ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),

род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.

Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.

Вужоўнік звычайны.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛЯ́НКА, дуброўка (Ajuga),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца: гарлянка паўзучая (A. repens), расце пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, на лугах і палянах; гарлянка жэнеўская (A. genevensis) расце на сухіх схілах і лугах, у хваёвых лясах, каля дарог і ў ярах, занесена ў Чырв. кнігу; гарлянка пірамідальная (A. pyramidalis) трапляецца каля дарог і сцежак у хвойных лясах.

Адна-, двух- і шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце суцэльнае, сцябловае часам трохраздзельнае, супраціўнае, ніжняе часта сабранае ў прыкаранёвую разетку, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі сінія, блакітныя, ружовыя, белыя, зрэдку жоўтыя, у несапраўдных пазушных кальчаках, сабраных у коласападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Лек. (вяжучы, мачагонны, ранагаючы сродак), меданосныя і дэкар. расліны.

Т.​К.​Марозава.

Гарлянка паўзучая.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ-ПАРАСО́НІК (Macrolepiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Вядома 11 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 віды, найб. вядомы грыб-парасонік стракаты, варона, або капялюх (M. procera), і грыб-парасонік белы (M. excoriata), грыб-парасонік дзявочы (M. puellaris) — рэдкі від, адзінае месцазнаходжанне якога ў Валожынскім р-не, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сапратрофы. Растуць у лясах, на палях, лугах. Пладаносяць у чэрв. — верасні. Ядомыя.

Пладовыя целы буйныя. Шапка дыям. да 25 см, яйца- або шарападобная, у старых грыбоў распасцёртая, з бугарком, сухая, ад буравата-шараватай да белай з лусачкамі. Мякаць белая. Пласцінкі свабодныя, белыя, на ножцы звычайна зрастаюцца ў кальцо (каларыум). Ножка высокая, булавападобная, полая ці шчыльная, з рухомым кальцом. Споры падоўжаныя, белыя, гладкія.

Грыб-парасонік стракаты.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФАЛА (Grifola),

род губавых базідыяльных грыбоў сям. албатрэлавых. Вядомы 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 2 рэдкія віды: грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (G. umbellata), і грыфала кучаравая, або грыб-баран, занесеныя ў Чырв. кнігу. Паразіты. Растуць каля ствалоў дрэў, пнёў пераважна лісцевых парод, зрэдку на драўніне. Выклікаюць стрыжнёвую гніль асновы ствала і каранёвай часткі. Пладаносяць у канцы лета і восенню. Ядомыя, з добрымі смакавымі ўласцівасцямі.

У грыфале парасонавай пладовае цела дыям. да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх пянькоў з агульнай асновай. Шапкі суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невял. паглыбленнямі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, зрэдку дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Гіменафор трубчасты. Споры амаль цыліндрычныя ці верацёнападобныя.

Грыфала парасонавая.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БНІК (Crepis),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.

Зубнік балотны.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЗЮ́ЛІН ЛЁН, лугавы лён, палітрыхум (Polytrichum),

род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.

Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.

Зязюлін лён.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́РКІ (Branta),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Амерыкі, К. гавайская (B. sandvicensis) — на Гавайскіх а-вах. На Беларусі 2 віды: К. чорная (B. bemicla) трапляецца на веснавых і асенніх пралётах; К. чырвонаваллёвая (B. ruficollis) — рэдкі залётны від.

Даўж. да 90 см, маса да 2,3 кг, К. канадскай (B. canadensis) да 8 кг. Колер апярэння розны. Галава маленькая, дзюба кароткая, чорная, ногі чорныя. Добра ходзяць, плаваюць. Гняздуюцца разрэджанымі калоніямі. Гнёзды на зямлі, нясуць 3—5 яец. Кормяцца раслінамі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 1 від і 1 падвід. К. чырвонаваллёвая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. К. называюць таксама 2 віды гусей з роду Anser гусь белалобую (A albifrons) і піскульку (A. erythropus).

Казаркі: 1 — чорная; 2 — чырвонаваллёвая.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).

Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.

Г.​У.​Вынаеў.

Казлабарод усходні.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСТАНО́ГІЯ (Pinnipedia),

атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.

Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)