О́ДА (ад грэч. ōdē песня),

жанр лірычнай паэзіі і музыкі. Верш у гонар якой-небудзь асобы ці гіст. падзеі, напісаны ў паэтычным, урачыстым стылі. Узнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе О. называлі лірычныя песні, што выконваліся хорам у час танцаў. Выдатнымі одапісцамі былі паэты стараж.-грэч. Піндар, стараж.-рымскі Гарацый, у зах.-еўрап. паэзіі П.​Рансар, Ф.​Малерб, Ж.​Б.​Русо, Э.​Лебрэн. У рус. паэзіі пачынальнік О. — В.​Традзьякоўскі («Урачыстая ода пра здачу горада Гданьска», 1734), ён распрацаваў і тэорыю жанру («Развагі пра оду»), О. пісалі М.​Ламаносаў, Г.​Дзяржавін, А.​Радзішчаў, А.​Пушкін, К.​Рылееў і інш. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. О. не развівалася. На пачатку 20 ст. яна адрадзілася: «Хвала чалавеку» і «Шчаслівым» В.​Брусава, «Ода рэвалюцыі» У.​Маякоўскага. Эвалюцыя О. ішла ў кірунку набліжэння да грамадз. лірыкі, прасякнутай пафасам услаўлення. У гэты час О. ўвайшла і ў бел. паэзію; вершы «Украіна» Я.​Купалы, «Краіне Саветаў», «Да дня 20-й гадавіны Кастрычніка» Я.​Коласа. Нярэдка паэты выносяць слова «О.» ў назвы твораў: «Ода балгарскай кухні» Н.​Гілевіча, «Ода трактарнаму заводу» Х.​Жычкі, «Ода Еве» П.​Макаля, «Ода пешаходу» П.​Панчанкі, «Ода прозе» М.​Стральцова. У сучаснай паэзіі развіваецца сатыр. О. («Ода квітанцыі» А.​Вярцінскага, «Ода футбольнаму мячу» Гілевіча).

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ХРЫД (Ohrid),

горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс. ж. (1999). Чыг. ст. Міжнар. аэрапорт. Харч. прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш. арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл. шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст. н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,

армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл. Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г. Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс. чал.), прапаршчыкаў (11 тыс. чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс. чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.

Г.​І.​Чуксін, С.​А.​Шматок.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ СЯЛЯ́Н У абставінах гасп. разрухі ў 2-й пал. 17 ст., выкліканай вайной Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і недахопам грошай у казне, сялянам Слонімскага староства выдавалі каралеўскія граматы, якія часткова замянялі паншчыну грашовым чыншам, а вёскі Какошчычы, Кракотка, Лапухова, Мяльканавічы, Перавалока, Саленікі, Сасноўка, Сялявічы, Чамяры, Якуцічы дамагліся права «сядзець» на «голым» чыншы. Калі трымальніца староства Г.​Сапега (жонка вял. гетмана ВКЛ П.​Сапегі) запатрабавала ад сялян выканання паншчыны і інш. павіннасцей адпаведна даўнейшым інвентаром, яны не пагадзіліся. Асабліва актыўна выступалі сяляне, якія былі на «голым» чыншы. У кастр. 1701 Г.​Сапега скардзілася ў слонімскі гродскі суд, што сяляне бунтуюць і адмаўляюцца выконваць паншчыну і інш. павіннасці. У 1720 хваляванні ахапілі Загжывальскае, Любішэцкае, Мяльканавіцкае і Чамерскае войтаўствы. У 2-й пал. 18 ст. тут адбыліся выступленні служылых людзей шэрагу баярскіх і канюшых вёсак. Да сярэдзіны 18 ст. яны «сядзелі» на грашовым чыншы. Спроба павялічыць павіннасці ў пач. 1750-х г. выклікала супраціўленне сялян-слуг. Сяляне не падпарадкоўваліся трымальніку Слонімскага староства на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Літ.:

Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі са старажытнасці да 1861 г. Мн., 1997;

Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII—XVIII в. Мн., 1982.

В.​І.​Мялешка.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́РЫХ (Zürich),

горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. аднайм. кантона. 343 тыс. ж. (1992), з прыгарадамі 835 тыс. Порт на Цюрыхскім возеры і р. Лімат. Буйны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., паліграф., харчовая. Ун-т. Музеі: швейцарскі, Кунстхаўз (мастацтва 14—20 ст.), маст. рамёстваў. Арх. помнікі: раманска-гатычныя саборы Гросмюнстэр (12—15 ст.), Фраўмюнстэр (13—14 ст.), ратуша (17 ст.), барочныя дамы рамесных гільдый (17—18 ст.).

Узнік у 6 ст. на месцы кельцка-герм. паселішча Турыкум. Як горад упершыню ўпамінаецца ў 929; у 1218 атрымаў статус імперскага горада. У выніку паўстання 1336 рамеснікі Ц. дамагліся прадстаўніцтва ў гар. кіраванні. У 1351 далучыўся да Швейц. канфедэрацыі, стаў гал. горадам аднайм. кантона. У 16 ст. Ц. — адзін з цэнтраў Рэфармацыі ў Швейцарыі, якой кіраваў У.Цвінглі. Секулярызацыя манастырскіх зямель і інш. дзеянні выклікалі ў 1529 і 1531 канфлікт з каталіцкімі кантонамі. У 1799 каля Ц. адбылася бітва паміж рас. і франц. войскамі ў час вайны 2-й кааліцыі супраць Францыі, якая скончылася паражэннем рас. армій. У 2-й пал. 19 ст. Ц. — буйны банкаўскі, прамысл. і культ. цэнтр. У 19 — пач. 20 ст. адзін з цэнтраў рэв. эміграцыі.

Цюрых. Панарама горада.

т. 17, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НГА ПЛАН,

другі рэпарацыйны план для Германіі па выніках 1-й сусв. вайны, распрацаваны міжнар. к-там экспертаў на чале з О.​Юнгам (ЗША), зацверджаны 20.1.1930 на 2-й Гаагскай канферэнцыі 14 краінамі.

У адрозненне ад Даўэса плана Ю.п. вызначаў дакладную суму рэпарацый для Германіі ў 113,9 млрд. марак, штогадовыя плацяжы зніжаны на 20% і складалі па 2 млрд. марак на наступныя 37 гадоў. Паводле Ю.п. змяняўся парадак спагнання рэпарацый. адмянялася сістэма аблігацый, ад плацяжоў вызвалялася герм. прам-сць, рэпарацыі павінны былі выплачвацца з даходаў чыг. транспарту і дзярж. бюджэту. ліквідаваўся кантроль над эканомікай і фінансамі Германіі, не прадугледжваліся санкцыі на выпадак невыканання абавязацельстваў. Адначасова прынята рашэнне датэрмінова вывесці саюзныя войскі з Рэйнскай вобл. ЗША, зацікаўленыя ў рэгулярных плацяжах амер. трымальнікам аблігацый за пазыкі Германіі, прымусілі Вялікабрытанію. Францыю і Італію згадзіцца з адтэрміноўкай рэпарацыйных выплат на год (т.зв. «мараторый Гувера», ад імя прэзідэнта ЗША), які набыў сілу 15.7.1931. Калі тэрмін мараторыя скончыўся. Германія, спасылаючыся на эканам. крызіс, спыніла выплату рэпарацый, і Ю.п. перастаў існаваць (афіцыйна адменены на Лазанскай канферэнцыі 1932). Выкліканы Ю.п. цяжар спрыяў распальванню ў Германіі шавіністычных настрояў напярэдадні прыходу да ўлады фашыстаў (студз. 1933). Крах Ю.п. адкрыў магчымасці для аднаўлення герм. ваен.-прамысл. патэнцыялу.

т. 18, кн. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́Л (грэч. obolos),

1) у Стараж. Грэцыі вагавая адзінка серабра, сярэбраная, потым медная манета (складала ​1/6 драхмы).

2) У Зах. Еўропе ў 2-й пал. 8—10 ст. вагавая адзінка серабра і сярэбраная манета (​1/2 дэнарыя), у 12—15 ст. сярэбраная, у 16—18 ст. білонная або медная манета (​1/2 дэнарыя).

3) У ВКЛ намінал у ​1/2 дэнарыя, чаканены Віленскім манетным дваром у 1545—47, 1554.

Сярэбраны абол 1546 Жыгімонта II Аўгуста (ВКЛ).

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-СІМБЕ́Л,

мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал. стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.

Калосы Рамсеса II у Абу-Сімбеле.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІКІ,

сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)