«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,

найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст.-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.​Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).

Публ.:

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (сапр. Стукалаў) Мікалай Фёдаравіч

(16.11.1900, станіца Гундараўская Данецкай вобл., Украіна — 19.9.1962),

рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1949). У 1922—32 карэспандэнт газ. «Правда», у 1951—60 гал. рэдактар час. «Театр». Друкаваўся з 1920. Першыя зб-кі нарысаў «Кумачовая раніца» і «Чырвоныя парасткі» (абодва 1926), п’есы «Тэмп» (паст. 1930), «Паэма пра сякеру» (паст. 1931), «Мой сябра» (1932), «Арыстакраты» (паст. 1934) і інш. пра сацыяліст. будаўніцтва. У трылогіі «Чалавек з ружжом» (1937, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, паст. 1942; новая рэд. 1955), «Трэцяя патэтычная» (1958, паст. 1959) стварыў вобраз У.​І.​Леніна. Праблемам духоўнага фарміравання моладзі прысвечаны п’есы «Санет Петраркі» (паст. 1957), «Маленькая студэнтка» (паст. 1959), раман «Бурштынавыя каралі» (1960, фільм «Каханая» 1965) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў «Кубанскія казакі», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), артыкулаў пра драматургію і т-р. Бел. т-р імя Я.​Коласа паставіў п’есы «Чалавек з ружжом» (1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, 1945), «Аксамітны сезон» (1948), «Трэцяя патэтычная» (1970), Бел. т-р імя Я.​Купалы — «Падзь Сярэбраная» (1939), «Крамлёўскія куранты» (1956), «Трэцяя патэтычная» (1959), Рус. драм. т-р імя М.​Горкага — «Мой сябар» (1933), «Арыстакраты» (1935), «Крамлёўскія куранты» (1940), Брэсцкі абл. драм. т-р — «Місурыйскі вальс» (1950), «Крамлёўскія куранты» (1957, 1967), Гомельскі абл. драм. т-р — «Кветкі жывыя» (1961), Гродзенскі абл. драм. т-р — «Тэмп — 1929» (1974), Магілёўскі абл. драм. т-р — «Крамлёўскія куранты» (1957). Ленінская прэмія 1959.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1972—73.

Літ.:

Холодов Е. Пьесы и годы: Драматургия Николая Погодина. М., 1967;

Слово о Погодине: Воспоминания. М., 1968.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Іван Пятровіч (26.9.1849, г. Разань, Расія — 27.2.1936),

расійскі фізіёлаг, стваральнік вучэння пра вышэйшую нервовую дзейнасць. Акад. Пецярбургскай АН (1907, чл.-кар. 1901), акад. АН СССР (1925). Ганаровы чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875) і Медыка-хірург. акадэмію (1879). Працаваў у ёй і фізіял. лабараторыі пры клініцы С.​П.​Боткіна. З 1890 праф., заг. кафедры Ваенна-мед. акадэміі, адначасова з 1891 узначальваў аддзел Ін-та эксперым. медыцыны. З 1925 дырэктар Фізіял. ін-та АН СССР. Навук. працы па фізіялогіі кровазвароту і стрававання. Распрацаваў новыя метады эксперым. даследаванняў: хранічны дослед на жывёлах, дослед з уяўным кармленнем, аперацыю малога страўніка з захаваннем яго інервацыі і інш. Даследаваў нерв. механізмы рэгуляцыі крывянога ціску, даказаў наяўнасць асобнай нерв. рэгуляцыі дзейнасці сэрца, якая залежыць ад змены абмену рэчываў у сардэчнай мышцы. Стварыў вучэнне аб трафічнай функцыі нерв. сістэмы. У працах па фізіялогіі стрававання высветліў, што дзейнасць стрававальнага тракту рэгулюецца карой вял. паўшар’яў галаўнога мозга; у працах па вышэйшай нерв. дзейнасці метадам умоўных рэфлексаў даказаў, што ў аснове псіхічнай дзейнасці ляжаць фізіял. працэсы ў кары галаўнога мозга. Распрацаваў вучэнне пра другую сігнальную сістэму, адкрыў з’яву тармажэння ў кары галаўнога мозга, стварыў вучэнне пра сон, тыпы нерв. дзейнасці, ахоўнае тармажэнне і інш. Даследаванні П. па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці зрабілі вял. ўплыў на развіццё фізіялогіі, медыцыны, псіхалогіі, педагогікі. Нобелеўская прэмія 1904.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973.

Літ.:

Бабский Е.Б. И.​П.​Павлов. 2 изд. М., 1959.

І.П.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГО́ЙША Вячаслаў Пятровіч (н. 5.6.1942, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык. Акад. Міжнар. АН Еўразіі (з 1994), д-р філал. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1963); у 1967—88 і з 1994 выкладае ў ім (заг. кафедры). З 1988 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 нам. дырэктара Нац. навук.-асв. цэнтра імя Ф.​Скарыны. Даследуе гісторыю бел. л-ры, бел.-ўкр., бел.-рус. і інш. літ. ўзаемасувязі, паэтыку верша, пытанні тэорыі маст. перакладу, праблемы літ. працэсу. Аўтар манаграфіі «Паэтыка Максіма Танка» (1968), кніг «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «Гутаркі пра верш» (1979), «Напісана рукой Купалы» (1981), «Слядамі знічкі» (пра С.​Палуяна, 1990; з Т.​Кабржыцкай), «Там, дзе бруіцца Іслач...» (1991) і інш. Складальнік вучэбнага дапаможніка для ВНУ «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя» (1971; у сааўт.; 2-е выд. 1988), зб. Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету» (1983, з Я.​Раманоўскай) і інш. Перакладае з укр., польск., сербскай і інш. моў. Міжнар. літ. прэмія імя І.​Франко 2000.

Тв.:

Карані дружбы: Бел.-ўкр. літ. ўзаемасувязі пачатку XX ст. Мн., 1976 (разам з Т.​В.​Кабржыцкай);

І нясе яна дар..: Бел. паэзія на рус. і ўкр. мовах. Мн., 1977;

Паэтычны слоўнік. Мн., 1979;

Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;

Кантакты: Літ.-крытыч. арт., эсэ. Мн., 1982;

Вяршыні: З невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

І адгукнецца слова ў слове..: Літ.-крытыч. арт., эсэ, дыялогі. Мн., 1992;

Слоўнік-мінімум па літаратуразнаўству. Мн., 2000;

Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. Мн., 2001.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ДЗІН Канстанцін Аляксандравіч (24.2.1892, г. Саратаў, Расія — 15.7.1977),

рускі пісьменнік. Акад. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1967). Чл.-кар. Германскай АМ (1958). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1914). З 1959 1-ы сакратар, з 1971 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1913. Раманы «Гарады і гады» (1924) і «Браты» (1927—28) пра творчую інтэлігенцыю, «Выкраданне Еўропы» (кн. 1—2, 1933—35) і «Санаторый «Арктур» (1940) пра Зах. Еўропу напярэдадні 2-й сусв. вайны. У трылогіі — раманы «Першыя радасці» (1945), «Незвычайнае лета» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Касцёр» (кн. 1 «Уварванне», 1961, кн. 2 «Час прыйшоў», 1965—67) — праблемы рэв. пераўтварэння жыцця і нараджэння рэв. мастацтва. Аўтар кніг «Пісьменнік, мастацтва, час» (1957), «Горкі сярод нас» (1968). Удзельнік 3-га пленума праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР (1936) у Мінску. У сваіх дакладах звяртаўся да бел. л-ры. Паводле яго слоў, задума напісаць раман пра мастацтва і актрысу (пазней выявілася ў трылогіі) узнікла ў 1936 у Мінску (арт. «З нагоды дылогіі», 1949). У 1-й частцы рамана «Касцёр» узноўлены падзеі першых дзён Вял. Айч. вайны ў Брэсце, Жабінцы і інш. мясцінах Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.​Дамашэвіч, Я.​Скрыган і А.​Шарахоўская.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1969—73;

Собр. соч. Т. 1-42. М., 1982—86;

Бел. пер. — Сустрэча з мінулым. Мн., 1978.

Літ.:

Кузнецов М.М. Романы Константина Федина. 2 изд. М., 1980;

Воспоминания о Константине Федине: Сб. М., 1988;

Левинсон З.И. Романы Константина Федина. Тула, 1988;

Старков А.Н. Трилогия Константина Федина. М., 1989.

Т.​К.​Грамадчанка.

К.А.Федзін.

т. 16, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ХЦЕРАЎ Уладзімір Міхайлавіч (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),

расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.​М.​Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.

Літ.:

Мясищев В.Н. В.​М.​Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.

У.М.Бехцераў.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРС (Bierce) Амброз Гвінет (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),

амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.​По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.​Кудраўцаў.

Тв.:

The Collected writings. New York, 1946;

Бел. пер. — Чужынец: Апавяданне // Далягляды. Мн., 1992;

Са «Слоўніка д’ябла»;

Забіты пад Рэсакай: Апавяданне // Крыніца. 1994. № 6 (12);

Рус. пер. — Заколоченное окно: Рассказы и миниатюры. Свердловск, 1989;

Страж мертвеца: Рассказы. М., 1991.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біягеацэноз + ...логія),

навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.

Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр. бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп. дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.

Літ.:

Сукачев В.Н. Избр. тр. Л., 1972. Т. 1. С. 228—241.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАБУ́РДА Міхаіл (? — чэрв. 1586),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад у дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РА (Hora) Іосеф? (8.7.1891, м. Добржыні каля г. Роўдніцы, Чэхія — 21.6.1945),

чэшскі паэт, празаік. Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). На яго раннія паэт. творы (зб. «Вершы», 1915) паўплывалі падзеі 1-й сусв. вайны. У 1018 — 20 адзін з тэарэтыкаў пралетарскага мастацтва і рэв. паэзіі. Аўтар зб-каў «Працоўны дзень» (1920), «Сэрца і хаос свету» (1922), «Бурлівая вясна» (1923), кнігі прозы «Сацыялістычная надзея» (1922), рамана «Галодны год» (1926) і інш. Зб-кі вершаў «Махоўскія варыяцыі», «Ціхія пасланні» (абодва 1936), «Родны дом» (1938), «Запіскі з немачы» (1945), паэма «Ян-скрыпач» (1939) прасякнуты філас. роздумам пра сэнс чалавечага існавання, лёс айчыны і чэш. народа. Перакладаў на чэш. мову вершы Я.​Купалы, А.​Пушкіна, М.​Лермантава, С.​Ясеніна. Напісаў арт. «Беларускія пісьменнікі ў Празе» (1927; пра Я.​Купалу, М.​Чарота, М.​Зарэцкага). Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць нац. і сац. ўціску ў Зах. Беларусі: На бел. мову яго творы перакладалі Х.​Жычка, С.​Панізнік і інш.

С.​С.​Панізнік.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)