ЛЕДАВІКО́ВЫ ПЕРЫ́ЯД,

этап геал гісторыі Зямлі, на працягу якога шматразова чаргаваліся адрэзкі часу з вельмі халодным (ледавікоўе) і з больш цёплым (міжледавікоўе) кліматам на фоне агульнага пахаладання. Вядомы ў ніжнім пратэразоі Паўн. Амерыкі, верхнім рыфеі Афрыкі і Аўстраліі, вендзе Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, канцы карбону — пач. пярмі на стараж. мацерыку Гандвана і ў плейстацэне (найб. даследаваны). Змены клімату прыводзілі да перамяшчэнняў геагр. зон на Пд, міграцыі флоры і фауны, утварэння вял. плошчаў і аб’ёмаў мацерыковых зледзяненняў і пашырэння горных ледавікоў. У час міжледавікоўяў ва ўмераных шыротах значная частка ледавікоў раставала. Перыяды слабейшых пацяпленняў наз. міжстадыяламі (інтэрстадыяламі). На тэр. Беларусі добра захаваліся ледавіковыя адклады, ледавіковы рэльеф, рэшткі раслін і жывёл плейстацэну. Яны далі магчымасць высветліць падзеі, што адбыліся 1,65 млн. гадоў назад.

А.​Ф.​Санько.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАСА́ЦЫЯ (польск. komasacja),

ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка агр. рэформы ў Польшчы, абвешчанай сеймам у 1919. Праводзілася паводле закону ад 28.12.1925 «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» з мэтай умацаваць у Зах. Беларусі заможнае сялянства як апору польск. ўрада. Закон абавязваў памешчыкаў прадаваць сялянам і асаднікам участкі зямлі па 15 га у Польшчы і па 26 га у Зах. Беларусі і Зах. Украіне. З 1 млн. га зямлі, прададзенай у 1926—30 памешчыкамі, 90% купілі заможныя сяляне і асаднікі. Бяднейшым сялянам даставаліся горшыя землі. Расходы на К. цалкам клаліся на сялян. Правядзенне К. асабліва паскорылася ў гады эканам. крызісу 1929—30. Як і ўся агр. рэформа, К. ўзмацніла сац. размежаванне зах.-бел. вёскі.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,

лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.

Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax​2 + 2Bxy + Cy​2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.

Да арт. Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, Храм св. Сафіі,

помнік візант. дойлідства. Пабудаваны ў 532—537 у Канстанцінопалі (цяпер. г. Стамбул) Анфіміем з Тралаў і Ісідарам з Мілета. 3-нефавая купальная базіліка (даўж. 77 м). Купал (на ветразях; дыям. 31,5 м; адноўлены ў меншых памерах пасля зруйнавання ў 6 ст.) аб’яднаны з базілікальнай ч. пры дапамозе складанай сістэмы паўкупалаў, што надае інтэр’еру грандыёзнасць і пышнасць, гарманічнае адзінства. Унутры храм абліцаваны каляровым мармурам, аздоблены мазаікай (затынкавана туркамі, якія пасля 1453 ператварылі яго ў мячэць; частка мазаік 6—12 ст. расчышчана). Вонкавае манум. аблічча помніка скажонае тур. прыбудовамі 16—18 ст. (мінарэты і інш.). Цяпер музей. Разам з гіст. цэнтрам Стамбула ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Deichmann A Hagia Sophia. New York, 1974.

Канстанцінопальскі Сафійскі сабор.
Інтэр’ер Канстанцінопальскага Сафійскага сабора.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.

Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.​Р.​Яфрэмаў, ген.-м. В.​М.​Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.​Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,

працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл. Фотасінтэз), вады (гл. Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ ПЛІТА́,

частка Цэнтральнаеўраазіяцкай маладой платформы, якая адпавядае плошчы Заходне-Сібірскай раўніны, а на Пн заходзіць на шэльф Карскага м. На З. абмежавана Урала-Новазямельскім выступам на ПдУ — Казахстана-Алтайскім і Кузнецка-Саянскім выступамі; на У прымыкае да Сібірскай платформы. Кустанайская седлавіна аддзяляе З.п. ад Туранскай пліты. Фундамент складзены з рознаўзроставых палеазойскіх складкавых парод, у цэнтр. ч. ёсць дакембрыйскія масівы. На паверхні фундамента рыфтавыя ўпадзіны субмерыдыянальнага напрамку, запоўненыя кантынентальнымі трыясава-юрскімі адкладамі. З мезазою на стан З.п. ўплывалі адмоўныя тэктанічныя рухі, якія паступова кампенсаваліся намнажэннем мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў (магутнасць да 4—6 км). Гэтыя адклады стварылі платформавы чахол. На З.п. шмат прамысл. радовішчаў: нафты, газу (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), вугалю, жал. руд, баксітаў, марганцавых руд, соды, вял. паклады торфу, Заходне-Сібірскі артэзіянскі басейн.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.

Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.​Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)