КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),

падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл. Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).

Катакомбы ў Рыме.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)