РЭНТА́БЕЛЬНАСЦЬ (ад ням. rentabel даходны, прыбытковы),
эканамічны паказчык, які характарызуе ўзровень эфектыўнасці затрат і выкарыстання рэсурсаў у выніку вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі. Вызначаецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і выяўляе суадносіны паміж прыбыткам (звычайна чыстым) і затрачанымі сродкамі, выручкай ад рэалізацыі ці актывамі прадпрыемства (фірмы, кампаніі). У залежнасці ад мэты разліку вылучаюць Р.: асобных відаў прадукцыі, рэалізацыі, актываў, уласнага капіталу, інвестыцый. Р. асобных відаў прадукцыі вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад адзінкі прадукцыі і яе сабекоштам; разлічваецца пры вызначэнні цаны і ў аналіт. мэтах. Р. рэалізацыі (абароту) вызначае суадносіны паміж прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі і выручкі ад рэалізацыі; характарызуе ўзровень прыбытку прадпрыемства ад пэўнага аб’ёму абароту. Для вызначэння ступені эфектыўнасці выкарыстання капіталу разлічваюць Р. актываў — суадносіны паміж прыбыткам і сукупнымі актывамі; Р. чыстых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і чыстым актывам; Р. бягучых актываў — суадносіны паміж прыбыткам і бягучымі актывамі. Гэтыя паказчыкі вызначаюць аддачу, якая прыпадае на рубель адпаведных актываў; характарызуюць узровень канкурэнтаздольнасці прадпрыемства ў параўнанні з сярэднегаліновымі паказчыкамі. Узровень прыбытковасці прадпрыемства для акцыянераў вызначаюць пры дапамозе Р. ўласнага капіталу — суадносіны паміж прыбыткам і ўласным капіталам; характарызуе прыбытак, які прыпадае на рубель уласнага капіталу пасля выплаты працэнтаў за крэдыт і падаткаў (прыбытак, які знаходзіцца ў распараджэнні акцыянераў). Пры аналізе інвестыцыйных праектаў выкарыстоўваюць Р. інвестыцый — суадносіны паміж даходамі і інвестыцыйнымі расходамі; характарызуе ўзровень прыбытку інвестара (фірмы), які прыпадае на рубель інвестыцый.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)