МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац.рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з канца чэрв. 1941 да вер. 1942 у Мірскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. Складалася з груп (97 чал.) у вёсках Беражное (кіраўнікі Р.М.Рускіх, Я.І.Крамко), Лядкі (А.Ф.Бянецкі), Пагарэлка (І.М.Мацко), Сіняўская Слабада (К.У.Балабановіч). Да сярэдзіны ліп. 1941 падпольшчыкі дапамагалі часцям Чырв.Арміі выходзіць з акружэння, у в. Антанёва і Быковічы арганізавалі шпіталі для цяжкапараненых. Распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, збіралі і вывучалі зброю. Вясной 1942 наладзілі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю. Да вер. 1942 падпольшчыкі пайшлі ў лес і стварылі партыз. атрад «Камсамольскі», які пазней з інш. атрадамі стаў базай фарміравання аднайм.партыз. брыгады. За гады вайны загінула 29 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПСУ́ЕЎ (Уладзімір Нічыпаравіч) (10.10.1924, в. Бабовічы Гомельскага р-на — 10.12.1995),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Аўтар станковых кампазіцый «Механізатары» (1957), «Маладагвардзейцы Гомеля. Клятва» (1960), «Садружнасць» (1963), «Рэйкавая вайна» (1964), «1905 год» (1970), партрэтаў Героя Сав. Саюза І.К.Захарава (1975), нар. пісьменніка Беларусі П.Броўкі (1976), В.І.Давыдоўскай (1982) і інш.; помнікаў ахвярам фашызму ў в. Загалле Любанскага р-на (1964), у г. Докшыцы (1968), воінам Сав.Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у в. Лучнікі Слуцкага р-на (1970), в. Корань Лагойскага р-на (1980) Мінскай вобл., г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. (1983) і інш. Творы адметныя лаканізмам, абагульненасцю, выразнасцю сілуэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,
бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял.Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк.арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.З.Ізоха і нач. штаба М.А.Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Першы чырвонаармейскі паказальны тэатр пры Палітаддзеле 16-й армііЗах. фронту. Існаваў з восені 1919 да 1920 (аб’яднаны з Другім паказальным тэатрам і Трэцім паказальным тэатрам). Сфарміраваны ў Магілёве з прафес. акцёраў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Рэжысёры; Г.Бранікоўскі, М.Дняпроў, І.Яфімаў. Ставіліся п’есы, імправізацыі, мініяцюры, інсцэніроўкі рознай тэматыкі. Сярод пастановак: «Чырвоная праўда» А.Вермішава, «Легенда пра камунара» П.Казлова, «Да перамогі», «Генерал Барклаеў», «Пачуццё абавязку», «Так было» Бранікоўскага (апошні з Яфімавым), «Рэвалюцыйнае вяселле» С.Мікаэліса, «Кароль Арлекін» Р.Латара, «Жаніцьба» М.Гогаля, «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Свеціць ды не грэе», «Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.Салаўёва, «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «На дне» М.Горкага, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Патоп» Ю.Бергера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,
урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр.вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 15.1.1917, с. Чарналескае Будзёнаўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948) і Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1969). У арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Паўн.-Каўк., Закаўк., Сцяпным, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1972—76 каманд. войскамі Далёкаўсх. ваен. акругі, у 1976—80 1-ы нам. галоўнакаманд., у 1980—85 галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР. У 1977—78 адначасова ўзначальваў сав.ваен. місію па аказанні дапамогі ўраду Эфіопіі ў адбіцці агрэсіі з боку Самалі. У 1985—86 1-ы нам. міністра абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО ДЭ У (н. 4.12.1942, каля г. Тэгу, Рэспубліка Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Кар.ваен. акадэмію (1955). Ген.арміі. Служыў у паўд.-кар. войсках у В’етнаме ў час в’етн. вайны 1964—73. З 1979 камандуючы Сеульскім гарнізонам, войскамі грамадз. бяспекі. Удзельнік дзярж. перавароту 1979 на чале з Чон Ду Хванам і задушэння паўстання ў г. Кванджу ў 1980. У 1981 міністр па паліт. пытаннях, у 1982 міністр спорту, у 1982—83 міністр унутр. спраў. З 1985 старшыня, з 1987 лідэр Дэмакр. партыі справядлівасці (з 1990 Дэмакр. ліберальная партыя). У 1988—93 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення за хабарніцтва і ўдзел у дзярж. перавароце 1979. У 1998 памілаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск Сав.Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.
Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў (1,5 млн.чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген.арміі І.Я.Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.Паплаўскі).
На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс.чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.
Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл.Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б.герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁН [лац. legio (legionis) ад legere збіраць, набіраць],
1) у Стараж. Рыме найбуйнейшае агульнавайск. фарміраванне (напачатку назва ўсёй арміі). Меў сцяг з выявай арла. Падзяляўся на кагорты, маніпулы, турмы, цэнтурыі, складаўся з пешых салдат, коннікаў і абозу (3—10 тыс.чал.).
2) 3 16 і 18 ст. назва асобных вайск. фарміраванняў (пераважна з наёмнікаў і добраахвотнікаў) у шэрагу краін. Сярод іх былі легіёны польскія, Рускі Л. у Францыі ў канцы 1-й сусв. вайны (снеж. 1917—18; першапачаткова 51 афіцэр і 1629 салдат-добраахвотнікаў; прайшоў з баямі праз Латарынгію, Эльзас, Саар, дайшоў да г. Вормс, Германія; страціў 2 тыс.чал.), нямецкі Л. «Кондар» у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі (ваяваў на баку франкістаў у баях за Мадрыд, Більбао і інш., разбурыў г.Герніка), Чэхаславацкі Л. у СССР у 1939—41 (да 700 чал., камандзір Л.Свобада). На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. легіянерамі называлі польск. вайскоўцаў корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага і Арміі Краёвай, а таксама вайскоўцаў, створаных у складзе ням.-фаш. войск з палонных чырвонаармейцаў Татарскага (Волжска-Татарскага) Л. (у 1942—43 нёс ахоўную службу і дзейнічаў супраць сав. партызан у раёне Віцебска) і Туркестанскіх Л. (адзін з батальёнаў дыслацыраваўся ў Рэчыцы). З 1831 існуе франц. Замежны Л. (удзельнічаў ва ўсіх калан. войнах Францыі; паводле некаторых звестак на 1995—96, 12 б. легіянераў жывуць на Беларусі, у т. л. 8 з іх у Магілёве).
3) Назва грамадскіх арг-цый у некаторых краінах (напр., Амерыканскі легіён, каталіцкі духоўна-дабрачынны Л. Марыі, засн. ў 1921 у Дубліне).
Літ.:
Пети П. Русские в составе французской армии во время Великой войны 1914—1918 гг.: Пер. с фр. // Военно-ист. журн. 1998. №3;
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. № 2;
Студнев Д. Иностранный легион // Армия. 1996. № 4.