ІНВЕ́РСІЯ ў геалогіі,
1) І. тэктанічная — завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі. У гэты перыяд з І. звязаны: пачатак росту горных хрыбтоў, змінанне горных парод у складкі, пранікненне магматычных інтрузій і рэгіянальны метамарфізм.
2) І. рэльефу, перавернуты рэльеф — ператварэнне рэльефу агентамі дэнудацыі з узнікненнем зваротных суадносін паміж геал. структурамі і формамі рэльефу (напр., над антыкліналямі размешчаны рачныя даліны, а над сінкліналямі горныя хрыбты).
т. 7, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРУЗІ́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя пароды, якія ўтварыліся пры застыванні магмы ў тоўшчы зямной кары ва ўмовах высокага ціску і павольнага ахаладжэння. Характарызуюцца поўнакрышт. структурай і раўнавагай мінер. асацыяцый. І.г.п. адрозніваюць абісальныя (глыбінныя, больш за 5 км) — граніты, дыярыты, габра і інш., і гіпабісальныя (прамежкавыя паміж эфузіўнымі і глыбіннымі) — габра-парфірыты, граніт-парфірыты і інш. (гл. таксама Магматычныя горныя пароды). На Беларусі разам з метамарфічнымі горнымі пародамі І.г.п. складаюць крышт. фундамент.
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́,
1) у беларусаў прыстасаванне для начной лоўлі рыбы восцямі. Мела выгляд плеценага з дроту кошыка, на якім распальвалі агонь і падвешвалі на канцы палкі, устаноўленай на носе лодкі або чоўна. Рабілі і са скляпаных паміж сабой метал. пласцінак, якія прымацоўвалі да палкі ўтулкай, на ПнЗ Беларусі — з метал. пласцін у выглядзе жолаба.
2) Сажань, драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў.
І.М.Браім.
т. 7, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАНДО́Р (франц. commandeur),
1) адно з вышэйшых званняў у сярэдневяковых духоўна-рыцарскіх ордэнах.
2) Воінскае званне афіцэраў у ваен. флотах некаторых дзяржаў. Часта ўжываецца ў спалучэнні з інш. званнем, напр., капітан-К.; у ВМФ Польшчы існуюць званні К.-падпаручнік, К.-паручнік і К.
3) У Расіі (пач. 18 — пач. 19 ст.) флоцкі чын паміж капітанам 1-га рангу і контр-адміралам.
4) Кіраўнік спарт. прабегу (аўтамаб., матацыклетнага і інш.).
т. 7, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКУРЭ́НЦЫЯ ў біялогіі,
антаганістычныя адносіны, звязаныя з барацьбой за існаванне, дамінаванне, корм, прастору і інш. паміж арганізмамі (асобінамі, відамі), якія маюць патрэбу ў адных і тых жа рэсурсах. Сітуацыя, пры якой для дзвюх асобін або відавых папуляцый недастаткова колькасці рэсурсаў асяроддзя. Забяспечваецца эвалюцыяй і прыстасавальнасцю арганізмаў, праз яе пасрэдніцтва ідзе папуляцыйны і біяцэналагічны, экалагічны адбор. Заканамернасці К. эксперыментальна выявіў сав. вучоны Г.Ф.Гаўзе (1934) у доследах з прасцейшымі аднаклетачнымі арганізмамі.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ МЭ́РЫ ЗЯМЛЯ́ (Queen Mary Land),
частка Усх. Антарктыды паміж 92°03′ і 100°04′ усх. д. Узбярэжжа—Бераг «Праўды» — абмываецца водамі мораў Дэйвіса і Моўсана. Паверхня, акрамя ўзбярэжнай часткі, укрыта ледавіком, стромка ўздымаецца ў глыбіні мацерыка да выш. 2500—3000 м. На ўзбярэжжы выхады карэнных парод. На Беразе «Праўды» з 1956 працуе рас. навук. станцыя Мірны. Адкрыта ў 1912 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй Д.Моўсана. Названа ў гонар англ. каралевы.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРКА́С (ад франц. carcasse шкілет),
касцяк, шкілет якога-небудзь вырабу, збудавання. Складаецца з асобных, змацаваных паміж сабой элементаў (стрыжняў, бэлек, калон, ферм, панэлей і інш.). Вызначае трываласць, устойлівасць, даўгавечнасць, форму вырабу (збудавання). Робіцца з металу, жалезабетону, дрэва і г.д. У буд-ве К. — нясучая канструкцыя з верт. стоек і замацаваных на іх гарыз. элементаў. Пашыраны зборныя К. з нясучымі вонкавымі агараджэннямі будынкаў і лёгкімі навяснымі панэлямі (гл. Каркасна-панэльныя канструкцыі).
т. 8, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСТЭНС ((Carstens) Асмус Якаб) (10.5.1754, г. Шлезвіг, Германія — 25.5.1798),
нямецкі жывапісец і рысавальшчык; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (паміж 1776—83). Працаваў у Любеку (1783—87), Берліне (1787—92), Рыме (1792), у 1790—92 праф. Берлінскай АМ. Творчасці ўласцівы строгая веліч і манум. яснасць кампазіцый, уплывы ант. мастацтва і жывапісу Мікеланджэла. Сярод работ: картоны «Грэчаскія правадыры ў палатцы Ахіла» (1794), «Ноч і яе дзеці» (1795), «Нараджэнне святла» і інш.
т. 8, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭЛЯЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае практычныя метады даследавання карэляцыйнай сувязі (гл. Карэляцыя ў матэм. статыстыцы) паміж дзвюма ці болей выпадковымі адзнакамі або фактарамі. Асн. прыёмы: пабудова карэляцыйнага поля і састаўленне карэляцыйнай табліцы, вылічэнне выбарачных каэфіцыентаў карэляцыі або карэляцыйных адносін, праверка стат. гіпотэзы значнасці сувязі. Метады К.а. шырока выкарыстоўваюцца ў эканоміцы (напр., пры распрацоўцы розных нарматываў на прадпрыемствах, у аналізе попыту і спажывання), у сацыялогіі і інш.
т. 8, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАРГІ́Н (Анатоль Іванавіч) (н. 26.1.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1972), праф. (1991). Скончыў БПІ (1960) і БДУ (1968). З 1960 у БПА, з 1984 заг. кафедры. Навук. працы па тэорыі рэзання і канструяванні металарэзнага абсталявання. Даследаваў сувязі паміж уласцівасцямі металаў і іх апрацавальнасцю рэзаннем.
Тв.:
Автоматы и автоматические линии. Мн., 1980;
Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991.
т. 8, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)