ВА́ЛЕНРОД (Wallenrod; сапр. Валенродэ; Wallenrode) Конрад фон
(?, Франконія — 20.8.1393),
вялікі магістр Тэўтонскага ордэна (з 1391). Спрытны дыпламат. Будучы вял. маршалкам ордэна, заключыў у 1382 з польскім каралём Уладзіславам-Ягайлам на р. Дубіса (Літва) перамір’е, паводле якога ордэн атрымаў зах. частку Жамойціі. З 1388 вял. комтур, з 1391 вял. магістр, імкнуўся процідзейнічаць саюзу Польшчы і ВКЛ. Падтрымліваючы вял. князя літ. Вітаўта супраць Ягайлы, арганізаваў узбр. паходы на землі ВКЛ. Герой аднайм. паэмы А.Міцкевіча.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКАБО́ЙНЯ,
майстэрня для прыгатавання воску і вырабу з яго рэчаў, пераважна свечак. На Беларусі вядома з 16 ст. Звычайна невял. драўлянае збудаванне з каменнай або цаглянай печчу, у якую ўмуроўвалі кацёл для плаўкі воску. Расплаўлены воск выцякаў па спец. латаку і запаўняў разнастайныя формы. Свечкі рабілі абліваннем або аблепліваннем кнота воскам, працягваннем кнота праз ванну з воскам, адліўкай, прасаваннем. Паводле дакументаў 16—18 ст., васкабойні існавалі ў Полацку, Мінску, Оршы, Слуцку і інш. гарадах, мястэчках, фальварках, манастырах.
т. 4, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫКО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (20.11.1896, г. Крэменец, Украіна — 14.6.1962),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1944). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1923), выкладаў у ёй (з 1946 праф.). У 1926—35 працаваў дырыжорам у т-рах Кіева, Харкава і інш. Аўтар опер «Сотнік» (1939), «Наймічка» (1943, паводле Т.Шаўчэнкі), першага ўкр. балета «Пан Канёўскі» (1931), першых укр. араторый («Дума пра дзяўчыну-паланянку Марусю Багуслаўку», 1923), кантат, сімф. сюіт, а таксама песень, хароў, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў.
т. 4, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.
т. 4, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДСЁРФІНГ (англ. wind-surfing),
разнавіднасць паруснага спорту, гонкі на спец. дошцы (сёрфер, даўж. 3,7 м, шыр. 0,65 м, вага 27 кт) з замацаванай на ёй мачтай (выш. 4,2 м) з парусам (пл. 5,2 м²). Спартсмен стаіць на дошцы, рукамі ўтрымліваючы мачту з парусам, якая свабодна паварочваецца. Зарадзіўся ў ЗША (1968). Дзейнічае (з 1973) Міжнар. асацыяцыя віндсёрфінга (ІВА), чэмпіянаты свету і Еўропы з 1973; спаборніцтвы праводзяцца паводле правіл парусных рэгат. На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1970-х г.
т. 4, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РА, вера,
у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.
т. 4, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-МАРА́ТХСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць маратхскіх княстваў у Індыі. У выніку першай англа-маратхскай вайны (1775—82) княствам навязаны Салбайскі дагавор 1782, паводле якога англ. кампанія атрымала некаторыя землі маратхаў. У другой англа-маратхскай вайне (1803—05) маратхі страцілі ч. сваёй тэр. і прызналі сябе васаламі. У трэцяй англа-маратхскай вайне (1817—18) адны князі падпарадкаваліся англічанам, іншыя аказалі супраціўленне, аднак былі разгромлены. Значная ч. маратхскай тэр. была анексіравана англ. кампаніяй.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,
момант імпульсу мікрачасціцы пры яе руху ў сілавым сферычна сіметрычным полі. Паводле квантавай механікі арбітальны момант квантаваны: яго модуль L і праекцыя Lz на адвольную вось маюць дыскрэтныя значэнні — L2 = ħ2l(l+1), Lz = mħ, дзе ħ = h/(2Π), h — Планка пастаянная, l = 0, 1, 2, ... — арбітальны квантавы лік, m = 1, l—1, ..., -l — магнітны квантавы лік. Класіфікацыя станаў мікрачасціц па значэнні l адыгрывае важную ролю ў тэорыі атама і атамнага ядра, у тэорыі сутыкненняў.
т. 1, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАГАВО́РУ ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЙ А́ЗІІ (South-East Asia Treaty Organization; СЕАТО),
ваенна-паліт. рэгіянальная арганізацыя ў Паўд.-Усх. Азіі ў 1954—77. Створана ў вер. 1954 у Маніле паводле Паўд.-Азіяцкага дагавору аб калект. абароне. Уваходзілі Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Новая Зеландыя, Пакістан (выйшаў у 1973), Тайланд, Філіпіны, Францыя (з 1965 абмежавала, з 1974 спыніла ўдзел у арг-цыі). Штаб-кватэра знаходзілася ў Бангкоку. У 1975 Тайланд і Філіпіны выказаліся за роспуск блока. У чэрв. 1977 дзейнасць арг-цыі спынена.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РМАН (Іван Андрэевіч) (1830-я г., Вільня — 16.1.1893),
бел. этнограф і краязнавец. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром у Ашмянскім і Кобрынскім пав. З 1868 адначасова выкладаў у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы і інш. навуч. установах Вільні. Вывучаў бел. нар. абрады, прыкметы, вераванні, забабоны. Найб. каштоўныя яго працы пра нар. каляндар і метэаралогію беларусаў («Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета», 1874).
Літ.:
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.
т. 3, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)