ХАМУРА́ПІ ЗАКО́НЫ,

збор законаў рабаўладальніцкай дзяржавы Вавілоніі, названы па імю яе цара Хамурапі. Складзены каля 1760 да н.э. Налічваюць 282 арт., у якіх разглядаюцца пытанні працэсуальнага характару, адносіны ўласнасці, царскай службы, шлюбу і сям’і, абавязацельстваў і інш. У аснову зборніка пакладзены старое звычаёвае права, шумерскія судзебнікі і новае заканадаўства. Нормы законаў недасканалыя з пункту гледжання іх паўнаты, вызначаюцца катэгарычнасцю, няма сістэмы ў іх выкладанні, хаця пэўная логіка прысутнічае. Тэксты складзены ў асноўным у казуістычнай форме. У адрозненне ад інш. усх. кадыфікацый не маюць рэліг. і маралізуючага элементаў. Каштоўны помнік стараж. ўсх. права.

т. 16, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́НСЕН (Hansen) Крысціян Фрэдэрык (29.11.1756, Капенгаген — 10.7.1845),

дацкі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (да 1774); выкладчык (у 1808—35 праф.) і дырэктар (1811—21, 1827—30) у ёй. У 1782—1800 працаваў у Германіі і Італіі. З 1808 вышэйшы інспектар па буд-ве ў Даніі. Асн. творы ў Капенгагене: пасля пажару 1794 аднавіў у стылі класіцызму палац Крысціянсбарг (1800—20), цэрквы, у т. л. Маці Божай (1811—29), у двары палаца Крысціянсбарг (1826—28), ратуша, школа Метрапалітан (абедзве 1816) і інш.

К.Ф.Хансен. Інтэр’ер царквы Маці Божай у Капенгагене. Літаграфія.

т. 16, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЛА́МАЎ Сямён Ільіч (30.4.1921, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія — 5.5.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Засл. ваенны лётчык СССР (1972). Ген.-палк. авіяцыі (1975). Скончыў Сталінградскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), ваен. акадэміі паветр. (1955) і Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір эскадрыллі старшы лейтэнант Х. вызначыўся разведвальнымі палётамі ў час Бел. аперацыі 1944 у раёне рэк Проня, Бася, Дняпро; да ліст. 1944 зрабіў 574 баявыя вылеты. Пасля вайны на адказных пасадах у ВПС СССР, ЦК ДТСААФ СССР па авіяцыі.

С.І.Харламаў.

т. 16, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕНАМЕ́ЛЕС, японская айва (Chaenomeles),

род кветкавых раслін сям. ружакветных. 4 віды. Пашыраны ў Кітаі і Японіі. На Беларусі інтрадукаваны Х.​Маўлея, або айва нізкая (Ch. maulei), і Х. японскі, або айва японская (Ch. japonica).

Лістападныя ці паўвечназялёныя кусты або невял. дрэвы выш. 1—6 м, звычайна калючыя. Скурыстае лісце чаргаванае, простае, пілаватае ці гародчатае па краі. Кветкі адзіночныя або ў пакарочаных гронках, буйныя (дыям. 3—5 см), чырв., ружовыя. белыя. раскрываюцца перад ці адначасова з распусканнем лісця. Плод — яблыкападобны, ядомы. Лісце і плады айвы японскай маюць вітамін C. Пладовыя, дэкар. расліны.

Хенамелес Маўлея.

т. 17, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЧ Фёдар Васілевіч (н. 22.4.1917, с. Новадзімітрыеўка Іванаўскага р-на Херсонскай вобл., Украіна),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Качынскую ваен. школу пілотаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951). Ў Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Ленінградскім, Сталінградскім, Цэнтр. і 1-м Бел. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі, пам. камандзіра знішчальнай авіядывізіі па паветр.-стралк. службе. Да жн. 1944 зрабіў 535 баявых вылетаў, асабіста збіў 13 і ў пары 4 самалёты праціўніка. Вызначыўся ў баях пад Ленінградам, Сталінградам, Арлом, Гомелем, Бабруйскам, Люблінам, Варшавай, Берлінам. Пасля вайны да 1962 на камандных пасадах у ВПС.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОЛАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ (Holobasidiomycetidae),

падклас базідыяльных грыбоў (па класіфікацыі, заснаванай на марфалогіі базідый). 2 групы парадкаў (гіменаміцэты, гастэраміцэты), 600 родаў, больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 160 родаў, больш за 1,2 тыс. відаў. Пераважна глебавыя сапратрофы (напр. вясёлка, порхаўка, рагацік), мікарызаўтваральнікі (напр. падасінавік, падбярозавік, труфель), дрэваразбуральнікі (напр. гняздоўка, губавыя грыбы, дамавыя грыбы), паразіты раслін (напр. апенька восеньская, танатэфорус агурковы). Многія ўтвараюць буйныя пладовыя целы, у т. л. ядомыя (напр. баравік, грыбная капуста, шампіньён). Характэрная асаблівасць — наяўнасць цэльнай, аднаклетачнай, цыліндрычнай або булавападобнай базідыі з 4, радзей 2 спорамі на верхавінцы.

С.​Л.​Бельская.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ТАЎКА,

рака ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 372 км². Пачынаецца з р. Пціч за 1,5 км на ПдУ ад в. Русаковічы, вусце ў в. Пухавічы. Цячэ па зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні невыразная, у нізоўі трапецападобная або скрынкападобная са стромкімі схіламі. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні адсутнічае, у ніжнім вузкая, месцамі адсутнічае, шыр. 500—800 м. Рэчышча шыр. 10—20 м, ад вытоку да в. Загай на працягу 16 км каналізаванае. На рацэ г. Мар’іна Горка.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТО́ВІЧ Мітрафан Феафанавіч (1869, Магілёўская губ. — 1936),

бел. і расійскі вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-р медыцыны (1907). Скончыў Пецярб. ваенна-мед. акадэмію (1895). У 1895—1904 ваен. ўрач у г. Магілёў. З 1908 у Пецярб. ваенна-мед. акадэміі. У 1914—30 у Саратаўскім ун-це (праф.). У 1930—36 дырэктар НДІ фізіялогіі верхніх дыхальных шляхоў і вуха ў Саратаве. Навук. працы па пытаннях прафілактыкі хвароб вуха, горла і носа. Апісаў поўны фістульны сімптом (проба Ц., 1912).

Тв.:

Болезни уха, носа и горла. Саратов, 1922;

Патогенез и терапия хронических заболеваний верхних дыхательных путей // Вестн. оториноларингологии. 1936. № 1.

М.А.Цытовіч.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯПЛІ́ЦА,

збудаванне ахаванага грунту са святлопразрыстым пакрыццём са шкла, плёнкі, пластыку для вырошчвання расады, агароднінных, пладовых і дэкар. культур. Паводле ўнутр. будовы і прызначэння адрозніваюць Ц. стэлажныя, або разводачныя (для расады агародніны і кветак) і грунтавыя (для агароднінных і кветкавых культур). Паводле канструкцыі бываюць адназвенныя (ангарныя) і шматзвенныя (блочныя), 1- і 2-схільныя; паводле тэрміну выкарыстання — зімовыя (круглы год) і веснавыя (з лют.—крас. па кастр.); паводле спосабу вырошчвання — глебавыя і гідрапонныя. Абаграванне вадзяное, газавае, эл., біял. (біяпаліва). У якасці пажыўнага асяроддзя выкарыстоўваюць гноева-земляныя, тарфагнойныя і торфаперагнойныя кампосты, таксама субстраты арган. і мінер. паходжання, забяспечаныя макра- і мікраўгнаеннямі.

т. 17, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЦЕ́РСКІ Фелікс (1774—1826),

бел. і польскі літаратар, навуковец, педагог. Д-р філасофіі і тэалогіі Віленскага ун-та.

Вывучаў філасофію, вышэйшую матэматыку, фізіку ў Гал. школе ВКЛ (Віленскім ун-це). Выкладаў паэтыку, рыторыку, фізіку ў Забельскім дамініканскім калегіуме (цяпер Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), у Гродне і Навагрудку. Апошнія гады жыцця правёў у Вільні. Аўтар падручніка па эксперым. фізіцы (1806, на лац. мове). Трактат Ц. аб паэтыцы і рыторыцы страчаны. Вёў канфідэнцыяльныя перагаворы з царом Аляксандрам I адносна прыняцця царом каталіцызму.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 17, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)