ЦЯЦЕ́РСКІ Фелікс (1774—1826),

бел. і польскі літаратар, навуковец, педагог. Д-р філасофіі і тэалогіі Віленскага ун-та.

Вывучаў філасофію, вышэйшую матэматыку, фізіку ў Гал. школе ВКЛ (Віленскім ун-це). Выкладаў паэтыку, рыторыку, фізіку ў Забельскім дамініканскім калегіуме (цяпер Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), у Гродне і Навагрудку. Апошнія гады жыцця правёў у Вільні. Аўтар падручніка па эксперым. фізіцы (1806, на лац. мове). Трактат Ц. аб паэтыцы і рыторыцы страчаны. Вёў канфідэнцыяльныя перагаворы з царом Аляксандрам I адносна прыняцця царом каталіцызму.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 17, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)