ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,
фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.
Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл. Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл. Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл. Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕЎР (Febvre) Люсьен (22.7.1878, г. Нансі, Францыя — 27.9.1956),
французскі гісторык. Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1951). Праф. ун-таў Дыжона (1912—14), Страсбура (1919—33), Калеж дэ Франс (з 1933). Разам з М.Блокам заснаваў у 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі») і -кірунак у гістарыяграфіі — «Аналаў» школу. З 1935 кіраваў выданнем «Французскай энцыклапедыі». З 1948 узначальваў у Практычнай школе вышэйшых ведаў секцыю эканамічных і сацыяльных навук. Лічыў, што шлях да пазнання гісторыі ляжыць праз усебаковае асэнсаванне пэўнага грамадства, у т. л. яго геаграфіі, агр. адносін, гандлю, рэлігіі, культуры, гіст. псіхалогіі і інш. Працы па метадалогіі гісторыі, праблемах эпохі Адраджэння і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Бои за историю. М., 1991.
т. 16, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІ́П IV Прыгожы
(Philippe le Bel; 1268, г. Фантэнбло, Францыя — 29.11.1314),
кароль Францыі [1285—1314]. З дынастыі Капетынгаў. Унук Людовіка IX Святога. Кароль Навары з 1284. Далучыў да каралеўскага дамена Ангумуа (1308), Ліёнэ (1312). Ваяваў з Англіяй за Гіень (занята франц. войскамі ў 1294, вернута Англіі ў 1300). У 1300 захапіў Фландрыю, што выклікала паўстанне фландрыйскіх гарадоў (гл. «Бругская ютрань»). Для вядзення войнаў выкарыстоўваў экстраардынарныя падаткі: прымусовыя пазыкі, пераштампоўку манет (атрымаў мянушку «фальшываманетчык»); у 1306 выгнаў з каралеўства яўрэяў і канфіскаваў іх маёмасць; абклаў падаткамі духавенства, што выклікала канфлікт (1296—1303) з папам Баніфацыем VIII, у якім Ф. IV стаў пераможцам (гл. Авіньёнскае паланенне папаў). Ліквідаваў ордэн тампліераў, канфіскаваў іх маёмасць, дамогся скасавання ордэна папам (1312). Склікаў першыя Генеральныя штаты (1302).
т. 16, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́РМА (ад італьян. firma подпіс),
агульная назва прадпрыемства, кампаніі, гасп. т-ва, камерцыйнай арг-цыі, якія карыстаюцца правам юрыд. асобы. Можа быць аб’яднаннем аднародных ці змешаных прадпрыемстваў. Адрозніваюць Ф.: афіліраваную — роднасную Ф., якая далучана да буйной кампаніі ў выглядзе філіяла (даччыная Ф.); брокерскую — пасрэдніцкую Ф., якая з камерцыйнымі мэтамі дзейнічае па даручэнні і за кошт кліентаў; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную Ф., якая фінансуе навук. даследаванні, інж. распрацоўкі; інвестыцыйную — займаецца інвесціраваннем і аперацыямі з каштоўнымі паперамі; інжынірынгавую — спецыялізуецца на інж.-кансультацыйных паслугах; інавацыйную — ствараецца для выпрацоўкі новых тэхналогій на базе вынікаў н.-д. работ Ф. і становіцца яе саўладальнікам; кансалцінгавую — кансультацыі ў розных сферах; вытворчую — займаецца вырабам канкрэтнай прадукцыі; гандлёвую — займаецца гандл.-пасрэдніцкай дзейнасцю; рыэлтарскую — займаецца аперацыямі ў сферы нерухомасці.
т. 16, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАТА́ЦЫЯ (франц. flottation ад flotter плаваць),
працэс раздзялення дробных цвёрдых часцінак (пераважна мінералаў), заснаваны на адрозненні іх у змочвальнасці вадой.
Адрозніваюць Ф. пенную (найб. пашырана) для абагачэння карысных выкапняў, масляную, плёначную, іонную і электрафлатацыю. Пры пеннай Ф. часцінкі мінералаў у водным асяроддзі выбіральна прыліпаюць да пузыркоў паветра і паднімаюцца ў пену (утвараюць канцэнтрат). Большасць мінералаў змочваецца добра. З-за ўласцівасці некат. мінералаў дрэнна змочвацца (сера, графіт, азакерыт, борная к-та), пры Ф. іх прыродных руд выкарыстоўваюць флотарэагенты, якімі паляпшаюць гэты працэс. У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць флотарэагенты: збіральнікі (калектары), пенаўтваральнікі, актыватары і інш. Ф. выкарыстоўваецца таксама для ачысткі вады ад арган. рэчываў і цвёрдых завісей, раздзялення сумесей, паскарэння адстойвання ў хім., харч. і інш. галінах прам-сці.
т. 16, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́КІН Міхаіл Міхайлавіч (23.4.1880, С.-Пецярбург — 22.8.1942),
рускі балетмайстар, артыст балета і педагог; рэфарматар балетнага т-ра 20 ст. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1898). З 1898 артыст і балетмайстар у Марыінскім т-ры. Адначасова ў 1909—12 і 1914 маст. кіраўнік і балетмайстар трупы С.Дзягілева ў час «Рускіх сезонаў». З 1918 за мяжой. З 1923 кіраўнік асабістай студыі танца ў Нью-Йорку. Імкнуўся да набліжэння балета да жыцця, да садружнасці харэографа і мастака, шырока выкарыстоўваў сімф. музыку. Сярод паст.: «Павільён Арміды» М.Чарапніна (1907), «Егіпецкія ночы» А.Арэнскага (1908), «Шэхеразада» (1910) на музыку М.Рымскага-Корсакава, «Жар-птушка» (1910) і «Пятрушка» (1911) І.Стравінскага, «Рускі салдат» на музыку С.Пракоф’ева (1942).
Тв.:
Против течения. Л.;
М., 1962.
Ю.М.Чурко.
т. 16, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́ДКІН Марк Рыгоравіч (4.5.1914, г. Віцебск — 4.4.1990),
расійскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937), вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1938—39, кл. М.Аладава). З 1937 працаваў акцёрам, заг. муз. часткі ў Бел. т-ры юнага гледача ў Мінску. З 1944 у Маскве. Аўтар папулярных песень, якім уласцівы шматграннасць тэматыкі, грамадзянскасць, лірызм, багацце рытмікі, апора на нар. песенную творчасць: «Вярнуўся я на Радзіму», «Песня пра Дняпро», «Выпадковы вальс», «Бранская вуліца», «Бярозы», «За таго хлопца», «Цячэ Волга» і інш. Пісаў музыку да кіна- і тэлефільмаў (каля 50), у т. л. да бел. «Апошні хлеб» і інш., да спектакляў драм. т-ра. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (1974). Дзярж. прэмія СССР 1979.
т. 16, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НЦЫЙ (лац. Francium),
Fr, радыеактыўны хім. элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 87; адносіцца да шчолачных металаў. Найменш устойлівы з радыеактыўных элементаў; найб. устойлівы з іх 223Fr (перыяд паўраспаду 21,8 мін, β-распад) — чл. прыроднага радыеактыўнага рада актынаурану. У прыпаверхневым пласце Зямлі таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца прыблізна 24,5 г Ф. Радыенуклід 223Fr адкрыла ў 1939 франц. радыяхімік М.Перэй; названы ў гонар Францыі.
У вагавых колькасцях атрымаць Ф. немагчыма з-за адсутнасці доўгажывучых ізатопаў. Паводле ацэнак для Ф. tпл 18—20 °C, шчыльн. 2300—2500 кг/м³. Самы электрададатны метал. Хім. ўласцівасцямі падобны да рубідыю і цэзію. Выкарыстоўваюць для вызначэння астату-227 і ў біял. даследаваннях, у т. л. для дыягностыкі ракавых захворванняў.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДА́МЕНТ у геалогіі,
ніжні структурны ярус платформы. Складзены з метамарфізаваных, гранітызаваных, змятых у складкі і разбітых разломамі парод, пранізаных інтрузіямі. Утвараецца на даплатформавай стадыі развіцця зямной кары. Ф. стараж. платформ (кратонаў) мае дакембрыйскі (пераважна раннедакембрыйскі, больш за 1,6 млрд. гадоў) узрост; для яго характэрны гранулітавая і амфібалітавая фацыі рэгіянальнага метамарфізму і моцная гранітызацыя парод (Ф. крышталічны). Ф. маладых платформ мае познадакембрыйскі або фанеразойскі ўзрост, складзены са слаба метамарфізаваных, інтэнсіўна дыслацыраваных парод (складкавая аснова). З крышт. Ф. звязаны асн. радовішчы рудных і нярудных карысных выкапняў. На Беларусі крышт. Ф. складзены з парод шчучынскай серыі і рудзьмянскай тоўшчы архею, аколаўскай і жыткавіцкай серый ранняга пратэразою, агаляецца на невял. плошчы на Пд, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на (паўн. ўскраіна Украінскага шчыта).
І.В.Найдзянкоў.
т. 16, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦЕ́НЧЫЦЫ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 52 км на ПдУ ад г. Вілейка, 70 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Уша. 95 ж., 48 двароў (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.
Вядомы з 1470 як маёнтак М.Радзівіла Старога, потым уладанне Рагозаў, Рымшаў, Высоцкіх і інш. У 1550 дзейнічала царква. У 1800 у вёсцы 63 ж., 8 двароў. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав., 28 ж., царк.-прыходская школа, царква, млын. У пач. 20 ст. 17 ж., нар. вучылішча. З 1940 цэнтр сельсавета Ільянскага.з 1957 Вілейскага р-наў Мінскай вобл. У Вял. Айч. вайну адбыўся Хаценчыцкі бой 1943. Знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Н.А.Яфімава.
т. 16, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)