ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст.ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.Гадар і С.Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1971), «Клоп» У.Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЗВЫШВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення і генерыравання звышвысокачастотных эл.-магн. ваганняў (частата больш за 300 МГц). Выкарыстоўваецца ў электроніцы і радыётэхніцы (гл.Звышвысокачастотная тэхніка).
Паводле прынцыпу работы, фіз. працэсаў у лямпе і механізма пераўтварэння энергіі Л.з. падзяляюцца на 4 класы. Да 1-га адносяць лямпы з сеткавым кіраваннем, якія ад нізкачастотных лямпаў адрозніваюцца спец. канструкцыяй, што забяспечвае малы ўплыў міжэлектродных ёмістасцей і індуктыўнасцей вывадаў. 2-і клас складаюць Л.з. О-тыпу, дзе выкарыстоўваецца мадуляцыя электронаў па скорасці і наступная іх фазавая групоўка ў працяглых лінейных сістэмах. Да іх адносяць клістрон, лямпу адваротнай хвалі О-тыпу, лямпу бягучай хвалі О-тыпу. 3-і клас — лямпы М-тыпу, дзе працэсы фазавай групоўкі і пераўтварэння энергіі адбываюцца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Бываюць лямпы з катодам у прасторы ўзаемадзеяння (напр., магнетрон) і катодам па-за межамі гэтай прасторы (напр., лямпа адваротнай хвалі М-тыпу, лямпа бягучай хвалі М-тыпу). Да 4-га класа адносяць Л.з. з перыядычнымі электроннымі патокамі, дзе выкарыстоўваецца ўзаемадзеянне вінтавых, спіралізаваных, трахаідальных і інш. электронных патокаў з незапаволенымі эл.-магн. хвалямі ў гладкасценных эл.-дынамічных сістэмах, напр., мазер на цыклатронным рэзанансе, лазер на свабодных электронах, гіратрон, пеніятрон.
Літ.:
Кураев А.А. Сверхвысокочастотные приборы с периодическими электронными потоками. Мн., 1971;
Кураев А.А., Байбурин В.Б., Ильин Е.М. Математические модели и методы оптимального проектирования СВЧ приборов. Мн., 1990.
Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫГА́Л (франц. madrigal, італьян. madrigale ад позналац. matricale песня на матчынай мове),
1) у літаратуры — невялікі інтымна-жартоўны верш, што змяшчае ў сабе камплімент, найчасцей прысвечаны жанчыне. Вытокі бярэ з нар. паэзіі, з песень італьян. пастухоў, з 14 ст. вядомы ў прафес. паэзіі (Ф.Петрарка, Дж.Бакачыо). Да 16 ст. М. прызначаліся длямуз. выканання, у канцы 16 — пач. 17 ст. зблізіліся з канцэртнымі і драм. жанрамі, часам складалі аснову камедыі. У 18 — пач. 19 ст. пашыраны як жанр салоннай і альбомнай лірыкі. У бел. паэзіі адзнакі М. прыкметныя ў вершах М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, М.Танка.
2) У музыцы — свецкі муз.-паэтычны жанр эпохі Адраджэння. Узнік у італьян нар. творчасці як 1-галосая лірычная песня на роднай мове (у адрозненне ад песнапенняў на лац. мове). У 14 ст. пашыраны ў форме 2—3-галосай куплетнай песні (часам у інстр. суправаджэнні) з вядучым верхнім голасам. У 16—17 ст. — 4—5-галосы вак. твор a cappella, заснаваны на нормах поліфаніі «строгага стылю» (А.Віларт, Ф.Вердэло, К.Феста, Ф.Б Картэча, Я.Аркадэльт, Дж.Палестрына, А.Ласа). Пашыраны таксама ў Англіі (Т.Морлі, Т.Уілкс, Дж.Уілбі), Германіі (Г.Л.Гаслер, Г.Шуц) і інш.еўрап. краінах. У канцы 16 — пач. 17 ст. наблізіўся да канцэртных і драм жанраў і стаў асновай мадрыгальнай камедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ (Карскі) Мікалай Мікалаевіч
(25.7.1794, С.-Пецярбург — 30.10.1866),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат. Ген.-ад’ютант (1833, 1854). Ген. ад інфантэрыі (1853). Сын марскога афіцэра і грамадскага дзеяча М.М.Мураўёва, заснавальніка Маскоўскай установы для калонаважатых (у далейшым Акадэмія Генштаба). Брат М.М.Мураўёва (Віленскага). У арміі з 1811. Арганізатар пераддзекабрысцкіх гурткоў «Юнацкае сабрацтва» (1811—12) і «Свяшчэнная арцель» (1814—18), потым адышоў ад дзекабрыстаў. У 1812 служыў пры штабе 1-й арміі, праводзіў тапагр. здымкі наваколля Вільні. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, ваен.-дыпламат. місій у Іран (1816), Хіву і Бухару (1819—20), Егіпет і Турцыю (1832—33), рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў, задушэння паўстання 1830—31. У 1834—35 в.а. нач.гал. штаба 1-й арміі, камандзір 5-га пяхотнага корпуса. Быў прыхільнікам скасавання прыгоннага права, крытыкаваў рас.ваен. парадкі, апякаў сасланых дзекабрыстаў, за што ў 1837 звольнены ў адстаўку. У 1848 вернуты на службу, чл.Ваен. савета (1848). На чале Грэнадзёрскага корпуса ўдзельнічаў у задушэнні Венгерскай рэвалюцыі 1848—49. У 1854—56 намеснік на Каўказе і камандуючы Каўказскім асобным корпусам. У час Крымскай вайны 1853—56 кіраваў аблогай і ўзяццем тур. крэпасці Карс (1855), за што атрымаў ганаровае прозвішча Карскі. З 1856 чл.Дзярж. савета. Аўтар мемуараў і ваен.-гіст. прац.
Літ.:
Задонский Н.А. Жизнь Муравьева. [3 изд. Воронеж, 1970].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна дляполацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.
Літ.:
Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;
Псков, 1997. Т. 2.
А.А.Трусаў.
Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,
баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.
Літ.:
М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;
Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.
артыстка балета. Засл. арт. Расіі (1969). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1959). З 1959 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. З 1970 у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (Нью-Йорк), у 1972—89 адначасова ў Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш.Для яе творчасці характэрны унікальная пластычнасць, дасканалае майстэрства, вонкавая вытанчанасць і ўнутр. тэмперамент. Сярод партый: Адэта—Адылія, прынцэса Фларына і Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Крыўляка і Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жар-птушка («Жар-птушка» І.Стравінскага), Манон («Манон Леско» на муз. Ж.Маснэ), Таццяна («Анегін» на муз. Чайкоўскага), у мініяцюры «Святло Месяца» на муз. К.Дэбюсі. Выступае як балетмайстар, драм. актрыса, у т. л. ў спектаклі «Двое на арэлях» У.Гібсана ў Т-ры Р.Вікцюка. Ёй прысвечаны тэлефільмы «Асалюта» (1978), «Наташа» (1985), «Вяртанне Макаравай», «Ленінградская легенда» (абодва 1989; усе Вялікабрытанія). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1965), прэмія імя Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Аўтар прац па праблемах харэаграфічнага мастацтва, аўтабіяграфіі (1979).
Літ.:
Красовская В. Н.Макарова // Ленинградский балет сегодня. Л.;
М., 1967. Вып. 1;
Н.Макарова: Восемнадцать лет спустя. М., 1993;
Clarke M., Crisp C. Ballerina: The art of women in classical ballet. London, 1987.
Н.Макарава ў мініяцюры «Святло Месяца» на музыку Дэбюсі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТАСА ПАЎСТА́ННЕ,
узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав. землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДРЭСЭ́ (араб.),
сярэдняя і вышэйшая мусульм.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач.мусульм. школ, а таксама служачых дзярж. апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.
Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).