ГА́РШЦЯ (Вера Аляксандраўна) (н. 9.3.1927, с. Хулбаака, Малдова),

малдаўскі харавы дырыжор. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1987). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1957), выкладае ў ёй. З 1963 маст. кіраўнік і гал. дырыжор акад. харавой капэлы «Дойна». Сярод твораў, выкананых капэлай пад яе кіраўніцтвам, — араторыя «Пакаянне Давіда» В.​А.​Моцарта, «Те Deum» Г.​Ф.​Гендэля, паэма «Пакаранне Сцяпана Разіна» Дз.​Шастаковіча, творы малд. кампазітараў і інш. Дзярж. прэмія Малдовы 1974.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУГАРА́ (Sorghum cernuum),

від аднагадовых раслін з роду сорга сям. злакаў. Культывуюць як збожжавую і кармавую расліну ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, трапічнай Афрыцы і інш. Вельмі засухаўстойлівая. Мае шчыльнае суквецце-мяцёлку з моцна пакарочанымі галінкамі, з выгнутым сцяблом пад суквеццем, якое звісае ўніз. Зерне Дж. (мае да 70% крухмалу) перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, крухмал, скормліваюць жывёле і птушкам. Зялёную масу сушаць і сіласуюць, сцёблы служаць палівам.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁРАН,

верхні слой глебы, густа пераплецены жывымі і адмерлымі каранямі, парасткамі і карэнішчамі шматгадовых траў. Фарміруецца пад травяністай расліннасцю ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу на аблогах, поймавых і сухадольных лугах і пашы, забалочаных глебах. Мае павышаную колькасць пажыўных рэчываў (асабліва азотных) і большую звязнасць у параўнанні з ніжняй часткай перагнойнага гарызонту. Дз., ці дзярнінай называюць таксама выразаныя пласты з зарослага травою верхняга слоя глебы, якімі ўмацоўваюць адхоны, схілы і інш.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІКУ́ШЫН (Уладзімір Іванавіч) (8.8.1902, г. Самара, Расія — 12.1.1979),

савецкі вучоны ў галіне машынабудавання. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1933 працаваў у Эксперым. НДІ металарэзных станкоў. Гал. інжынер праекта першага аўтаматызаванага з-да поршняў (уведзены ў дзеянне ў 1950). Пад яго кіраўніцтвам распрацавана сістэма агрэгатавання станкоў для апрацоўкі цел вярчэння ў аўтам. лініях. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.

У.І.Дзікушын.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́НКА (Пётр Дарафеевіч) (1627, г. Чыгірын, Украіна — 19.11.1698),

гетман Правабярэжнай Украіны ў 1665—76. Рэестравы казак, ген. есаул (1663). У 1659 пасол у Маскве. Прыхільнік цэласнай і незалежнай Украіны, не прызнаваў умовы Андросаўскага перамір’я 1667. У 1669 ва ўмовах пагрозы ўварвання польск. і крымскіх войск пайшоў на саюз з Турцыяй. У 1676 капітуляваў перад рас. войскамі, у 1677 памілаваны рас. царом. У 1679—82 ваявода ў Вятцы, пазней жыў пад Масквой.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ,

князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.

Я.​Г.​Звяруга.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЎ,

археалагічныя помнікі (гарадзішча мілаградскай культуры, 2 курганныя могільнікі дрыгавічоў) каля в. Глыбаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі 2 жытлаў і 2 гасп. ямы, фрагменты ляпной керамікі, прасліцы, каменная сякера, крамянёвы адшчэп, верхні камень ад зерняцёркі і інш. На могільніках 12 — пач. 13 ст. пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме пад насыпам. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бронзавы крыжык з выемчатай эмаллю.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ШЧЫНА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 17 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 18,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі выш. 0,3—0,5 м, месцамі сплавінныя. Выцякае ручай у воз. Опліса.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],

1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.

2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)