КАТРА́Н (Crambe) крамбе, род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца ў стэпах, паўпустынях, на сухіх горных схілах. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 6 відаў: кактэбельскі (C. koktebelica), Коча (C. kotschyana), прутападобны (C. juncea), прыморскі, або марская капуста (C. maritima), татарскі (C. tatarica), сэрцалісты (C. cordifolia).

Адна- ці шматгадовыя травы з развітым сцяблом, апушаным або голым. Лісце буйное, цэльнае, перыста-раздзельнае або выемчата-лопасцевае. Кветкі белыя. Плод — двухчленны струк. Некат. віды К. выкарыстоўваюцца як харч., маслічныя, крухмаланосныя, меданосныя і кармавыя расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Катран.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРА́НАВЫЯ (Squalidae),

сям. храстковых рыб атр. катранападобных. 9 родаў, 20 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Трапляюцца да глыбіні каля 3000 м. Найб. шматлікі з К. — катран (Squalus acanthias), пашыраны ў Баранцавым, Белым і Чорным м. і ў морах Д. Усходу.

Даўж. да 2 м, маса да 14 кг. Маюць вострыя калючыя шыпы перад 1-м і 2-м спіннымі плаўнікамі. Кормяцца рыбай, ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, доннымі беспазваночнымі. Яйцажывародныя, выношваюць да 20 яец (катран — 13—15 яец, на працягу 22 мес; даўж. нованароджаных акулят да 26 см). Аб’екты промыслу. Гл. таксама Акулы.

Да арт. Катранавыя. Катран.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎША́РАЎ Іван Акімавіч (28.10.1911, в. Глыбоцкае Гомельскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Беліцкі с.-г. тэхнікум (1936), Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1937), Ваенна-паветр. акадэмію (1944). У Сав. Арміі з 1936. Удзельнічаў у баях на р. Халхін-Гол у 1939, у сав.-фінл. вайне 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Ленінградскім, 1-м Бел. франтах, штурман эскадрыллі блізкабамбардзіровачнага авіяпалка, нач. штаба авіяпалка. Лейтэнант К. зрабіў 157 баявых вылетаў, вызначыўся ў час паветр. разведкі ў снеж. 1941 пад Ленінградам. З 1961 у запасе.

І.А.Каўшараў.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ФКА (Kafka) Багуміл (14.2.1878, Нова-Пака, Чэхія — 24.11.1942),

чэшскі скульптар, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў школе скульптараў і каменшчыкаў у Горжыцы, у Маст.-прамысл. школе (1896—98; выкладаў у 1916—25) і АМ (1898—1901; выкладаў з 1925) у Празе. У 1904—08 у Парыжы. Творчая манера адметная пошукамі прасторавай выразнасці, свабодай кампазіцый, жывапіснай пластычнасцю. Сярод работ: «Руіны жыцця» (1902), «Брукаўшчыкі», «Серна з дзіцянятамі», рэльеф «Пасля купання ў моры» (усе 1905), «Абуджэнне» (1905, 1926), «Зоркі гаснуць» (1906), праекты помнікаў К.​Гаўлічаку-Бораўскаму (1924), Я.​Жыжку (1931—34; устаноўлены ў 1950 у Празе) і інш. Працаваў як партрэтыст і медальер.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦАРЫ́ДЗЕ Давід Васілевіч (н. 2.5.1920, г. Кутаісі, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі пед. ін-т (1939). Удзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкуецца з 1947. У аповесці «У Ардышаўскім лесе» (1957), раманах «Дзе ты, Марынэ?» (1965), «Давер» (1968), «Бывайце, векавечныя лясы!» (1972), «Помнікі не абцяжарваюць зямлю» (1977), «Зялёны горад» (ч. 1, 1979) і інш. адлюстраваў гераічнае змаганне бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Нікіфаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — В Ордышевском лесу Партизанские рассказы. Тбилиси, 1962;

Прощайте, дремучие леса! М., 1975.

М.​В.​Няхай.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ДРЫН Дзмітрый Барысавіч (4.2.1907, пас. Шчаглоўка Данецкай вобл., Украіна — 18.9.1945),

рускі паэт. Друкаваўся з 1924. Першы і адзіны прыжыццёвы зб. «Сведкі» (1940). У вершах, баладах («Дойліды», 1938), паэмах («Конь», 1940) паэтызацыя сучаснасці і гіст. мінулага, прырода роднай зямлі, глыбіня лірычных інтанацый, нац.-гіст. каларыт. Адзін з лепшых яго твораў — вершаваная драма «Рэмбрант» (1940) пра трагічнае адзінаборства геніяльнага мастака за духоўнае разняволенне. У творчасці перыяду Вял. Айч. вайны вершы пра Радзіму, нязломнасць нар. духу. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Ю.​Гаўрук, Х.​Жычка.

Тв.:

Стихотворения. Поэмы. М., 1982.

Літ.:

Тартаковский П. Дмитрий Кедрин. М., 1963.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕР (Keller) Вільгельм (н. 8.8.1920, г. Вельс, Аўстрыя),

аўстр. музыказнавец, педагог, кампазітар. Скончыў Лейпцыгскую кансерваторыю па класах кампазіцыі і дырыжыравання. Вучань І.​Н.​Давіда і Г.Абендрота. У 1945—60 выкладчык Вышэйшай муз. школы Моцартэума ў Зальцбургу, Паўн.-Зах. муз. акадэміі ў г. Дэтмальд, з 1962 адзін з кіраўнікоў Ін-та Орфа пры Моцартэуме (з 1964 праф.). Вядзе курсы муз. выхавання па сістэме К.​Орфа ў многіх краінах свету. Даследаваў метады выкарыстання музыкі ў лячэбнай педагогіцы. Аўтар муз.-пед. дапаможнікаў, крытычных прац. Сярод муз. твораў хары, песні, музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНА́Ф (Hibiscus cannabinus),

кветкавая расліна сам. мальвавых. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы і Цэнтр. Індыі. Вырошчваецца на Пд Еўропы, Азіі, Амерыкі.

Аднагадовая лубавалакністая расліна з прамым рабрыстым ці круглаватым сцяблом выш. да 6 м, укрытым шыпікамі. Корань стрыжнёвы, галінасты, даўж. да 2 м. Лісце буйное, сярэдняе — пальчата-раздзельнае, ніжняе — сэрцападобнае, верхняе — ланцэтнае. Кветкі пазушныя, амаль белыя, з ярка-вішнёвай плямай унутры венчыка. Плод — 5-гнездавая каробачка. З валакна К. вырабляюць брызент, вяроўкі, радно, з кастрыцы — паперу і буд. пліты, з насення — тэхн. алей, макуху выкарыстоўваюць як угнаенне і корм для жывёлы.

У.​П.​Пярэднеў.

Кенаф.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РАЛА,

штат на ПдЗ Індыі, на ўзбярэжжы Аравійскага мора. Пл. 39 тыс. км². Нас. 29,1 млн. чал. (1993), пераважна народ малаялі. Адм. ц. — г. Трывандрам. Большую ч. штата займае нізінны Малабарскі бераг. На У — схілы гор Кардамонавых і Анаймуды. Клімат трапічны мусонны. Вільготны сезон з крас. да лістапада, ападкаў да 3 тыс. мм за год. К. — аграрны штат. Гал. культуры — какосавая пальма (каля 70% насаджэнняў краіны) і рыс. Вырошчваюць таксама арэхі кэш’ю, тапіёку, спецыі і вострыя прыправы, каўчуканосы, чай, каву. Марское рыбалоўства. Здабыча манацытавых пяскоў. Развіта харч., баваўняная, дрэваапр., гумавая, электратэхн., хім., нафтаперапр. прам-сць. Транспарт чыг. і марскі.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАМЗІ́Т (ад грэч. keramos гліна),

штучны порысты (успучаны) матэрыял у выглядзе жвіру, часам друзу (зярняты 5—20 мм) або пяску (зярняты да 5 мм). Лёгкі (шчыльн. 250—800 кг/м³), трывалы, нізкацеплаправодны.

Зярняты з аплаўленай паверхняй і ячэістай структурай. Вырабляецца з легкаплаўкіх глін хуткім абпальваннем папярэдне сфармаваных гранул у вярчальных печах пры т-ры 1050—1220 °C. Для лепшага ўспучвання ўводзяць дабаўкі (пілавінне, торф, молаты вугаль, пірытныя агаркі і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для лёгкіх бетонаў, для цепла- і гукаізаляцыйных засыпак у будынках. На Беларусі К. выпускае Віцебскі камбінат буд. матэрыялаў.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)