КАЗЛО́Ў Вілорый Аляксеевіч (н. 18.1.1934, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак тэлебачання. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956). У 1957—92 мастак-пастаноўшчык Бел. рэсп. студыі тэлебачання (у 1961—82 гал. мастак). Работы вылучаюцца і рэаліст., і ўмоўна-алегарычнай вобразнасцю, эмацыянальнай выразнасцю. Аформіў тэлеспектаклі «Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава (1957), «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча (1959), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965), «Адвечная песня», «Курган» і «Бандароўна» паводле Я.​Купалы (усе 1980), «Слабодскі парламент» па матывах апавядання М.​Гіля (1984), «Алімпіяда» паводле рамана І.​Пташнікава (1988) і інш.; тэлефільмы «І смех і бяда» (1973), «Новая зямля» паводле Я.​Коласа (1982), «Купалінка» (1983) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.

Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн. ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд. ч. пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.

В.​Р.​Анціпаў.

Казлоўшчынскі парк. Схема планіроўкі.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛХІ́ДСКАЕ ЦА́РСТВА,

палітычнае ўтварэнне на ПдЗ Закаўказзя ў 6—2 ст. да н.э. Засн. стараж.-груз. плямёнамі колхаў. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, былі развіты металургія жалеза, апрацоўка лёну, дрэва, ювелірнае, керамічнае і інш. рамёствы, чаканіліся сярэбраныя манеты (калхідкі). Існавалі гандл.-рамесныя пункты гар. тыпу і гарады. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. К.ц. знаходзілася ў залежнасці ад Персіі. У 4 ст. да н.э. правіцель К.ц. Куджы ўзначаліў рух за аб’яднанне стараж.-груз. плямён у адзіную дзяржаву. У 2 ст. да н.э. заваявана Пантыйскім царствам, у 1 ст. да н.э. — Рымам. На мяжы 1—2 ст. н.э. на месцы К.ц. ўзнікла царства Лазіка, якое паступова падпарадкавала і насельніцтва паўн. Калхіды.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНА́Т (позналац. combinatus злучаны ад combino злучаю),

1) прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі тэхналагічна звязаных паміж сабой спецыялізаваных вытв-сцей. Асн. іх прыкметы: аб’яднанне разнастайных вытв-сцей, іх прапарцыянальнасць, тэхніка-эканам. і вытв. адзінства. Грунтуюцца на паслядоўнай перапрацоўцы сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі, выкарыстанні адходаў вытв-сці для выпрацоўкі інш. відаў прадукцыі або на комплекснай перапрацоўцы сыравіны На Беларусі працуюць шынны, сілікатных вырабаў, камвольны, цэлюлозна-папяровы і інш. К. Некаторыя з іх з’яўляюцца аб’яднаннямі.

2) Адм. аб’яднанне не звязаных тэхналагічна прадпрыемстваў адной галіны (напр., у вугальнай прам-сці), дробных вытв-сцей, мясц. прам-сці (райпрамкамбінат), прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, вучэбных фарміраванняў (вучэбны К.) Гл. таксама Камбінаванне ў вытворчасці.

І.​І.​Пішч.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,

крэдытная ўстанова, якая ажыццяўляе універсальныя банкаўскія аперацыі (прыцягненне ўкладаў, даванне пазык і інш.). Грашовыя сродкі для правядзення аперацый фарміруюцца пераважна праз уклады, якія размяшчаюцца на ўмовах зваротнасці, платнасці і тэрміновасці. К.б. функцыянуюць на прынцыпах камерцыйнага разліку, самастойна вызначаюць парадак прыцягнення і выкарыстання грашовых сродкаў, выкананне інш. банкаўскіх аперацый, узровень працэнтных ставак, памер камісійнага ўзнагароджання і не адказваюць па абавязацельствах дзяржавы і сваіх кліентаў. Ствараюцца на паявых ці акцыянерных пачатках і адрозніваюцца паводле спосабу фарміравання статутнага капіталу (з удзелам дзяржавы, замежнага капіталу і інш.), відаў ашчадных аперацый — універсальныя і спецыялізаваныя (напр., дэпазітны, інвестыцыйны, інавацыйны), тэрыторыі дзейнасці (міжнар., рэсп., рэгіянальны і інш.), галіновай арыентацыі (напр., прамысл., аграрны).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫЦЫЯНЕ́Р,

1) апарат (агрэгат, устаноўка) для кандыцыяніравання паветра. Бываюць аўтаномныя (з убудаванымі халадзільнымі машынамі і эл. паветранагравальнікамі), неаўтаномныя (са знешнімі крыніцамі холаду і цяпла), выпаральныя (ахалоджваюць паветра выпарэннем вады) і К.-даводчыкі (забяспечваюцца паветрам ад цэнтр. К., а дадатковым цяплом і холадам — ад знешніх крыніц). Аўтаномныя падзяляюцца на аконныя і верт. (шафавыя), якія маюць вадзяное ахаладжэнне; неаўтаномныя — на гарыз. і верт.; К.-даводчыкі — на вентылятарныя і эжэкцыйныя.

2) Апарат для гідратэрмальнай апрацоўкі збожжа, якая павышае яго мукамольныя ўласцівасці і паляпшае якасць мукі.

Схема аконнага бытавога кандыцыянера: 1 — фільтр-асушальнік; 2 — халадзільны кампрэсар; 3 — кандэнсатар; 4 — электрарухавік з вентылятарамі; 5 — выпаральнік для ахаладжэння паветра; 6 — фільтр для ачысткі паветра ад пылу.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЗЮ́К Віктар Іванавіч (н. 4.4.1945, в. Петрашунцы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р фіз.-матэм. н. (1994), праф. (1995). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1966), дзе і працуе з 1967, з∙1996 прарэктар. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях з частковымі вытворнымі. Распрацаваў метад энергетычных няроўнасцей і аператараў асярэднення пераменнага кроку, на пад ставе чаго даследаваў на вырашальнасць шэраг гранічных задач матэм. фізікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Метод энергетических неравенств и операторов осреднения // Вестн. БГУ. Сер. 1. Физика. Математика. Информатика. 1996. №: Граничная задача для уравнения Манжерона третьего порядка // Дифференциальные уравнения. 1997. Т. 33, № 12.

П.​М.​Бараноўскі.

В.І.Карзюк.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ВІН Сяргей Аляксеевіч (19.8.1858, Масква — 26.10.1908),

рускі жывапісец-жанрыст. Брат К.А.Каровіна. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1876—86, у В.Пярова), выкладаў у ім з 1888. Блізкі да перасоўнікаў. У творчасці развіваў традыцыі дэмакр. рэаліст. мастацтва. Творы пераважна сялянскай тэматыкі, вызначаліся псіхалагізмам і вастрынёй характарыстык вобразаў, адлюстроўвалі сац. працэсы парэформеннай вёскі («Перад пакараннем», 1884; «На людзях», 1893, і інш.). Звяртаўся да тэм жыцця рус. арміі («На манеўрах», 1885; «Кавалерысты ля калодзежа», 1887; «Манеўры Сумскага палка», 1880-я г.), вандроўнікаў-багамольцаў (творы 1890-х г.). Ілюстраваў творы А.​Пушкіна, М.​Гогаля і інш. Вучнямі К. былі В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі.

Літ.:

Суздалев П. С.​А.​Коровин. Л., 1967.

С.Каровін. На людзях. 1893.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ Аляксандр Якаўлевіч (20.1.1922, в. Харнінская Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. —15.1.1998),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Казахстана (1964), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1956). Працаваў на кінастудыі «Казахфільм». Паставіў фільмы «Далёка ў гарах» (1958), «Сказанне пра маці» (1963, Дзярж. прэмія Казахстана 1966). З 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Асн. месца ў творчасці займае тэма Вял. Айч. вайны. Паставіў тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Яго батальён» (1989); кінафільмы «Заўтра будзе позна» (1973, разам з М.​Цяпакам з Чэхіі), «Вясельная ноч» (1981), «Асабістыя рахункі» (1982), «Пайсці і не вярнуцца» (1989), дакумент. фільм «Ад слова «жыць» (1983, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). У 1981—86 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.

т. 8, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),

падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл. Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).

Катакомбы ў Рыме.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)