ДЗЯРКА́Ч (Анатоль) (сапр. Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч; 18.4.1887, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 5.9.1937),

бел. паэт. Скончыў Навагрудскае гар. вучылішча (1904). Служыў пісарам у Мінскай гар. і земскай управах. За рэв. дзейнасць быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі» і інш. 16.10.1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1904. З пач. 1920-х г., выкарыстоўваючы прыёмы дасціпнага апавядання, агітацыйнай прыпеўкі, фельетона, нар. жарту, высмейваў у вершах грамадскую і быт. адсталасць, рэліг. забабоны, выкрываў царк. служкаў. У вершах для дзяцей цёплы гумар, канкрэтнасць паэт. назіранняў; асн. іх тэмы — сяброўства, працавітасць, з’явы прыроды («Нашы прыяцелі», «Працавітая дзяўчынка», «Першы дзень у дзіцячым садзе», усе 1928; «Звяры нашых лясоў», 1929). На бел. мову пераклаў паасобныя творы У.Маякоўскага, А.Барто, С.Маршака, К.Чукоўскага і інш.

Тв.:

Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў. Мн., 1925;

Міколава гаспадарка. Мн., 1927;

Усім патроху... Мн., 1930;

Бог удвох. Мн., 1930;

Качаргой па абразох. Мн., 1930.

А.М.Пяткевіч.

А.Дзяркач.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)