КУРСО́ГРАФ (ад курс + ...граф),
навігацыйная прылада для аўтам. запісу курсу судна. Запіс наносіцца на папяровую стужку (курсаграму). К. працуе ад гіракомпаса або дыстанцыйнага магн. компаса.
т. 9, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́КТА (ад secta вучэнне, школа, кірунак),
рэлігійная абшчына, група, якая адкалолася ад пануючай царквы; таксама ўсякая адасобленая група людзей, якая замкнулася ва ўласных вузкіх інтарэсах.
т. 14, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад ням. rentabel даходны, прыбытковы),
эканамічны паказчык, які характарызуе ўзровень эфектыўнасці затрат і выкарыстання рэсурсаў у выніку вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі. Вызначаецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і выяўляе суадносіны паміж прыбыткам (звычайна чыстым) і затрачанымі сродкамі, выручкай ад рэалізацыі ці актывамі прадпрыемства (фірмы, кампаніі). У залежнасці ад мэты разліку вылучаюць Р.: асобных відаў прадукцыі, рэалізацыі, актываў, уласнага капіталу, інвестыцый. Р. асобных відаў прадукцыі вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад адзінкі прадукцыі і яе сабекоштам; разлічваецца пры вызначэнні цаны і ў аналіт. мэтах. Р. рэалізацыі (абароту) вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі ад рэалізацыі; характарызуе ўзровень прыбытку прадпрыемства ад пэўнага аб’ёму абароту. Для вызначэння ступені эфектыўнасці выкарыстання капіталу разлічваюць Р. актываў — суадносіны паміж прыбыткам і сукупнымі актывамі; Р. чыстых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і чыстым актывам; Р. бягучых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і бягучымі актывамі. Гэтыя паказчыкі вызначаюць аддачу, якая прыпадае на рубель адпаведных актываў; характарызуюць узровень канкурэнтаздольнасці прадпрыемства ў параўнанні з сярэднегаліновымі паказчыкамі. Узровень прыбытковасці прадпрыемства для акцыянераў вызначаюць пры дапамозе Р. ўласнага капіталу — суадносіны паміж прыбыткам і ўласным капіталам; характарызуе прыбытак, які прыпадае на рубель уласнага капіталу пасля выплаты працэнтаў за крэдыт і падаткаў (прыбытак, які знаходзіцца ў распараджэнні акцыянераў). Пры аналізе інвестыцыйных праектаў выкарыстоўваюць Р. інвестыцый — суадносіны паміж даходамі і інвестыцыйнымі расходамі; характарызуе ўзровень прыбытку інвестара (фірмы), які прыпадае на рубель інвестыцый.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЫ́ЗМ (ад грэч. autos сам),
крайняя форма псіхал. адчужэння, якая праяўляецца ў адыходзе чалавека ад кантакту з навакольным светам і паглыбленні ва ўласныя перажыванні. Тэрмін уведзены швейц. псіхолагам і псіхіятрам Э.Блейлерам (1857—1939) для абазначэння псіхічных парушэнняў, звязаных з паніжанай магчымасцю хворага чалавека кіраваць сваім мысленнем, адключацца ад пакутлівых думак, якія праяўляюцца ў пазбяганні ад любых кантактаў з людзьмі. Абазначае таксама пераважную арыентацыю індывіда на сваю ўнутраную карціну і ўнутраныя крытэрыі ў ацэнцы з’яў (гл. Эгацэнтрызм), гэтаму спадарожнічае страта інтуітыўнага разумення людзей, неадэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на іх паводзіны. Аўтызм праяўляецца ў псіхічных хваробах, асабліва шызафрэніі. У некаторых псіхічна здаровых людзей мысленне можа мець пэўныя рысы аўтызму.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н (ад грэч. axōn вось), нейрыт, восевы цыліндр,
адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
А.С.Леанцюк.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
разнавіднасць грамадзянскай адказнасці па абавязацельстве, у якім некалькі даўжнікоў. Звычайна ўзнікае пры непадзельнасці прадмета абавязацельства, сумесным прычыненні шкоды, а таксама ў выпадках, калі ў дагаворы не ўстаноўлена іншае. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь у выпадку С.а. крэдытор мае права патрабаваць выканання ад усіх даўжнікоў сумесна і ад любога паасобна (поўнасцю ці ў частцы доўгу). Калі адзін з даўжнікоў задаволіў патрабаванне крэдытора поўнасцю, то астатнія нясуць перад ім адказнасць у роўных долях. Крэдытор, які не атрымаў поўнага задавальнення ад аднаго з салідарных даўжнікоў, мае права патрабаваць неатрыманае ад астатніх даўжнікоў. Салідарныя даўжнікі застаюцца абавязанымі да таго часу, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 14, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКО́ВАЕ МАСТА́ЦТВА,
творы жывапісу, скульптуры і графікі, якія маюць самаст. характар, свабодныя ад прамых утылітарных функцый і не прызначаныя для ансамбля ў якасці яго састаўной і неад’емнай часткі. Назва ад «станка», на якім ствараюцца творы С.м., — мальберт, скульптурны станок. Творы С.м. разглядаюцца адасоблена ад наваколля, іх значэнне не мяняецца ад месца, дзе яны знаходзяцца, хаця ўмовы экспанавання і асвятлення могуць спрыяць альбо перашкаджаць поўнаму раскрыццю іх якасцей. У эпоху Адраджэння, з распадам універсальных комплексаў, характэрных для сярэдневякоўя, С.м. стала адной з умоў росквіту маст. культуры. У 17—20 ст. С.м. з яго псіхалагізмам, шматграннасцю і багаццем нюансаў — асн. род маст. творчасці, вызначальны ў жыцці грамадства.
т. 15, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ША,
рака ў Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 354 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Рагі Клічаўскага р-на, вусце за 700 м на Пд ад в. Ваевічы Клічаўскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, на вял. працягу праз лясныя масівы. Даліна слабавыразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай р. Ольса, шыр. ад 500 м да 1 км. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, месцамі забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу 7,5 км каналізаванае, ніжэй свабодна меандруе, моцназвілістае, шыр. 5—7 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
т. 15, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́Р,
малая планета № 1221. Адлегласць ад Сонца ў перыгеліі 1,06, у афеліі 2,78 а.а. Найменшая адлегласць ад Зямлі 15 млн. км. Адкрыта Э.Дэльпортам (Бельгія, 1932).
т. 1, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЦЭНТРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + цэнтралізацыя),
перадача функцый кіравання ад цэнтр. органаў улады мясц. органам, пашырэнне кола паўнамоцтваў ніжэйшых органаў кіравання за кошт вышэйшых; ліквідацыя або паслабленне цэнтралізацыі.
т. 6, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)