пашыраны метад штрафных функцый, які зводзіць задачу з абмежаваннямі да задачы без абмежаванняў фарміраваннем штрафной функцыі, якая атрымліваецца адніманнем «штрафаў» за парушэнне абмежаванняў з мэтавай функцыі дадзенай задачы.

На Беларусі матэм. пытанні Н.п. даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН і БДУ.

Літ.:

Базара М., Шетти К. Нелинейное программирование: Теория и алгоритмы: Пер. с англ. М., 1982;

Введение в нелинейное программирование: Пер. с нем. М., 1985;

Конструктивные методы оптимизации. Ч. 5. Мн., 1998.

С.​У.​Абламейка.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)