помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.І.Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1867—71 з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыц. 4-часткавую схему: званіца, трапезная, 3-нефавы квадратны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда, абапал якой прыбудаваны рызніца і ахвярнік. Над асн. аб’ёмам — 8-гранны светлавы барабан. У дэкоры выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш. Званіца і гал. светлавы барабан царквы маюць аднолькавую арх.-пластычную структуру: 8-гранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛЕ́ННЕ ДАНІІ́ЛА ЗАТО́ЧНІКА»,
помнікстараж.-рус. літаратуры 13 ст. Прыпісваецца гіст. або літ. герою — Даніілу Заточніку. Захаваўся ў спісах 15—16 ст. Існуюць 2 яго рэдакцыі: «Слова Данііла Заточніка» (12 ст.?) і «М.Д.З.». «Маленне» напісана ў форме паслання і спалучае ў сабе апалогію моцнай княжацкай улады і асабістае самасцвярджэнне. У ім выкарыстоўваюцца традыцыі кніжнай культуры, цытуецца Біблія і інш.літ. творы. Стыль вызначаецца афарыстычнасцю, іншасказальнасцю, выкарыстаннем элементаў сатыры і жывой гаворкі.
Публ.:
Слово Даниила Заточеника... // Златоструй: Древняя Русь X—XIII вв. М., 1990.
Літ.:
Лихачев Д.С. Даниил Заточник // Словарь книжников и книжности Древней Руси. Л., 1987. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЦІН-КА́МЕНЬ БРАСЛА́ЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1992). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Лайбуны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун граніту рапаківі са шматлікімі крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў (ад 2 да 7 см у папярочніку) і таблічак (2 × 2 см). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,3 м, выш. 0.8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 10,8 м³, маса каля 28 т. Прынесены ледавіком каля 14 тыс.г. назад з паўд.-зах. Фінляндыі. На паверхні каменя ёсць 2 паглыбленні (у папярочніку 10 см, глыб. 5 см), высечаныя чалавекам 1,5—2 тыс. гадоў назад. Меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».
Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнікпрамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц.т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.