ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗІКАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 29.11.1951, г. Віцебск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў манум. і станковай пластыцы. Сярод манум. твораў помнікі Героям Сав. Саюза А.​Углоўскаму (1978), М.​Сільніцкаму (1981), мемар. ансамбль, прысвечаны дзецям М.​П.​Шмырова (1984), помнікі мастакам М.​Шагалу (1992) і І.​Хруцкаму (1996), нар. арт. Беларусі Г.​Дубаву (1996). Аўтар станковых кампазіцый: «Партрэт бацькі» (1975), трыпціх «Нараджэнне палёту» (1980), «Рэпін у Здраўневе» (1987) і інш. Творы вылучаюцца завершанасцю і лаканізмам, выразнай рытмікай, пластычнай мадэліроўкай.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКАТЭ́Й МІЛЕ́ЦКІ (грэч. Hekataios Milēsios; каля 546 — 480 да н. э.),

старажытнагрэчаскі гісторык, географ. Аўтар адной з першых геагр. прац краіназнаўчага характару «Землеапісанне» (складаецца з 2 частак: «Еўропа», што ўключала Еўропу і Паўн. Азію, і «Азія», што ўключала Азію, Егіпет і Лівію). Паводле сведчання Герадота, да «Землеапісання» была прыкладзена карта з відарысам вядомай на той час населенай ч. сушы — айкумены. Карта не знойдзена, часткова яна адноўлена па ўрыўках з твораў Г.М., Герадота і інш. Другі яго твор «Генеалогія» (захаваліся фрагменты) змяшчае стараж.-грэч. міфы і паданні, сістэматызаваныя накшталт гіст. апісання.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯДО́Р (Hēliodōros),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 3 або 4 ст. н.э. Аўтар любоўна-авантурнага рамана «Эфіопіка» (у 10 кн.), на падставе заключных слоў якога ўстаноўлена імя пісьменніка і верагоднае месца нараджэння [г. Эмес (цяпер г. Хомс), Сірыя]. Раман пра любоў і прыгоды эфіопскай царэўны Харыкліі і фесалійскага юнака Феагена. Новае ў рамане — вял. колькасць рэліг., міфалагічных і філас. матываў і вобразаў, віртуознасць апавядання, што было характэрна для сафістычнай прозы. «Эфіопіка» паўплывала на развіццё галантна-авантурных раманаў новага часу (Т.​Таса, М.​Сервантэс, П.​Кальдэрон і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Эфиопика. М., 1993.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Ганс) (19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),

нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).

Тв.:

Рус. пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШАВЫ́ (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 24.7.1950, Мінск),

бел. філосаф, грамадскі дзеяч. Д-р філас. н. (1994), праф. (1995). Заснавальнік і прэзідэнт Бел. дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» (з 1989). Старшыня Бел. хрысц.-дэмакр. партыі (з 1996). Скончыў БДУ (1972), працаваў у ім. З 1991 у Ін-це сучасных ведаў (прарэктар). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1990—95), 1996. Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Зах. Еўропы і Беларусі эпох Адраджэння і Асветніцтва, тэарэтыка-метадалаг. праблемы пазнання, сац. філасофіі і паліталогіі. Аўтар працы «Аказіяналізм Н.​Мальбранша» (1978) і інш.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Сяргей Аляксеевіч) (5.7.1910, г. Луганск, Украіна — 9.4.1988),

украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974), правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1928—32), выкладаў у ім (1934—60; праф. з 1947). Творы на тэмы маралі і выхавання моладзі: «Варатар» (1949), «Абмеркаванне двойкі» (1950), «Вярнуўся» (1954), «Цікавая кніга» (1974), «Мірная зямля» (1975), «Сястра і брат» (1985) і інш. Аўтар партрэтаў І.​С.​Конева (1947), П.​Усенка (1959), П.​Панча (1967), М.​Бажана (1976) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, 1951.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАЎ (Аляксандр Васілевіч) (н. 13.12.1936, г. Махачкала, Дагестан),

бел. мовазнавец. Акад. Міжнар. акадэміі інфарматызацыі (1996). Д-р філал. н., праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1964). З 1965 працуе ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (з 1995 прарэктар). Вывучае праблемы лінгвістыкі тэксту, камп’ютэрнай лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, камп’ютэрнага навучання. Аўтар прац «Апрацоўка на АС ЭВМ тэкстаў натуральных моў» (1977), «Праблемы нараджэння тэксту» (ч. 1—2, 1987—89); сааўтар кніг «ЭВМ аналізуе тэкст: Кніга для настаўніка» (1989), «Асновы лінгвістычнай інфарматыкі» (ч. 1—3, 1991—93), «Лінгвістычная інфарматыка» (1995) і інш.

Т.​Я.​Жэбіт.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),

расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярб. АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.​С.​Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 і 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).

Літ.:

Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.5.1891, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскай вобл., Расія — 16.9.1973),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў «Дзікая парфіра» (1912) у духу акмеізму. Аўтар паэмы «Машынная гарачая пара» (1931), зб-каў «Набор вышыні» (1937), «Праз навальніцы гадоў» (1962) і інш. Перакладаў творы Ф.​Фрэйліграта, В.​Гюго, У.​Уітмена, У.​Шэкспіра, сучасных паэтаў ЗША, Англіі, Іспаніі, Францыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстраліі і інш. (зб. «Паэты XX ст.», 1965; «Амерыканскія паэты», 1969).

Тв.:

Избранное. М., 1973;

Сказочная эра: Стихотворения, повесть, беллетрист. мемуары. М., 1994.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)