АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ, аніс шэры, аніс зялёны,

старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх. ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружавата-паласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.

Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.

Аніс паласаты.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш. Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл. Сталярныя работы, Цяслярныя работы).

Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Літ.:

Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;

Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫННАЯ ТЭО́РЫЯ,

сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.​Т.​Інама-Штэрнег, К.​Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.​Д.​Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.​Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛІ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),

алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл. Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.

Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАКУЛЬТУ́РА,

развядзенне і таварнае вырошчванне каштоўных водных арганізмаў (рыб, ракападобных, малюскаў, водарасцяў). Адрозніваюць аквакультуру прэснаводную і марскую (марыкультуру). Вылучаюць 2 кірункі развіцця аквакультуры: вырошчванне каштоўных відаў рыб і беспазваночных з выкарыстаннем штучных кармоў і пашавае — на натуральнай кармавой базе ў паўкантралюемых умовах. У прэснаводнай аквакультуры выкарыстоўваюць штучныя і натуральныя вадаёмы, а таксама індустр. ўстаноўкі, у марыкультуры — прыбярэжную зону мораў. Існуе ў краінах з высокім тэхн. узроўнем рыбалоўства (Японія, Вялікабрытанія, Нарвегія) і краінах паўд.-азіяцкага і афр. рэгіёнаў. Сусветны прадукт аквакультуры складае 9,4—9,5 млн. т (на марыкультуру прыпадае каля ​2/3; 1983—87).

На Беларусі аквакультура існуе ў выглядзе сажалкавага і азёрнага рыбаводства, развіваюцца індустр. формы рыбаводства на прамысл. прадпрыемствах. Функцыянуюць 21 сажалкавы, 6 азёрных рыбгасаў, 8 рыбагадавальнікаў; вырошчваюць карпа, сазана, карася сярэбранага, амура белага, таўсталобіка, стронгу радужную. Сярэднегадавы аб’ём сажалкавай рыбы складаў каля 18 тыс. т у 1986—90, 6 тыс. т у 1994, у азёрных гаспадарках 0,7 тыс. т, у індустр. рыбаводстве 1,4 тыс. т (1990).

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЭВІЯТУ́РА (італьян. abbreviatura ад лац. abbrevio скарачаю),

1) у мове — назоўнік, утвораны шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае часткамі. Абрэвіяцыя (утварэнне абрэвіятуры) як спосаб словаўтварэння пашырылася ў асн. еўрап. мовах на пач. 20 ст., у бел. мове — у 1920-я г. У сучаснай бел. мове паводле структуры вылучаюцца абрэвіятуры: ініцыяльныя (з пачатковых літар — ВНУ або гукаў — ААН), складовыя (з пачатковых частак слоў — сельмаг); змешанага (складова-ініцыяльнага) тыпу; утвораныя з часткі першага слова і канцавой — другога (мапед); з пачатковай часткі і цэлага слова (дзяржзаказ).

2) У музыцы — сімволіка муз. тэксту (спец. знакі, літары, лічбы), якая служыць для спрашчэння або скарачэння нотнага пісьма. Абрэвіятуры спрашчэння абазначаюць паўтарэнне раздзелаў формы твора, элементаў муз. мовы, выканальніцкіх адценняў, паўз, перанясенне гукаў на актаву і больш уверх ці ўніз. Абрэвіятуру скарачэння выкарыстоўваюць у назвах муз. інструментаў, для пазначэння дынамічных і выразных адценняў, выканальніцкіх прыёмаў, а таксама ў назвах муз. тэм і твораў.

Т.​Г.​Мдывані (музыка).

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНЕ́ЖЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад Пінска, 173 км ад Брэста, на аўтатрасе Гомель—Брэст. 1197 ж., 367 двароў (1995). Забудоўваюцца паводле праекта планіроўкі 1968 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, аўтар забудовы арх. Н.​Нядзелька, інж. В.​Хандогін). Гал. вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асн. ўезд у вёску з боку Пінска з цэнтр. плошчай, дзе знаходзяцца адм. будынак, гандл. цэнтр, Дом культуры з залай на 600 месцаў. Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8-12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі з кватэрамі ў 2 узроўнях. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя арх. формы — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўн. частцы вёскі сканцэнтравана індывід. забудова сядзібнага тыпу, на ПнЗвытв. зона. На У ад цэнтр. плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Цэнтральная вуліца вёскі Аснежыцы.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕРГІ́Л (Aspergillus),

род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусі найб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.

Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган. к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.

Аспергіл чорны: 1 — агульны выгляд; 2 — канідыяносец з канідыямі.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНУЛЯВА́ННЕ (ад лац. granulum зярнятка),

наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.

Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш. мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)