НАРО́ДНЫЯ СТУ́ДЫІ І КЛУ́БЫ ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА,
найвышэйшая форма развіцця аматарскай творчасці ў галіне жывапісу, графікі, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва на Беларусі. Найменне «народны» надаецца студыям і клубам са стабільным складам удзельнікаў, работы якіх маюць высокі маст. ўзровень і рэгулярна экспануюцца на міжнар., рэсп. і абласных маст. выстаўках. На Беларусі студыі існуюць з 1960-х г. пры клубных, навуч. і пазашкольных установах, па месцы жыхарства. Парадак работы студый вызначаецца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Многія студыі і клубы вядуць свой летапіс, маюць эмблему, дэвіз і статут. Дзейнасць клубаў і студый дэкар.-прыкладнога мастацтва накіравана на адраджэнне, захаванне і развіццё традыц.нар. мастацтва, нар.маст. промыслаў і рамёстваў, захаванне традыцый у галіне нар. творчасці. Вядзецца работа па вырабе прадметаў ткацтва, вышыўкі, ганчарства, разьбы па дрэве, саломапляцення, лозапляцення, перапрацоўкі лёну, прапагандуецца традыц. і сучасная нар. творчасць праз арганізацыю выставак, правядзенне экскурсій, удзел у кірмашах і аўкцыёнах. Клубы самадз. мастакоў і студыі выяўл. мастацтва ставяць за мэту выхаванне эстэт. густаў у дзяцей і моладзі, развіццё іх інтэлектуальных і творчых магчымасцей. Яны арганізоўваюць наведванне выставак прафес. мастакоў, творчыя сустрэчы з імі, вывучаюць стылі і кірункі выяўл. мастацтва, творчы і жыццёвы шлях знакамітых мастакоў і інш. На Беларусі (2000) 88 народных клубаў і студый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТО́ЛЬНАЯ ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СІСТЭ́МА,
камп’ютэрная сістэма, прызначаная для аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай і ілюстрацыйнай (чорна-белай і каляровай) інфармацыі пры вырабе фотаформы або арыгінал-макета паліграф. выдання (кнігі, часопіса, газеты і інш.). Звычайна размяшчаецца на адным рабочым месцы і прызначана для выкарыстання ў выдавецтве або сярэднім паводле аб’ёму выдавецка-паліграф. комплексе.
Складаецца з персанальнай ЭВМ (ПЭВМ) з клавіятурай, дысплеем, маніпулятарам тыпу «мыш» і прыстасаваннямі для электронных носьбітаў інфармацыі, спецыялізаванага матэм. забеспячэння (праграмы аўтам. набору і вёрсткі ў пакетным і дыялогавым рэжыме) і дадатковага перыферыйнага абсталявання. Падрыхтоўка выданняў на Н.в.с. ўключае: набор тэкстаў з дапамогай тэкставых рэдактараў, апрацоўку ілюстрацый з дапамогай графічных рэдактараў, вёрстку выданняў і раздрукоўку матэрыялу (на паперы ці плёнцы ў выглядзе арыгінал-макета). Для апрацоўкі тэкстаў звычайна выкарыстоўваецца стандартная ПЭВМ, для вёрсткі і апрацоўкі ілюстрацый — удасканаленая ПЭВМ ці спецыялізаваныя графічныя станцыі. У якасці дадатковага абсталявання (арганізацыйна-тэхнал. забеспячэння) выкарыстоўваюць: сканеры для ўводу ілюстрацый ці тэксту, прынтэры ці фотанаборныя аўтаматы для раздрукоўкі матэрыялу і вываду інфармацыі на святлоадчувальную плёнку. Існуе больш за 100 варыянтаў Н.в.с., пабудаваных паводле модульнага прынцыпу. Стварэнне гарнітур-кегляў ажыццяўляецца праграмным шляхам, магчыма іх практычна неабмежаваная колькасць. Інфармацыя пра шрыфты закладзена ў памяць ЭВМ. У параўнанні з ранейшымі тэхналогіямі Н.в.с. дазваляе больш аператыўна і якасна рыхтаваць выданні.
Літ.:
Шкаев А.В. Настольные издательские системы: Справ. М., 1994;
Тимофеев Я.Я. Издательство на моем столе. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т «СВАБО́ДНАЯ ГЕРМА́НІЯ»
(НКСГ; Nationalkomitee «Freies Deutschland»),
кіруючы орган руху ням. антыфашыстаў у 2-ю сусв. вайну. Засн. па ініцыятыве ЦККамуніст. партыі Германіі і з дазволу сав. улад 12—13.7.1943 на ўстаноўчай канферэнцыі ў г. Краснагорск (Маскоўская вобл.) ням. эмігрантамі і ваеннапалоннымі ў складзе 38 чал. Прэзідэнт к-та ў 1943—45 паэт Э.Вайнерт, у ліку членаў к-та І.Р.Бехер, В.Пік, В.Ульбрыхт. У сваіх газетах, лістоўках, радыёперадачах (на фронце і праз гукаўзмацняльнікі) заклікаў вайскоўцаў вермахта і герм. народ усімі магчымымі сродкамі змагацца супраць гітлераўскага рэжыму, спыніць баявыя дзеянні дзеля дасягнення «ганаровага міру», стварыць новую Германію на свабодных, мірных і незалежных пачатках; праводзіў таксама антыфаш. агітацыю ў сав. лагерах для ням. ваеннапалонных. Непасрэдна на фронце меў групы ўпаўнаважаных і давераных асоб пры сав. арміях, карпусах, дывізіях, а таксама пры некаторых партыз. злучэннях. З вер. 1943 узаемадзейнічаў з антыфаш. Саюзам нямецкіх афіцэраў. Замежныя арг-цыі к-та існавалі ў Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі, Грэцыі, Мексіцы, ЗША. У сак.—ліп. 1944 2 групы к-та дзейнічалі на тэр. Беларусі (Баранавіцкая, Вілейская, Мінская вобл.). НКСГ самараспусціўся 2.11.1945 пасля ўтварэння ва Усх. Германіі блока антыфаш.-дэмакр. партый. У 1985 у Краснагорску створаны Мемарыяльны музей ням. антыфашыстаў.
Літ.:
За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФАШЫ́ЗМ,
ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-занац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБЫЛІ́ЦЫ,
фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш.Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, звязаны з пошукам, рэгістрацыяй і даследаваннем патокаў нейтрына ад пазаземных крыніц. Узнікла ў 1960-я г. разам са з’яўленнем прылад і метадаў дэтэктыравання нейтрына. Метады Н.а., у адрозненне ад інш. метадаў даследавання касм. аб’ектаў, даюць магчымасць вывучаць шчыльныя касм. аб’екты і даўнія касмалагічныя эпохі.
У Сусвеце нейтрына ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў у нетрах зорак і пры ўзаемадзеянні касм. выпрамянення з асяроддзем, напр. з рэчывам атмасферы Зямлі (атм. нейтрына), міжгалактычным і міжзорным газамі, морам рэліктавых фатонаў (гл.Рэліктавае выпрамяненне) і інш. Энергетычны спектр касм. нейтрына ад ~10−4эВ (касмалагічныя, ці рэліктавыя нейтрына) да 1020—1028эВ. Энергія нейтрына ад Сонца і нестацыянарных зорак да 108эВ. Нейтрына слаба ўзаемадзейнічаюць з рэчывам, таму зоркі для іх практычна празрыстыя і яны бесперашкодна пакідаюць іх. Рэгістрацыя гэтых нейтрына дае магчымасць вызначаць т-ру, шчыльнасць і хім. састаў цэнтр. часткі зорак, недаступнай вывучэнню інш. метадамі. Слабае ўзаемадзеянне касм. нейтрына з рэчывам абумоўлівае складанасць іх дэтэктыравання (патрэбна вял. колькасць рэгістравальнага рэчыва і дэтэктары неабходна будаваць глыбока пад зямлёй). Створана 5 найб. магутных дэтэктараў сонечных нейтрына (ЗША, Расія — ЗША Італія — Расія, Японія, Канада) і 2 вял. дэтэктары атм. нейтрына (у воз. Байкал, Расія і антарктычным лёдзе, ЗША). З 1980 існуе сусветная служба назірання за ўспышкамі звышновых зорак у нейтрынным святле. Гл. таксама Нейтрынная астрафізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).
У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаўза мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.Шумана, «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Пятрушка» І.Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.Ана, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.Чайкоўскага і П.Анры (1971, паст. М.Бежар), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979, паст. Дж.Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.
Літ.:
Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;
Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;
1990. № 1.
Л.А.Сівалобчык.
В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,
тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.
Сфармуляваны І.Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону:
, дзе
— імпульс, m — маса і — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;
Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).
Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял.Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.
Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).