род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЛІЯ (Camellia),
род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.
Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЕЧНІК (Phalaris),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (акрамя Аляскі і Канады). На Беларусі як заносныя, інтрадукаваныя і здзічэлыя трапляюцца К. канарскі (Ph. canariensis) і малы (Ph. minor) каля дарог, жылля і інш.
Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі прамастойнымі ці каленчата-ўзыходнымі сцёбламі (саломінамі) выш. да 120 см. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае з гладкімі ці шурпатымі пазухамі. Кветкі (па 3) у яйцападобных каласках, сабраных у густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавая (канарэечнае семя), харч., тэхн., алейная, лек. і дэкар. расліна; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАЛА́КШСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
Размешчаны на архіпелагу ў Кандалакшскім зал. і а-вах каля Мурманскага берага Баранцавага м. ў Мурманскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1939 (на базе Кандалакшскага гагачага запаведніка 1932; у сучасных межах з 1977). Пл. 58,1 тыс.га, у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння; тэр., укрытая лесам, — 11 202 га, марская акваторыя — 40 383 га. Тундра і паўн. тайга. На ўзбярэжжах і ў лясах трапляюцца лось, буры мядзведзь, ліс, вавёрка, глушэц, цецярук, рабчык. У моры звычайная нерпа, шэры цюлень і інш. Птушыныя базары, гняздоўі rari і 43 іншых відаў птушак. Музей прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НТЭ ФЛАМЕ́НКА (ісп. cante flamenco),
група сольных песень і танцаў Паўд. Іспаніі, а таксама стыль іх выканання. Радзіма К.ф. — Андалусія. Характэрны любоўны змест, асаблівы эмацыянальны стыль спеваў (найб.стараж. пласт наз. кантэ хонда — «глыбінныя спевы»), разнастайнасць рытмаў (прышчоўкванне пальцамі, дробнае прыстукванне абцасамі — сапатэада, суправаджэнне на кастаньетах; гал.муз. інструмент — гітара). Сярод асн.відаў — тона, пала, сігірыя, салеарэс, фанданга). Вядома з глыбокай старажытнасці. Пашырылася з узнікненнем спец. артыстычных кафэ (першае ў Севільі, 1842). Масавае пашырэнне набыло з 1870-х г. (1870—1920-я г.наз. «залатой эпохай» К.ф.). Стыль К.ф. выкарыстоўвалі ў творчасці многія кампазітары (М. дэ Фалья і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПЕРСЫ, каперцы,
капорцы (Capparis),
род кветкавых раслін сям. каперсавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. Растуць найчасцей у засушлівых месцах. Найб. вядомыя К.: травяністыя (C. herbacea) і калючыя (C. spinosa).
Дрэвы, кусты, паўкусты і шматгадовыя травы. Лісце простае, чаргаванае з прылісткамі ў выглядае калючак. Кветкі (4—8 см у дыяметры), двухполыя, зігаморфныя, белыя, ружовыя, чырв., жоўтыя і інш. колераў, з вял. колькасцю тычынак. Плод — струкападобная сакавітая ягада. Харч. (кветкавыя бутоны, маладыя плады, верхавінкі парасткаў спажываюць у ежу), кармавыя, лек., фарбавальныя, алейныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКА́ЦІЦЫ, сепіі (Sepiida),
атрад галаваногіх малюскаў. 5 сям., 20 родаў, больш за 150 відаў, з якіх каля 90 у родзе сапр. К. (Sepia). Пашыраны ў морах тропікаў і субтропікаў. Жывуць каля дна ці ў тоўшчы вады, да глыб. 1000 м. Характэрная асаблівасць К. — наяўнасць чарнільнага мяшка.
Даўж. ад 1 да 60 см, маса да 12 кг. Сапр. К. маюць вапнавую ракавіну — сепіён, у інш. (акрамя спірулы) яна рагавая або адсутнічае. 10 канечнасцей з прысоскамі. Здольныя мяняць афарбоўку цела. У некат. ёсць органы свячэння. Размнажаюцца адкладкай яец. Драпежнікі; кормяцца ракападобнымі, рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СТАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Sarcoptoidea),
надсямейства паразітычных членістаногіх з групы акарыдый атр. акарыформных кляшчоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі Паразітуюць на паверхні і ў верхніх слаях скуры млекакормячых жывёл і чалавека. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў Acarus, Psoroptes, Chorioptes.
Даўж. 0,1—1 мм, самкі большыя за самцоў. Цела круглаватае, выпуклае на спіне 4 пары кароткіх ног з прысоскамі або шчацінкамі. Ротавы апарат грызучага тыпу Адкладваюць яйцы ці нараджаюць лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем Узбуджальнікі каросты, саркаптозу, кмемідакаптозу, псараптозу, харыяптозу і інш. хвароб. У чалавека каросту выклікае К.к. (Sarcoptes scabiei, або Acarus siro).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),
атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.
Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.