(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),
ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук.этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.
Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НА (франц. colonne ад лац. columna),
архітэктурна апрацаваная верт. апора, звычайна круглая ў папярочным сячэнні; стрыжнёвы элемент будынка (збудавання), нясучай канструкцыі і інш. Служыць пераважна для ўспрымання верт. нагрузкі. Бывае каменная, мураваная (з цэглы, каменю, бетону), жалезабетонная, металічная, драўляная.
Вядома са старажытнасці як элемент стоечна-бэлечнай канструкцыі. У архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма распрацаваны своеасаблівыя маст. формы К., якія ўвайшлі ў сістэму арх.ордэраў. У класічнай архітэктуры гал. элемент К. — ствол, звычайна патанчаўся ўверсе, меў энтазіс (патаўшчэнне ў сярэдняй ч.), апрацоўваўся канелюрамі, завяршаўся капітэллю. Маст. выразнасць К. вызначаецца яе прапорцыямі, чляненнямі, пластычнай апрацоўкай, адносінамі вышыні і дыяметра К. да інтэркалумнія (пралёт паміж 2 калонамі) і да абсалютных памераў збудавання. К. выкарыстоўвалі ў кампазіцыі фасадаў і інтэр’ераў як элемент порціка, партала, галерэі, каланады, а таксама для арх. апрацоўкі сцен (трохчвэртныя К., паўкалоны, прыстаўныя К.). У выглядзе свабодна стаячай К., звычайна завершанай скульптурай, рабілі мемар. збудаванні (калона Траяна ў Рыме, Александрыйская К. ў Санкт-Пецярбургу).
На Беларусі К. пашыраны ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму (палацы ў Паставах, Гомелі, касцёлы ў Мядзелі, Валожыне). У 18 ст. іх ставілі як помнікі (вёскі Дзярэчын Зэльвенскага, Лявонпаль Міёрскага р-наў). З 1950-х г. К. выкарыстоўваюць як найб. выразныя элементы фасада (будынкі драмтэатра ў Віцебску, БПА, цырка ў Мінску). У сучаснай архітэктуры К. — адзін з асн. элементаў каркаса. Маст. вырашэнне звычайна сціплае, вызначаецца прапорцыямі, колерам, фактурай.
С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч.
Калоны: 1, 2 — папірусападобныя (Старажытны Егіпет); 3 — калоны з Кноса (крыта-мікенская культура); 4 — калона з Персепаля (Старажытная Персія); 5 — дарычная; 6 — іанічная; 7 — карынфская; 8, 9 — раманскія; 10 — гатычная; 11, 12 — эпохі Адраджэння; 13 — спіралепадобныя ў стылі барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ УКРАІ́НЫ (КПЗУ),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Заходняй Украіне ў 1919—38. Засн. ў лют. 1919 на нелегальнай канферэнцыі камуніст. груп Усх.Галіцыі як Камуніст. партыя Усх. Галіцыі (КЛУГ; 182 чл.). У вер. 1919 прынята як асобная секцыя ў Камуністычны Інтэрнацыянал (Камінтэрн); з 1921 аўтаномная арг-цыя ў складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП). У 1923 дзейнасць КПУГ пашырана на Валынь, Холмшчыну, Падляшша, Паўд. Палессе, яна перайменавана ў КПЗУ (1560 чл.). Узначальвала буйныя выступленні ўкр. працоўных супраць сац. і нац. прыгнёту, садзейнічала стварэнню і дзейнасці прафс., левых сял. і маладзёжных арг-цый, у т. л. масавай рабоча-сял. арг-цыі «Сельроб» (1926—32), Камуніст. саюза моладзі Зах. Украіны. Супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Праграма КПЗУ зыходзіла з пазіцый марксізму, пралетарскага інтэрнацыяналізму і інш. З сярэдзіны 1930-х г. паводле рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна партыя (4700 чл. у 1936) праводзіла курс на ўтварэнне нар. фронту супраць пагрозы фашызму і вайны. супрацоўніцтва з с.-д. арг-цыямі, адмовілася ад ранейшай левасектанцкай лініі ў нац.-вызв. руху. Кіруючыя органы: з’езд (адбыліся ў 1921, 1925, 1928, 1936), паміж імі цэнтр.к-т. Кіраўнікі; А.Г.Бараль (У.Саўка), М.Ц.Заячкоўскі (Касар), Р.В.Іваненка (Бараба), М.М.Цяслюк і інш. Легальна і нелегальна выдавала часопісы «Наша правда», «Комуністичний прапор» («Сцяг камунізму»), газеты «Земля і воля», «Світло», «Трибуна робітнича» і інш., адозвы, лістоўкі. У жн. 1938 КПЗУ разам з КПЗБ і КПП на падставе несправядлівага абвінавачання распушчаны Выканаўчым к-там Камінтэрна. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі ў сумеснай заяве прызналі неабгрунтаваным роспуск КПП, КПЗУ і КПЗБ у 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),
асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш.юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд.прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.
Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр.нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд.Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗБеларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМЗІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (12.12.1766, с. Міхайлаўка Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 3.6.1826),
рускі пісьменнік, гісторык; заснавальнік рус.сентыменталізму. Чл.Рас. акадэміі (1818). У 1775—81 вывучаў ням. і стараж. мовы, філасофію, рыторыку, логіку, паэтыку; наведваў лекцыі ў Маск. ун-це. Дэбютаваў у 1787 перакладамі англ., франц., ням. пісьменнікаў. Выдаваў альманахі, часопісы (1789—1803). Працаваў у жанры гіст. аповесці: «Наталля, баярская дачка» (1792), «Марфа Пасадніца, або Заваёва Ноўгарада» (1803). У нататках «Лісты рускага падарожніка» (1791—95), аповесцях «Бедная Ліза» (1792), «Востраў Борнхальм» (1794), «Сьера-Марэна» (1795), незакончаным рамане «Рыцар нашага часу» (1802—03) і інш. ставіў пытанні лёсу рус. культуры, прыроды чалавечага пачуцця, маральнай роўнасці людзей, раскрыў багацце ўнутр. свету асобы, яе духоўнае самаўдасканаленне. Асн. праца «Гісторыя дзяржавы Расійскай» (т. 1—12, 1816—29) — новы этап у развіцці рус. гістарыяграфіі. Яна створана на аснове разнастайнага гісторыка-дакумент. матэрыялу (летапісаў, судзебнікаў, мемуараў, грамат і інш.) і ’ахоплівае перыяд ад старажытнасці да пач. 17 ст. Гісторыю краіны К. атаясамліваў з гісторыяй дзяржавы і манархічнай улады. У кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці разглядаў і гісторыю Беларусі. «Гісторыя...» — твор не толькі гіст., а і літаратурны, вылучаецца афарыстычнай дакладнасцю, элементамі архаізацыі лексікі. Аўтар вершаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, рэцэнзій на літ. і тэатр. тэмы.
Тв.:
История государства Российского: В 12 т. Т. 1—5. М., 1989—93;
Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1964;
Полн. собр. стихотворений. 2 изд. М.; Л., 1966;
Письма русского путешественника: Повести. М., 1982;
Избр. статьи и письма. М., 1982.
Літ.:
Канунова Ф.З. Из истории русской повести: (Ист-лит. значение повестей Н.М.Карамзина). Томск, 1967;
Эйдельман Н.Я. Последний летописец. М., 1983. Лотман Ю.М. Сотворение Карамзина. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́НСКІ (Вінцэсь Аляксандравіч) (15.8.1831, в. Селішча Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 7.2.1891),
бел. і польскі паэт, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, з 1850 сакратар У.Сыракомлі. У 1862 падарожнічаў па Беларусі з М.Лясковым. З 1866 у Варшаве. Літ. дзейнасць пачаў у 1856. Супрацоўнічаў у віленскіх і варшаўскіх перыяд. выданнях, друкаваў у іх артыкулы пра Беларусь. На польск. мове выдаў паэт.зб. «Чым хата багата, тым рада» (1857), паэму «Таміла» (1858). У 1858 да прыезду ў Вільню Аляксандра II напісаў бел. верш «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» — напамінанне пра існаванне бел. мовы. Падтрымаў дзейнасць А.Вярыгі-Дарэўскага на ніве адраджэння бел. культуры (вершаванае прысвячэнне «Далібог-то, Арцім...»). На бел. мове напісаў элегію «Туга на чужой старане» (1864). Напярэдадні паўстання 1863—64 прычыніўся да стварэння антыцарскіх вершаваных твораў «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гіст.-краязнаўчых нарысаў, артыкулаў пра А.Міцкевіча, І.Дамейку, С.Рысінскага, К. і Я.Тышкевічаў, Р.Зянькевіча. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» С.Аргельбранда (т. 1—28, 1859—68) напісаў артыкулы пра бел. гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш.Дэмакр. погляды выявіліся ў паэт. творчасці пра жыццё бел. вёскі дарэформеннага перыяду. Гуманіст. пафас, асаблівасці паэтыкі К. паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры. Пераклаў на польск. мову творы П.Беранжэ, А.Пушкіна, М.Лермантава, Л.Талстога, Г.Гейнэ. Выдаў збор твораў Сыракомлі (т. 1—10, 1872). На бел. мову польск. творы К. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, П.Бітэль, У.Мархель, Г.Тумаш.
Тв.:
Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Мальдзіс А. Вінцэсь Каратынскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Мархель У. «Чым хата багата...» // Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.
Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сць таксама арыентуецца на сыравінныя базы.
На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
адзін з раздзелаў сучаснай поля тэорыі. Створана ў выніку аб’яднання (у 1926) нерэлятывісцкай квантавай механікі і спец.адноснасці тэорыі з мэтай апісання элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.
Першапачаткова паралельна развіваліся К.т.п. і квантавая тэорыя паля. Пасля значных поспехаў квантавай электрадынамікі дамінуючай стала канцэпцыя другаснага квантавання палёў. К.т.п. значна ўмацавалася ў 1960—90-х г., калі высветлілася, што задачы пабудовы калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц больш зручна вырашаць да другаснага квантавання палёў. К.т.п. пабудавана за кошт пашырэння варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя фіз. сістэмы з улікам іх рэлятывісцкіх і квантавых уласцівасцей (шляхам накладання на тэорыю патрабаванняў рэлятывісцкай інварыянтнасці і ўвядзення статыстычнай адначасцінкавай інтэрпрэтацыі агульных рашэнняў палявых — хвалевых ураўненняў). Напр., рашэнні ўраўненняў электрамагнітнага поля (Максвела ўраўненняў) разглядаюцца ў К.т.п. як квантавамех. функцыі стану фатона.
На Беларусі ў межах К.т.п. ў развіццё ідэй У.А.Фока, Р.Фейнмана, Ф.Л.Фёдарава распрацавана простая (без другаснага квантавання палёў і пабудовы матрыцы рассеяння) схема апісання і разліку асн. працэсаў эл.-магн. ўзаемадзеяння элементарных часціц (1968). Яна заснавана на непасрэдным выкарыстанні агульных рашэнняў хвалевых ураўненняў для ўзаемадзейных палёў, якія атрымліваюцца з дапамогай метаду прычынных функцый Грына ў межах тэорыі малых узбурэнняў. Аналагічная схема распрацавана і ў калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1987). К.т.п. стала па сутнасці лагічна замкнёнай фіз. тэорыяй, якая ўключае апісанне свабодных элементарных часціц і іх узаемадзеянняў.
Літ.:
Иваненко Д., Соколов А Классическая теория поля. 2 изд. М.; Л., 1951;
Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.