ТО́НГА (Tonga), Каралеўства Тонга (танганскае Pule’anga Fakatu’i ’o Tonga, англ. Kingdom of Tonga),
дзяржава на аднайм. астравах на ПдЗ Ціхага акіяна. Пл. 748 км². Нас. 102,3 тыс.чал. (2002). Дзярж. мовы — танганская і англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Нукуалофа на в-ве Тангатапу. Краіна падзяляецца на 5 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць. Дзейнічае канстытуцыя 1875 (з папраўкамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчы орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея (30 членаў: кароль, члены кабінета міністраў і асабістага савета караля, 9 членаў, якіх выбірае знаць, і 9 членаў, якіх выбірае насельніцтва на 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць кароль і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Астравы вулканічныя (выш.да 1030 м, в-аў Као) і каралавыя (выш. некалькі м, некат. прыўзнятыя да 200 м). Найб.в-аў Тангатапу, пл. 257 км². Клімат трапічны марскі. Сярэднямесячныя т-ры ад 26 °C (люты) да 20 °C (жнівень). Ападкаў каля 2000 мм за год, на схілах гор да 3000 мм. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. На асобных астравах ёсць рэкі і ручаі, захаваліся трапічныя лясы (11% тэр.) з дрэвападобных папарацей, пальмаў, панданусаў. Жывёльны свет збеднены (пацукі, мышы, кажаны). Шмат птушак. Мора багатае рыбай, чарапахамі, малюскамі. Ёсць прыродаахоўныя рэзерваты.
Насельніцтва. Больш за 98% складаюць танганцы — адзін з палінезійскіх народаў. Жывуць невял. групы метысаў, палінезійцаў з інш. астравоў, еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты, ёсць католікі (16%) і мармоны (14%). Сярэднегадавы прырост 1,91% (2000) Сярэдняя шчыльн. 136,8 чал. на 1 км². З 150 астравоў заселены 45. Каля 68 тыс.чал. жыве на в-ве Тангатапу, дзе шчыльн. дасягае 264 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 43% (1997). У г. Нукуалофа каля 40 тыс.ж. (1998). 65% самадзейнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, марскіх промыслах. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю, Аўстралію і ЗША.
Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі ў 2-м тыс.дан.э. У 10 ст.н.э. на Т. ўсталявалася ўлада правадыроў-жрацоў туі-тонга; у 15 ст.рэліг. і свецкая ўлады падзелены. У 1616 галандскія мараплаўцы В.Схаўтэн і Я.Лемер адкрылі 1-я з а-воў Т.; у 1643 А.Я.Тасман адкрыў буйнейшы з іх — Тангатапу; у 1773—74 Т. даследаваў Дж.Кук, які назваў іх а-вамі Таварыства. У 1797 на Т. з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1831 яны схілілі ў хрысціянства правадыра а-воў Вавау — Таўфа’ахау Тупоу, які аб’яднаў пад сваёй уладай усе а-вы Т. і абвясціў сябе каралём Т. пад імем Георга Тупоу I [1845—93]. У 1875 прынята канстытуцыя Т., створаны парламент, значную частку якога складаюць прадстаўнікі традыц. арыстакратыі.
У 1900 Вялікабрытанія навязала каралю Георгу Тупоу II [1893—1918] дагавор, які ператварыў Т. ў брыт. пратэктарат. Новы дагавор 1958 даў Т. права знешнеэканам. зносін. У 1968 брыт. ўрад заключыў дагавор з каралём Таўфа’ахау Тупоу IV [з 1966] пра пераход Т. да незалежнасці; 4.7.1970 абвешчана незалежнасць. На Т. дзейнічае адна паліт. партыя — Нар. партыя.
Гаспадарка. Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 1720 дол. (1999). 32,1% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 7,8% — у прам-сці і буд-ве, 7,3% — на транспарце і ў сувязі, 11% — у гандлі, рэстаранах і атэлях, 41,8% — у інш. абслуговых галінах. Гал. галіна — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 61,3 тыс.га, у т. л. пад ворывам 18 тыс.га, пад шматгадовымі насаджэннямі 38,8 тыс.га, пад пашай 4,5 тыс.га. Значная частка зямель належыць каралеўскай сям’і і спадчыннай арыстакратыі, якія здаюць яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць гаспадаркі пл.да 3 га. Штогадовы збор асн. культур (тыс.т.): какосавых арэхаў — каля 125, бананаў — каля 5, батату — 80, маніёку — 12, апельсінаў — 3, памідораў — 2. Асн. экспартныя культуры — какосавыя арэхі і бананы, а таксама какава, кава, ваніль, імбір, чорны перац, цытрусавыя, арахіс, манга, ананасы. Асн.харч. культуры — батат, маніёк, ямс, тара, хлебнае дрэва, кукуруза, рыс, бахчавыя, агародніна. У краіне каля 6 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 8 тыс. коней, 80 тыс. свіней, 10 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 270 тыс. курэй). Рыбалоўства (каля 2—3 тыс.т рыбы штогод). Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, пашыве адзення, выпуску спарт. абсталявання, зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў міні-экскаватараў. Вытв-сць электраэнергіі 35 млн.кВт∙гадз (1999). Развіты саматужныя рамёствы і промыслы: выраб нац. тканін і адзення, цыновак, сувеніраў. Транспарт аўтамаб. і марскі. Аўтадарог 680 км, у т. л. 184 км з цвёрдым пакрыццём, 3,4 тыс. легкавых, 3,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1996). Астравы злучаны паміж сабой рэйсамі невял. суднаў. Гал. порт Нукуалофа. 6 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Тангатапу. У 1998 экспарт склаў 8 млн.дол., імпарт — 69 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра, бананы, кава, какава, ваніль, рыба, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, нафтапрадукты. Замежны турызм (у 1997/98—26,2 тыс.чал. пераважна з Новай Зеландыі, ЗША, Аўстраліі) і грашовыя пераводы грамадзян Т. з-за мяжы з’яўляюцца важнымі крыніцамі даходаў. Грашовая адзінка — паанга.
Літ.:
Малаховский К.В. Под Южным Крестом. М., 1974.
Герб і сцяг Тонга.Даарт.Тонга. У танганскай вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЖЫ (Fiji), Рэспубліка Фіджы (Republic of Fiji),
дзяржава ў Акіяніі, у паўд.-зах.ч. Ціхага ак., на а-вах Фіджы. Пл. 18,3 тыс.км². Нас. 832,5 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Сува на в-ве Віты-Леву. Падзяляецца на 4 акругі. Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца фіджыйская і хіндустані. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990 (з папраўкамі 1998). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (палата прадстаўнікоў — 71 член, сенат — 32 сенатары, з іх 14 члены Вял. Савета Правадыроў, якія выбіраюць прэзідэнта). Члены сената назначаюцца. Частка месцаў у парламенце размяркоўваецца прапарцыянальна сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей (у т. л. 23 зарэзервавана для фіджыйцаў, 19 для індусаў), другая частка выбіраецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Архіпелаг Ф. складаецца з 332 астравоў, найб. Віты-Леву (10,6 тыс.км²) і Вануа-Леву (5,8 тыс.км²). Большасць астравоў вулканічнага паходжання. У рэльефе пераважаюць плато, перасечаныя горнымі хрыбтамі (г. Томаніві, выш.да 1323 м, в-аў Віты-Леву). Уздоўж узбярэжжаў — вузкія раўніны; берагі амаль усіх астравоў акаймаваны каралавымі рыфамі, шмат лагун і заліваў. Карысныя выкапні: золата, серабро, баксіты, медныя і марганцавыя руды, вапнякі. Клімат трапічны акіянічны, вільготны, частыя ўраганы. Сярэднямесячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў ад 1700 да 3500 мм за год (на паўд.-ўсх. наветраных схілах). Глебы чырваназёмныя. Паўд.-ўсх. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (сандалавае, цікавае, чырвонае), на падветраных схілах пераважае саванна. Жывёльны свет бедны. Шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 51% насельніцтва складаюць фіджыйцы (пераважна нашчадкі шлюбаў меланезійцаў і палінезійцаў), 44% — індусы, 5% — еўрапейцы, кітайцы і інш. Вернікі хрысціяне (метадысты і католікі 52%), індуісты (38%), мусульмане (8%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 45,5 чал. на 1 км². Каля 110 астравоў ненаселены. Сярэднегадавы натуральны прырост 1,8%. Гар. насельніцтва 49%. Гал. горад — Сува (167,4 тыс.ж. з прыгарадамі, 1996). У сельскай гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 35%, у абслуговых галінах 21%.
Гаспадарка. Ф. — адна з найб. эканамічна развітых краін Акіяніі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 5,4 млрд.дол. (6,7 тыс.дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і турызм. У сельскай гаспадарцы ствараецца каля 20% ВУП. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 10% тэр.Асн. экспартуемыя культуры: цукр. трыснёг (пл. 73,3 тыс.га, збор 3280 тыс.т), какосавая пальма (11,2 тыс.т копры), імбір (1,1 тыс.т). Гал.харч. культуры: рыс (17 тыс.т), кукуруза, сорга, какава (2,4 тыс.т), ананасы, бананы, цытрусавыя і інш. Гадуюць (тыс. галоў, 1997) буйн. раг. жывёлу (344), коз (235), свіней (112). Развіта птушкагадоўля (3,9 млн. галоў). Улоў рыбы 36,4 тыс.т (1999). Нарыхтоўка каштоўных гатункаў драўніны (511 тыс.м³). Здабыча золата (каля 1,5 т штогод), серабра, вапняку. Вытв-сць электраэнергіі 550 млн.кВт∙гадз (80% на ГЭС, 20% на ЦЭС). Апрацоўчая прам-сць (10% ВУП) прадстаўлена прадпрыемствамі лёгкай прам-сці (вытв-сць адзення, абутку, трыкат. вырабаў), па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, копры, алею, піва, цыгарэт, рысаачыстка) і вэнджання рыбы. Ёсць з-ды па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэмент, буд. дэталі, дахавы матэрыял), фанеры і запалак, мылаварная ф-ка, суднарамонтныя майстэрні. Турызм — другая па значнасці галіна гаспадаркі. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 360 тыс. турыстаў (пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі). У 1998 даход ад турызму склаў 266 млн. долараў. Даўж. чыгункі 597 км, аўтадарог 3440 км, у т. л. 1692 км з цвёрдым пакрыццём. У краіне 30 тыс. легкавых і 29 тыс. грузавых аўтамабіляў. Гал. парты: Ламбаса, Лаўтока, Левука, Савусаву, Сува. 25 аэрапортаў. Экспарт (393 млн.дол., 1998) цукру, адзення, золата, рыбы, драўніны, імпарт (612 млн.дол., 1998) машын і трансп. абсталявання, нафтапрадуктаў, харч. вырабаў, хімікатаў. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, ЗША, дзяржавы Акіяніі. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі, Еўрап. фонду развіцця, ААН і інш. Грашовая адзінка — фіджыйскі долар.
Гісторыя. Ф. заселены меланезійцамі ў 2-м тыс.дан.э. Першым з еўрапейцаў Ф. наведаў у 1643 галандскі мараплавец А.Я.Тасман, у 1774 іх даследаваў англ. мараплавец Дж.Кук. У 1835 тут з’явіліся амер. місіянеры-метадысты, пры падтрымцы якіх правадыр в-ва Мбаў — Какамбаў аб’яднаў увесь архіпелаг і ў 1857 абвясціў сябе каралём Ф. У 1874 англічане прымусілі яго прызнаць брыт. пратэктарат над Ф. Для працы на плантацыях цукр. трыснягу пачаўся масавы ўвоз насельніцтва з Індыі, якое да 1950-х г. складала больш за палавіну насельніцтва Ф. 10.10.1970 абвешчана незалежнасць Ф. ў складзе Садружнасці і прынята канстытуцыя. Да нашага часу вострай унутрыпаліт. праблемай Ф. застаюцца адносіны паміж індусамі і карэннымі фіджыйцамі. Перамога інд. партый на выбарах 1987 прывяла да 2 ваен. пераваротаў, у выніку якіх 1.10.1987 Ф. абвешчаны рэспублікай і выйшлі з Садружнасці (адноўлены ў 1997); шмат індусаў выехала з краіны. Канстытуцыя 1990 замацавала за карэннымі фіджыйцамі большасць у парламенце. З 1998 дзейнічаюць новыя папраўкі да канстытуцыі, якія павялічылі норму этн. прадстаўніцтва індусаў у парламенце. На Ф. дзейнічаюць паліт. партыі: Фіджыйская паліт. партыя, Усеагульная партыя выбаршчыкаў, Нац. федэратыўная партыя. Ф. — чл.ААН (з 1970), Садружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАБА́РАЎСКІ КРАЙ.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Д. Усходу, у Рас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Утвораны 20.10.1938. Пл. 788,6 тыс.км². Нас. 1486 тыс.чал. (2002), гарадскога 81%. Сярэдняя шчыльн. 1,9 чал. на 1 км², найб. на Пд. Жывуць рускія (86,4%), украінцы (6,2%) народнасці Поўначы (нанайцы, эвенкі, ульчы, ніўхі, эвены — 1,5%). беларусы (1,1%), татары (1%) і інш. Цэнтр — г.Хабараўск. Найб. гарады: Камсамольск-на-Амуры, Амурск, Нікалаеўск-на-Амуры. Савецкая Гавань.
Прырода. Марское ўзбярэжжа парэзана слаба, толькі на ПдЗ Ахоцкага м. Удская губа, залівы Тугурскі, Акадэміі. Сахалінскі. Каля 3/4 тэр. займаюць горы і пласкагор’і (выш. 500—2500 м). На ПдЗ хрыбты Турана, Бурэінскі. Баджальскі, на ПдУ горная сістэма Сіхатэ-Алінь (выш.да 2077 м), у цэнтр. частцы хрыбты Джагды, Селемджынскі. Станавы. на Пнхр. Сунтар-Хаята (выш.да 2933 м), уздоўж узбярэжжа Ахоцкага м. хрыбты Прыбярэжны, Ульінскі, Джугджур, на ПнЗ Юдама-Майскае нагор’е. Нізіны: Ніжне- і Сярэднеамурская, Эварон-Тугурская, Ахоцкая. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, нафта і газ, руды комплексныя алавяныя (змяшчаюць медзь, серабро, вальфрам, вісмут), тытанавыя, берыліевыя, цырконіевыя, жал., марганцавыя. золата, серабро, плаціна, апатыты, фасфарыты, цэаліты, самацветы (агат. яшма, халцэдон). Крыніцы тэрмальных і мінер. вод. Клімат мусонны з халоднай зімой і вільготным цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ва ўнутр. раёнах ад -22 °C на Пдда -40 °C на Пн, на ўзбярэжжы ад -18 °Cда -24 °C; ліп. ад 15 °C на Пнда 20 °C на Пд. Ападкаў за год 400—600 мм на Пн, 600—800 мм на Пд, больш за 1000 мм на ўсх. схілах Сіхатэ-Аліня. На Пн пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рака Амур (у межах краю больш за 1 тыс.км) з прытокамі Бурэя, Кур, Амгунь, Усуры, Тунгуска, Анюй; дабас. Японскага м. належаць Тумнін, Копі; дабас. Ахоцкага м. — Тугур, Таром, Уда, Улья, Урак, Ахота, Іня; дабас.р. Лена — Мая, Учур. Каля 55 тыс. азёр (найб. Болань, Чукчагірскае, Удыль). Глебы дзярнова-падзолістыя. на раўнінах лугава-балотныя, балотныя, на Пд — бура-таежныя, на Пн — горна-таежныя і горна-тундравыя. Пад лесам 78,8% тэр. Пераважаюць хвойныя лясы: на Пн, ПнЗ і У светлахвойныя (даурская лістоўніца) і цемнахвойныя (аянская елка і белакорая піхта), на Пд і Сярэднеамурскай нізіне — мяшаныя кедрава-шыракалістыя (карэйскі кедр, маньчжурскі ясень і арэх, клёны, мангольскі дуб, амурскі аксаміт). Шмат ліян (амурскі вінаград, лімоннік), унікальных лекавых раслін (жэньшэнь, элеўтэракок, аралія, заманіха). Жывёльны свет разнастайны. У хвойных лясах водзяцца лось, ізюбр, дзік, казуля, кабарга, собаль, каланок і інш., на крайняй Пн — паўн. алень, гарнастай, расамаха, на Пд і ПдУ — рысь, чорны (гімалайскі) мядзведзь, усурыйскі тыгр, амер. норка. Шмат птушак. У рэках і азёрах больш за 100 відаў рыб, у т. л. асятровыя. Моры багатыя рыбай і морапрадуктамі. Прамысл. значэнне маюць селядзец, ласасёвыя, навага, камбала, палтус, мінтай, крабы, кальмары, трэпангі, малюскі, водарасці. Запаведнікі: Бурэінскі, Ботчынскі, Вялікахехцырскі, Джугджурскі, Камсамольскі.
Гаспадарка. Х.к. — важны індустр. рэгіён Д. Усходу Расіі. У валавым рэгіянальным прадукце на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 36%, сельскай гаспадаркі — 5%. Гал. галіна — машынабудаванне і металаапрацоўка (47,8% кошту прамысл. прадукцыі, 2001) выпускае дызельныя рухавікі, кабель, самалёты, марскія судны, маставыя краны, станкі, акумулятары, радыятары, тэлевізары; асн. цэнтры Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры. Паліўная прам-сць (5%) прадстаўлена здабычай і перапрацоўкай нафты (6,6 млн.т, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры), здабычай вугалю (2,3 млн.т, Бурэінскі вугальны бас.). Вытв-сць электраэнергіі 7,5 млрд.кВт∙гадз (2001). Каляровая металургія (8,6%) спецыялізуецца на здабычы і абагачэнні золата, волава, медзі і інш. Чорная металургія (вытв-сць сталі 218 тыс.т, пракату 209 тыс.т) у Камсамольску-на-Амуры. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць дзелавой драўніны 6,6 млн.м³, піламатэрыялаў 0,3 млн.м³, мэблі, кардону, паперы ў Хабараўску, Камсамольску-на-Амуры, Амурску, Бікіне, Вяземскім. Хім. (вытв-сць сернай к-ты, мыйных сродкаў і інш.) і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Ахоцку, Хабараўску. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. З галін харч. прам-сці (11%) вылучаецца рыбная (улоў рыбы і здабыча морапрадуктаў 180 тыс.т, выпуск харч. прадукцыі 115 тыс.т); асн. цэнтры Савецкая Гавань, Ахоцк, Нікалаеўск-на-Амуры. Развіты мукамольная, малочнамясная, алейная галіны. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, кукуруза), тэхн. (соя) культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пл.с.-г. угоддзяў (тыс.га) 695,5, у т. л. пад ворывам — 131,7, сенажацямі — 410,3, пашай — 124,7, шматгадовымі насаджэннямі — 24,3 і інш. — 4,5. Больш за 20 млн.га пад пашай для паўн. аленяў. Асн. ворныя землі на Пд. Збор (тыс.т, 2000): збожжа — 24,1, бульбы — 323,6, агародніны — 137,5, соі — 7. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 66,5, свіней — 71,8, авечак і коз —6,5. Птушкагадоўля. Прамысл. паляванне (собаль, вавёрка) і зверагадоўля (норка). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2307 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4492 км. Гал. чыгункі — ч. Транссібірскай і Байкала-Амурскай магістралей. Аўтадарогі з Хабараўска на Бірабіджан, Уладзівасток, Камсамольск-на-Амуры. Суднаходства па р. Амур і яе прытоках Тунгуска, Усуры, Амгунь. Буйныя рачныя парты: Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры. Паромная пераправа Ваніна—Холмск (Сахалінская вобл.). Марскія парты: Ваніна, Нікалаеўск-на-Амуры, Ахоцк. Буйны аэрапорт Хабараўск. Нафтаправод Аха (Сахалінская вобл.) — Камсамольск-на-Амуры. Курорт Анінскія Мінер. Воды, Кульдур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Такое раянаванне выконваюць па назіраемых гравітацыйных і магнітных анамальных палях або паводле комплексу геафізічных характарыстык для вырашэння тэктанічных задач. У 1937 рас. вучоны А.Дз.Архангельскі з групай геафізікаў устанавіў, што ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы, у т. л.тэр. Беларусі, распасціранне восей лінейных магнітных анамалій пераважна адпавядае напрамкам пашырэння метамарфічных тоўшчаў на ўзроўні дакембрыйскага эразійнага зрэзу, а буйныя блокі характарызуюцца аднароднай структурай магнітнага поля. Пазней таксама было высветлена, што разломы ў зямной кары прымеркаваны да ланцужкоў гравітацыйных і магнітных анамалій, да месцаў рэзкага зруху ізаліній геафізічных палёў, «зразання» аднаго поля другім, да градыентных палос і інш. Гэтыя заканамернасці выкарыстоўваюць пры геафізічным раянаванні і цяпер.
Геафізічнае раянаванне тэр. Беларусі паводле тыпаў зямной кары праведзена ў 1986 (удакладнена ў 2003) творчым калектывам у складзе Г.І.Каратаева (Інстытут геалагічных навук Нац.АН Беларусі), І.У.Данкевіча (Геафізічная экспедыцыя РУП «Белгеалогія») і І.К.Пашкевіч (Інстытут геафізікі Нац.АН Украіны). Напачатку на падставе аналізу комплексу геафізічных і геалагічных даных на тэр. Украінскага шчыта і суседніх абласцей была распрацавана паслядоўнасць тыпаў глыбіннай будовы зямной кары, якія адзначаліся пэўнымі прыкметамі геафізічных палёў; паводле комплексу гэтых прыкмет на тэр. Беларусі былі вылучаны геафізічныя тыпы глыбіннай будовы зямной кары, паводле якіх праведзена раянаванне. Паслядоўнасць геафізічных тыпаў будовы зямной кары ўключае 5 галоўных тыпаў A→B→C→D→E і 2 пазасістэмныя тыпы F і G.
Тып A характарызуецца параметрамі: магутнасць ніжняга слоя (b) значна большая за магутнасць сярэдняга (d) і верхняга (g) слаёў, b>>d, b>>g; магутнасць зямной кары большая за 55 км; паверхня Моха ўтварае вялікую ўпадзіну з амплітудай каля 15 км; высокая намагнічанасць рэчыва ніжняй часткі зямной кары больш за 4,5 А/м, шчыльнасць 2,95—3,05 г/см³. У магнітным полі назіраецца рэгіянальная інтэнсіўная дадатная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна дадатнае, насычана дробнымі анамаліямі рознай, зрэдку аднолькавай арыентацыі. Гравітацыйнае поле характарызуецца рэгіянальнымі інтэнсіўнымі дадатнымі або адмоўнымі анамаліямі, лакальнае — рознаарыентаванымі, радзей лінейнымі дадатнымі ці адмоўнымі анамаліямі. Аналагі — Гайсінскі і Вінніцкі блокі Украінскага шчыта.
Тып B: b>d, b>g; магутнасць зямной кары каля 55 км; паверхня Моха ўтварае ўпадзіну з амплітудай каля 10—12 км з горстападобнай лакальнай структурай у цэнтральнай частцы; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй частцы кары каля 4 А/м, шчыльнасць 3—3,15 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная дадатная анамалія ўмеранай інтэнсіўнасці, лакальнае поле рэзка дыферэнцыравана, пераважна дадатнае; гравітацыйнае рэгіянальнае поле расплывістае, лакальныя анамаліі рознай формы і арыентацыі дадатныя і адмоўныя. Аналаг — Наваград-Валынскі блок Украінскага шчыта.
Тып С: b≈d, b≈g; магутнасць зямной кары каля 50 км; паверхня Моха мае ступеньчаты характар з амплітудамі да 15 км; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй яе частцы каля 3 А/м, шчыльнасць 2,82—2,97 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная адмоўная анамалія сярэдняй інтэнсіўнасці, лакальнае поле выражана рэдкімі слабаінтэнсіўнымі дадатнымі і адмоўнымі анамаліямі; гравітацыйнае поле рэгіянальнае адмоўнае слабай інтэнсіўнасці, лакальныя анамаліі рознаарыентаваныя, рознай інтэнсіўнасці з пераменным знакам сілы цяжару. Аналаг — Прыдняпроўскі блок Украінскага шчыта.
Тып D: b<d, b<g; магутнасць зямной кары каля 45 км; паверхня Моха субгарызантальная, пакатая, магчымы ступені вышынёй да 5 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі ўмераная — каля 2 А/м, шчыльнасць 3—3,1 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная анамалія інтэнсіўна адмоўная (больш за 200 нТл), лакальнае поле выражана дадатнымі і адмоўнымі больш дробнымі анамаліямі слабай інтэнсіўнасці; гравітацыйнае поле — адмоўная рэгіянальная анамалія сілы цяжару, лакальнае поле — шмат адмоўных больш дробных анамалій. Аналаг — Кіраваградскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е: b<<d, b<<g; магутнасць зямной кары менш за 40 км; паверхня Моха ўтварае падняцце з амплітудай 8—10 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі слабая — да 0,5 А/м, шчыльнасць каля 3 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна адмоўныя і дадатныя больш дробныя анамаліі рознай формы, прымеркаваныя да перыферыі рэгіянальнай анамаліі; у гравітацыйным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — хаатычна раскіданыя адмоўныя анамаліі. Аналаг — Корасценскі блок Украінскага шчыта.
Тып Е анамальнай кары са слоем «кора-мантыйнай сумесі». Характарызуецца блізкімі паводле значэння магутнасцямі верхняга, сярэдняга і ніжняга слаёў кары і дзвюма паверхнямі Моха, якія залягаюць на глыбінях 50—53 км (ранняга фарміравання) і 35—40 км (позняга фарміравання), Тып кары адпавядае палеарыфтавым структурам. Аналаг — Прыпяцкі прагін.
Тып G характарызуе зямную кару шыўных зон (напр., Заходне-Інгулецкай, Заходне-Прыазоўскай, Львоўскай). Магутнасць кары 40—55 км, магутнасці ніжняга і сярэдняга слаёў прыблізна аднолькавыя, ступені ў паверхні Моха з амплітудай 5—15 км; намагнічанасць яе ніжніх слаёў да 5 А/ м і больш; шчыльнасць 2,95—3,07 г/см³; рэчыўны састаў нізоў кары — базальтоідны.
Сейсмагеалагічнае раянаванне тэр. Прыпяцкага прагіну выконвалася калектывам геолагаў і геафізікаў пад кіраўніцтвам Р.Г.Гарэцкага з канца 1980-х г. на падставе расчлянення часавага сейсмічнага разрэзу на сейсмагеалагічныя комплексы, якія характарызуюцца літалагічнай аднароднасцю, пэўнымі значэннямі пластавых скарасцей сейсмічных хваль і спецыфічнай структурай хвалевай карціны. Беларускія сейсмаразведчыкі І.Дз.Кудравец і С.В.Клушын (РУП «Белгеалогія») вылучылі ў разрэзе платформавага чахла Прыпяцкага прагіну сейсмагеалагічныя комплексы: падсалявыя ніжні (тэрыгенны) і верхні, ніжнесалявы, міжсалявы, верхнесалявыя ніжні і верхні, надсалявы; даследавалі іх распасціранне на тэр. Прыпяцкага прагіну і звязаныя з імі карысныя выкапні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НА Францыск (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове дакн. «Выхад» і інш.). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац., паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя дакн. «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В. Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама даарт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Даарт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Даарт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Даарт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Даарт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́З, ікона,
1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.
2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл.Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.
Першыя абразы вядомы з 2 ст.н.э.Найб.стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.Рублёў, Феафан Грэк).
На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст.Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.
Літ.:
Гл. пры арт.Іканапіс.
А.А.Ярашэвіч.
Даарт.Абраз. А.Рублёў. Спас. 1420-я гады.Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ТУРБІ́НА, гідратурбіна,
лопасцевы гідраўлічны рухавік, які пераўтварае мех. энергію патоку вады ў энергію вярчальнага вала. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя турбіны (свабоднаструменныя) і рэактыўныя турбіны (напорнаструменныя), паводле размяшчэння вала рабочага кола — на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя. Выкарыстоўваюцца пераважна на гідраэлектрычных станцыях для прывода гідрагенератара (спалучаныя з ім гідраўлічныя турбіны наз.гідраагрэгатамі).
Актыўныя гідраўлічныя турбіны падзяляюцца на каўшовыя, нахіленаструменныя і двухкратныя. У каўшовых гідраўлічных турбінах рабочым колам з’яўляецца дыск, па акружнасці якога размешчаны лопасці ў выглядзе падвойных каўшоў. Накіравальным апаратам (адным або некалькімі сопламі) струмень вады пад атм. ціскам з вял. скорасцю падаецца на лопасці (каўшы) і з малой скорасцю зыходзіць з кола. Бываюць з верт. або гарыз. валам. Магутнасцю да 250 МВт, рабочы напор 40—2000 м. Рэактыўныя гідраўлічныя турбіны паводле напрамку руху вады ў рабочым коле падзяляюцца на восевыя (паваротна-лопасцевыя, прапелерныя) і нявосевыя (радыяльна-восевыя, дыяганальныя). Маюць турбінную (спіральную) камеру (забяспечвае раўнамернае паступленне вады па ўсім контуры накіравальнага апарата), накіравальны апарат з прафіляванымі лапаткамі (рэгулюе расход вады), рабочае кола з паваротнымі або нерухомымі лопасцямі (яго вал злучаны з валам эл. генератара), адсмоктвальную трубу (змяншае скорасць вады, што паляпшае выкарыстанне энергіі вадзянога патоку). Магутнасць паваротна-лопасцевых гідраўлічных турбін да 250 МВт, рабочы напор 2—70 м; дыяганальных адпаведна да 350 МВт, 40—120 м; радыяльна-восевых — да 800 МВт і болей, 2—600 м.
Разнавіднасцю гідраўлічнай турбіны было вадзяное кола, вядомае са старажытнасці. Першая рэактыўная гідраўлічная турбіна вынайдзена франц.інж. Б.Фурнеронам у 1827, радыяльна-восевая — амер.інж. Дж.Фрэнсісам у 1855, актыўная каўшовая — амер.інж. А.Пелтанам у 1889, паваротна-лопасцевая — аўстр.інж. В.Капланам у 1913. Вытв-сць гідраўлічных турбін у б.СССР наладжана ў 1924. Найб. вядомыя гідраўлічныя турбіны фірмаў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. На Беларусі малыя гідраўлічныя турбіны выпускаў у 1949—58 Бабруйскі маш.-буд.з-д. ГЭС Беларусі абсталяваны верт. і гарыз. радыяльна-восевымі гідраўлічнымі турбінамі. Перспектыўныя турбіны малой (10—50 кВт) магутнасці з рабочым напорам 2—5 м.
Я.П.Забела.
Схема асноўных тыпаў гідраўлічных турбін: а — актыўнай каўшовай (1 — трубаправод паступлення вады, 2 — сапло, 3 — рабочае кола з каўшамі); б — рэактыўнай паваротна-лопасцевай (1 — рабочае кола з паваротнымі лопасцямі, 2 — накіравальны апарат, 3 — вал); в — рэактыўнай радыяльна-восевай (1 — ротар з нерухомымі лопасцямі, 2 — турбінная камера, 3 — вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,
хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.
У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл.Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр.бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн.фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць давял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз.эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл.Пластычныя масы).
Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць дак-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIIВаза
(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл.Уладзіслаў IV Ваза). ДаДэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап.паліт. жыцці 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗВЯЗДА́»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нац. сходу і СМ Рэспублікі Беларусь. Першы нумар выйшаў 27.7(9.8).1917 у Мінску на рус. мове, з 1925 матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах, са жн. 1927 — на бел. мове. Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастр. 1917 — Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б). Арганізатары і першыя рэдактары В.Г.Кнорын, К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, В.В.Фамін, М.В.Фрунзе. Двойчы забаранялася Часовым урадам, але выходзіла пад назвамі: з 15(28).9.1917 «Молот», з 8(21).10.1917 «Буревестник», з 1(14).11.1917 пад назвай «Звезда». Рэзка крытыкавала пазіцыі Часовага ўрада, прапагандавала праграму РСДРП(б), змяшчала матэрыялы з’ездаў і канферэнцый бальшавікоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 асн.ідэалаг. і прапагандысцкі орган бальшавіцкай партыі. У сувязі з акупацыяй Беларусі германскімі войскамі з лют. 1918 выдавалася ў Смаленску як газета Паўн.-Зах.абл. і Смаленскага губ. к-таў РКП(б). Са снеж. 1918 зноў пачала выходзіць у Мінску. 3 сак. 1919 орган ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, 1—19.4.1919 выходзіла ў Вільні, з 1.5 да 8.8.1919 — зноў у Мінску. У час польскай акупацыі Беларусі з восені 1919 выдавалася ў Смаленску, штотыднёвік, з 8.8.1920 — у Мінску. У 1920—30-я г.асн. ўвагу аддавала дзейнасці камуніст. партыі, асвятляла пытанні калектывізацыі, індустрыялізацыі, культ.буд-ва. У пач.Вял.Айч. вайны ў выніку акупацыі Мінска выдавалася ў Магілёве, Гомелі (да 13.8.1941). У маі—вер. 1942 выдавалася нелегальна як орган Мінскага падп.к-таКП(б)Б (выйшлі 4 нумары); з 27.1.1943 да 1.7.1944 выдавалася ў зоне дыслакацыі партыз. злучэнняў на Міншчыне як орган ЦККП(б)Б і Мінскага абкома КП(б)Б (выйшлі 93 нумары). З 10.7.1944 выдаецца ў Мінску, да жніўня 1991 орган ЦККПБ, Вярх. Савета і СМБССР. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Змяшчае заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па праблемах маралі, права, навукі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, навіны спорту. У 1993—94 выдавала дадатак «Чарнобыль», з 1995 — дадатак «Экалогія — чалавек».
Літ.:
Булацкий Г.В. Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933—1937). Мн., 1960;
Дастанка М.Е. Газета «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 — май 1945 гг.). Мн., 1970;