СПАДАРО́ЖНІКАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

сувязь паміж наземнымі радыёстанцыямі з дапамогай рэтрансляцыі сігналаў адным ці больш ШСЗ; адзін з відаў радыёсувязі.

Вызначаецца адначасовым доступам да спадарожніка сувязі вял. колькасці наземных радыёстанцый, якія знаходзяцца ў зоне яго радыёбачнасці. Па каналах С.р. перадаюцца сігналы тэлефаніі, лічбавыя даныя, відэасігналы, тэлетэкст і інш. з частотным, часавым ці кодавым раздзяленнем сігналаў. С.р. забяспечвае глабальны доступ да баз даных, сеткі Інтэрнет, тэле- і радыёпраграм і інш. мультымедыйнай інфармацыі. Дазваляе ўстанавіць кантроль за месцазнаходжаннем і станам рухомых аб’ектаў, а таксама забяспечыць персанальную сувязь з абанентамі з месцаў, недаступных для наземных сродкаў сувязі, у т. л. ў цяжкадаступных, аддаленых і маланаселеных раёнах. Для арганізацыі С.р. выкарыстоўваюць розныя тыпы наземных радыёстанцый (стацыянарныя, рухомыя, персанальныя і інш.) і розныя тыпы ШСЗ (шматфункцыянальныя, спецыялізаваныя і інш.). Рэтрансляцыя ажыццяўляецца ў рэальным маштабе часу (найб. пашырана), у некаторых выпадках — з часавай затрымкай (у нізкаарбітальных сістэмах С.р.). Выкарыстоўваецца для арганізацыі міжнар., нац., а таксама асобных (карпаратыўных, ведамасных, банкаўскіх структур і інш.) сетак сувязі незалежна ад месцазнаходжання карыстальнікаў.

Э.​Б.​Ліпковіч.

т. 15, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЖЭ́СКА Мікалай Дзмітрыевіч (29.12.1876, г. Адэса, Украіна — 27.6.1952),

украінскі і расійскі вучоны ў галіне клінічнай медыцыны. Акад. АН Украіны (1934). Акад. АН СССР (1943). Акад. АМН СССР (1944). Засл. дз. нав. Украіны (1934). Герой Сац. Працы (1947). Скончыў Кіеўскі ун-т (1899). Працаваў у лабараторыі І.​П.​Паўлава. З 1907 у Кіеўскім жаночым мед. ін-це, адначасова ў 1908—17 у Кіеўскім ун-це, з 4919 у Адэскім ун-це (заг. кафедры), з 1922 у Кіеўскім мед. ін-це, з 1936 дырэктар Укр. НДІ клінічнай медыцыны (з 1952 імя С.). Навук. працы па пытаннях кровазвароту, рэўматызму, сепсісу, хваробах страўнікава-кішачнага тракту і інш. Зрабіў класічнае апісанне клінікі інфаркту міякарда (1909; разам з В.​П.​Абразцовым). Распрацаваў прынцыпы фіз. дыягностыкі хвароб брушной поласці.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. Киев, 1955—56.

Літ.:

Василенко В.Х. Н.​Д.​Стражеско: (к 100-летию со дня рождения) // Клинич. медицина. 1976. Т. 54, №12.

М.Д.Стражэска.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНАНА́ЕЎ Іван Уладзіміравіч (4.6.1904, с. Сярповае Маршанскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 28.2.1993),

расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1925), дзе і працаваў. З 1935 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН СССР, адначасова ў 1939—68 выкладаў у маскоўскіх ВНУ (з 1940 праф.). У 1965—88 гал. рэдактар час. «Неорганические материалы». Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі, фіз.-хім. аналізе. Прапанаваў метад вывучэння гетэрагенных сістэм з маларастваральнымі кампанентамі (1967—69, метад астаткавых канцэнтрацый Т.). Распрацаваў метады атрымання звышчыстых крэмнію, германію, ферацыянідны метад атрымання рубідыю і цэзію з раствораў калійных солей. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1971.

Тв.:

Химия германия. М., 1967 (разам з М.​Я.​Шпіртам);

Химия ферроцианидов. М., 1971 (у сааўт.);

Особенности кристаллохимии соединений редкоземельных элементов. М., 1984 (разам з Г.​А.​Бандуркіным, Б.​П.​Джурын-1 скім).

Літ.:

И.​В.​Тананаев. М., 1979.

І.У.Тананаеў.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАЗЕ́ВІЧ Георгій Станіслававіч (н. 17.7.1937, в. Слабада Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны і парт. дзеяч Беларусі. Канд. тэхн. н. (1969). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1959), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1987). З 1959 інжынер-геадэзіст, выкладчык Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту. З 1969 нач. Бел. картаграфічнага геад. прадпрыемства. У 1974—79 1-ы сакратар Савецкага райкома КПБ г. Мінск, 2-і сакратар Мінскага гаркома партыі. З 1980 старшыня Мінскага гарвыканкома, з 1983 1-ы сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1985—89 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР. У 1989—91 старшыня камісій Вярх. Савета СССР. З 1991 старшыня К-та па геадэзіі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1993 1-ы нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у 1994—95 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Чл. ЦК КПБ у 1974—91, ЦК КПСС у 1986—91. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1980—90, Вярх. Савета СССР у 1985—89. Нар. дэп. СССР у 1989—91.

Г.С. Таразевіч.

т. 15, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛА́НГА (ад грэч. phalanx; ваен.),

шчыльна самкнутае лінейнае пастраенне цяжкай пяхоты ў Стараж. Грэцыі, Македоніі і Стараж. Рыме. Мела 8—16 (радзей 25) шэрагаў. Спартанская і афінская Ф. складаліся з 8 шэрагаў і налічвалі 8 тыс. воінаў, працягласцю па фронце да 1 км. Македонская Ф. налічвала 16—18 тыс. воінаў і строілася ў 8, 10, 12 ці 24 шэрагі. Македонскі цар Філіп II удасканаліў яе пастраенне: уключыў пелтастаў (прыкрывалі пяхоту з фронту) і кавалерыю (дзейнічала на флангах). Вял. македонская Ф. складалася з 16 384 гаплітаў, 8192 пелтастаў, 4094 коннікаў. Асн. форма дзеяння Ф. — франтальны ўдар, які наносіўся на кароткай дыстанцыі (быў эфектыўны на роўнай мясцовасці і менш паспяховы на перасечанай). З-за маларухомасці Ф. была прыступная на флангах і з тылу. Ф. існавала ў Стараж. Рыме (да ўвядзення больш рухомых маніпул і кагорт) і адрадзілася ў 4 ст. н.э. ў войнах з варварамі.

А.​Г.​Зельскі.

Афінская фаланга.

т. 16, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЖА (Hoxha) Энвер (16.10.1908, г. Гіракастра, Албанія — 11.4.1985),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Албаніі. У 1930—36 вучыўся ва ун-тах г. Манпелье (Францыя) і Брусель. З 1941 чл. кампартыі Албаніі (ΚΠΛ; з 1948 Албанская партыя працы, АПП), чл. яе ЦК, з 1943 ген. сакратар КПА. У 1942—45 чл. Прэзідыума, старшыня нац.-вызв. фронту Албаніі (са жн. 1945 — Дэмакр. фронт Албаніі, ДФА). У 1944—54 галоўнакамандуючы нац.-вызв. арміяй (з 1945 алб. Нар. армія), адначасова ў 1944—46 узначальваў Часовы дэмакр. ўрад, у 1944—53 міністр нац. абароны. У 1946—54 старшыня Савета міністраў і міністр замежных спраў (1946—53). У 1948—54 ген. сакратар, з ліп. 1954 1-ы сакратар ЦК АПП. Адмовіўся ўхваліць рашэнні XX і XXII з’ездаў КПСС па крытыцы культу асобы І.​В.​Сталіна. Ініцыятар разрыву адносін з СССР (1961) і знешнепаліт. пераарыентацыі краіны на Кітай. Аўтар успамінаў.

Тв.:

Рус. пер. — Хрущевцы // Родина. 1990. № 12.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́ЎСКІ Аляксандр Фёдаравіч (н. 14.9.1938, г. Разань, Расія),

бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986). Д-р тэхн. н. (1973), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1979). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1960). З 1962 у БДУ, з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1979 дырэктар), адначасова з 1973 заг. кафедры БДУ. У 1997—2002 чл. Прэзідыума Нац. АН Беларусі. Навук. працы па распрацоўцы фізіка-тэхн. метадаў і вымяральна-выліч. сродкаў аўтаматызаванай апрацоўкі інфармацыі. Распрацаваў метады паралельна-канвеернай апрацоўкі інфармацыі, прынцыпы структурнай пабудовы вымяральных пераўтваральнікаў і лічбавых прылад мадулярнай экспрэс-апрацоўкі даных, адпаведную мікраэлектронную элементную базу. Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Дзярж. прэмія СССР 1991.

Тв.:

Статистические методы измерений в экспериментальной ядерной физике. М., 1980 (разам з А.​В.​Патапавым);

Статистический анализ случайных потоков в физическом эксперименте. Мн., 1988 (разам з У.​У.​Апанасовічам, А.​А.​Калядой);

Высокоскоростные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996 (у сааўт.).

А.Ф.Чарняўскі.

т. 17, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШНІЦКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА «Чырвоная Зорка». Засн. ў 1886 у в. Смальянцы Лепельскага пав. (цяпер у межах г. Чашнікі) як папяровая ф-ка «Скіна». Выпускала кардон, паперу для пісьма, каляровую, друкарскую, абгортачную, муштучную (для папярос). Мела з 1890 паравую машыну, з 1895 вадзяную турбіну і лакамабіль, у 1908 4 паравадзяныя рухавікі, у 1894—1912 устаноўлены 3 папераробныя машыны; працавала да 397 рабочых. З 1923 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1945 пушчана 3-я, у 1948—2-я, у 1950—1-я, у 1974—4-я, у 1980—5-я папераробныя машыны. У 1990-я г. 2 старыя (1905, 1908) папераробныя машыны дэманціраваны. У 1993 пабудаваны цэх па вытв-сці водарастваральных фарбаў для друку флексаграфічным і глыбокім спосабамі (з 1997 закансерваваны). У 1997 уведзена вытв-сць гафрыраванага кардону і тары з яго. Асн. прадукцыя (2003): папера для гафрыравання, кардон для плоскіх слаёў, гафракардон і тара з яго.

С.​В.​Падрэз.

т. 17, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛА́КІ Міхаіл Іванавіч (19.11.1908, г. Сімферопаль, Рэспубліка Крым — 29.1.1989),

расійскі кампазітар, педагог, муз.-грамадскі дзеяч. Нар. арт. Расіі (1969). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931, кл. кампазіцыі У.​Шчарбачова). У 1937—39 дырэктар і маст. кіраўнік Ленінградскай філармоніі. З 1951 працаваў у К-це па справах мастацтваў пры СМ СССР, у Мін-ве культуры СССР. У 1955—59 і ў 1963—70 дырэктар і маст. кіраўнік Вял. т-ра ў Маскве. З 1933 выкладаў у Ленінградскай, з 1948 — у Маскоўскай (з 1962 праф.) кансерваторыях. Сярод твораў: балеты «Казка пра папа і работніка яго Балду» (паст. 1940), «Уяўны жаніх» (паст. 1946), «Юнацтва» (паст. 1947), «Іван Грозны» (на аснове музыкі С.​Пракоф’ева да аднайм. балета, паст. 1975); опера «Малады марак сусвету» (1977); 4 сімфоніі (1930—87), сімф. цыкл «Песні і танцы старой Францыі» (1959), кантаты. Аўтар кніг «Інструменты сімфанічнага аркестра» (1950), «Жывыя ў памяці маёй» (1990), муз.-крытычных артыкулаў. З 1948 сакратар Саюза кампазітараў СССР, з 1959 — Саюза кампазітараў Расіі. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1950.

т. 17, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЗА́Р Шнеўр Залман (сапр. Рубашаў Залман; 1889, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1974),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля, пісьменнік і гісторык л-ры. З сям’і прыхільнікаў хасідызму. Атрымаў традыц. яўр. адукацыю, вучыўся на Вышэйшых курсах усходазнаўства (Пецярбург), у Страсбурскім і Берлінскім ун-тах (1912—17). У юнацтве прыхільнік руху Паалей Цыён, з 1907 адзін з лідэраў сіянісцкага руху ў Вільні, з 1912 у Германіі. У 1917—20 у складзе Камісіі па вывучэнні эканам. становішча ў Палесціне распрацоўваў план гасп. развіцця будучай яўр. дзяржавы. З 1924 жыў у Палесціне, удзельнічаў у яўр. прафс. і нац.-вызв. руху. Чл. дэлегацыі Яўр. агенцтва (Сахнут) на Ген. Асамблеі ААН 1947. Пасля абвяшчэння дзяржавы Ізраіль (14.5.1948) дэп. яе парламента (кнесета, з 1949), міністр адукацыі і культуры (1949—51). У 1956—60 старшыня Іерусалімскага выканкома Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. У 1963—73 прэзідэнт Ізраіля. Аўтар гіст.-літ. зб-каў «Гісторыя біблейскай крытыкі» (1925), «Светачы» (1963), аўтабіягр. нарысаў «Перадсвітальныя зоркі» (1949) і ІНШ.

І.​П.​Герасімава.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)