КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),

1) тулава чалавека, жывёліны.

2) Каркас судна.

3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.

4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.

5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).

6) К. дыпламат. — гл. Дыпламатычны корпус.

7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВЕ́Ц—КАЛІ́НІНА,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Да 1932 наз. Кругавец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 55 км на ПдУ ад г. Добруш, 83 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 1170 ж., 407 двароў (1998). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 7 км на ПдУ ад вёскі на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны Помнік Дружбы.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава на ПнУ Азербайджана ў 18—19 ст. Сталіца — г. Куба (адсюль назва). Найб. багаты і густанаселены раён Закаўказзя з важнымі гандл. партамі, якія звязвалі яго з Расіяй і Іранам. У 1758—89 на чале К.х. стаяў Фаталі-хан, які аб’яднаў прыкаспійскія землі Азербайджана да г. Ардэбіля на Пд; у 1784 заключыў саюз з груз. царом Іракліем II супраць іранскай агрэсіі. Пасля яго смерці ханства ў пач. 1790-х г. распалася, у 1806 далучана да Расіі.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),

чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.

Купрыт.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАЎЛЁЎ (Леанід Вячаслававіч) (н. 8.10.1936, Масква),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙЦЫ́Т (ад грэч. leukos белы),

мінерал групы фельдшпатоідаў, алюмасілікат калію, KAlSi2O6. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, больш за 625 °C пераходзіць у кубічную. Утварае крышталі і ўкрапіны ў пародзе. Колер белы, шэры. Бляск матавы на гранях і шкляны на ракавістым зломе. Цв. 5,5—6,0. Шчыльн. 2,4—2,5 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных пародах лейцыцітах, лейцытавых базальтах і інш. Сыравіна для вытв-сці алюмінію, паташу, калійных угнаенняў і інш. Радовішчы ў Расіі, Арменіі, Італіі, ФРГ, ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 12.2.1933, С.-Пецярбург),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1959—89 саліст Марыінскага т-ра. Сярод партый: Дасіфей, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова), Бястужаў і Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Андрэй Сакалоў («Лёс чалавека» І.​Дзяржынскага), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

У.В.Мароз.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́НА (італьян. marina ад лац. marinus марскі),

жывапісны або графічны твор з выявай марскіх відаў, караблёў; жанр пейзажа. У еўрап. мастацтве ў 17 ст. М. перажыла росквіт у творчасці галандскіх жывапісцаў Я.​Порселіса, Х.​Сегерса, сям’і ван дэ Велдэ і інш. Сярод буйнейшых мастакоў 18—19 ст., якія звярталіся да жанру М., — Ж.​Вернэ ў Францыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі, Кацусіка Хакусай у Японіі, І.​Айвазоўскі ў Расіі і інш. Мастакі, якія працуюць у жанры М., называюцца марыністамі.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́Я,

рака, правы прыток р. Алдан, у Хабараўскім краі і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1053 км, пл. басейна 171 тыс. км². Пачынаецца 2 вытокамі (Правая і Левая М.) і цячэ пераважна ў межах Юдама-Майскага нагор’я. У верхнім і сярэднім цячэнні даліна шырокая, забалочаная, у нізоўях больш вузкая. Асн. прыток — Юдама (справа). Сярэдні расход вады каля сяла Чабда 1180 м³/с. Ледастаў з 2-й палавіны кастр. да мая. Суднаходная на 547 км ад вусця.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)